Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік сайта 1863x.com: Найхутчэй, мяне перасьледавала ФСБ


Скрыншот з сайту 1863x.com
Скрыншот з сайту 1863x.com

«А вылічылі па геалякацыі», — ананімны стваральнік скандальнага рэсурсу http://1863x.com/ Джон Сільвер распавядае, што за ім сачыў падазроны аўтамабіль, ён месяц жыў у электрычках і не карыстаўся мабільнымі тэлефонамі і інтэрнэтам.

З 4 траўня Джон Сільвер, сапраўднага імя якога ніхто ня ведае, не выходзіў на сувязь у сацсетках. Праз два тыдні знаёмыя забілі трывогу, а яшчэ праз два тыдні Джон Сільвер зьявіўся сам. Ці гэта той самы чалавек, зь якім я размаўляла ў лістападзе, я ня ведаю. Але ня ведаем мы і таго, хто стаіць за сайтам http://1863x.com/ .

Цяпер Джон Сільвер кажа, што гісторыя ягоных уцёкаў нецікавая — «без пагоняў і перастрэлак». Але тлумачэньні наконт зьнікненьня пакідаюць шмат пытаньняў.

Пагоня цэлага ФСБ на тэрыторыі суседняй дзяржавы за адзінокім беларускім рэйнджэрам выглядае зусім «па кіно». Вядома, калі б да таго расейскі вайсковы суд не асудзіў за перапост адзінокага сісадміна зь беларускіх Здудзіч.

— Ты напісаў «пост вяртаньня», зь якога насамрэч мала што зразумела. Давай па парадку. Ты кажаш, што «пасьля кампаніі ў падтрымку Кірылы Сілівончыка на мяне нібыта асфальтаўкладчык наехаў. DDOS-атакі ішла наўпрост з цэнтру Масквы». Гэта толькі пасьля Сілівончыка пачалося? Няўжо да красавіка-мая нічога падобнага не адбывалася?

— Яшчэ ў кастрычніку 2014-га, калі я толькі пачаў праект, на маю пошту сталі прыходзіць фэйкавыя лісты нібыта ад тэхпадтрымкі гугла. Насамрэч гэта дзеля таго, каб скрасьці пароль. (Пра спосабы замахаў на вашу онлайн-прыватнасьць можна пачытаць на старонцы гугл-падтрымкі. — РС)

Але пасьля кампаніі ў падтрымку Сілівончыка сайт сталі атакаваць наўпрост з цэнтру Масквы, калі меркаваць па IP атакі. Спрабавалі ламаць усе сацсеткі і пошту. Ну, і пагрозаў хапала, хоць я да іх ужо звык.

Пасьля кампаніі ў падтрымку Сілівончыка сайт сталі атакаваць наўпрост з цэнтру Масквы, калі меркаваць па IP атакі.

— Твой рэсурс быў першы, дзе зьявілася інфармацыя, што затрыманы ў Расеі беларус — Кірыла Сілівончык. Адкуль ты гэта даведаўся?

— У твітэры спытаў, хто што ведае пра беларуса-сісадміна зь Ніжняга Ноўгарада, якога пасадзілі за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Адказаў сябар Кірылы, які распавёў, што «ў мяне знаёмы сісадмін зь Ніжняга Ноўгарада са сьнежня 2014 не выходзіць у сеціва». Пасьля адзін зь сяброў пазваніў сваякам Кірылы, і так пацьвердзілася інфармацыя.

— Ты напісаў «за мной сочаць у рэальным часе». Гэта як: праслухоўваньне? Машына езьдзіла за табой?

— Наконт праслухоўваньня ня ведаю, але аўто было, і людзі ў ім былі. Я б распавёў падрабязьней, але перасьлед выкрыў праз адну хітрасьць, якой спадзяюся карыстацца надалей.

— Ты пішаш пра дзясяткі гадзін у электрычках і панылых савецкіх інтэр’ерах. Няўжо за гэты месяц нічога цікава не адбылося з табой і ўсё было сумна?

— Досьвед быў будзённы — шмат хто ў электрычках літаральна жыве, езьдзяць на працу ці на дачу. Гавораць пераважна пра расады, дачы, барацьбу са шкоднікамі — гэта калі сядзець з жанчынамі за 50. Мужчыны любяць пагаварыць пра збор грыбоў, палітыку («чё там у хохлов?»), п’янкі і травяць байкі з жыцьця. Самае сумнае — ехаць з маладымі: яны проста ўтыкаюцца ў смартфон і слухаюць плэер.

Тэлефанаваў я толькі па асабістых справах, бо доўгая адсутнасьць патрабавала тлумачэньняў.

Лічу, што Астанкінскую вежу трэба пагрузіць у акіян сьвятой вады, каб адмыць усе грахі і тупізну расейскіх тэлевізійнікаў.

З тэлевізара памятаю толькі трызьненьне з панылых ток-шоў. Лічу, што Астанкінскую вежу трэба пагрузіць у акіян сьвятой вады, каб адмыць усе грахі і тупізну расейскіх тэлевізійнікаў. А нашых адправіць араць зямлю ў забруджаныя радыенуклідамі тэрыторыі.

— За цябе сапраўды хваляваліся? У мяне склалася ўражаньне, што калі б ты зьнік назаўжды і сайт перастаў абнаўляцца, ніхто б ня плакаў, так?

— Вядома, ня плакаў бы, я ж ананім. Чаго пра мяне плакаць, калі я ніхто і нішто. Але ёсьць людзі, зь якімі я віртуальна пасябраваў, і яны непакоіліся. Некаторыя журналісты таксама. Усім асобны дзякуй. Спадзяюся, больш ня дам падставаў для клопату. Нават няёмка цяпер.

— Хто цябе ўсё ж перасьледаваў, да якой вэрсіі схіляесься?

— Спачатку я думаў, што гэта нашы спэцслужбы асабіста вырашылі выказаць захапленьне наконт асобных артыкулаў. Але за месяц я даведаўся, што нікога з маіх сяброў, знаёмых і блізкіх ня трэсьлі. То бок на мяне, найхутчэй, выйшлі праз геалякацыю. Мне здаецца, што калі б гэта быў КДБ ці МУС, яны б ужо даўно мяне вылавілі.

Спачатку я думаў, што гэта нашы спэцслужбы асабіста вырашылі выказаць захапленьне наконт асобных артыкулаў.

— Дык хто?

— Хутчэй за ўсё, гэта была ФСБ. Альбо іншыя спэцслужбы ці людзі, зьвязаныя з расейскім бокам. Любы мог заплаціць пэўным гакерам, якія б мяне знайшлі.

— Я напісала табе ў ФБ 19 траўня, і 21 траўня маё паведамленьне было прагледжанае. Ты прагледзеў?

— Не. Найхутчэй, Фэйсбук узламалі. Магчыма, твітэр і пошту таксама. Мяркую, што на мой працоўны ноўтбук залілі траяны і зьвялі паролі.

— У той жа дзень хтосьці ад твайго імя размаўляў онлайн з нашым агульным знаёмым. Напісаў, што ты нікуды не зьнікаў, проста новая праца. Хто гэта быў і навошта?

— Відаць, нейкі м... сядзеў у акаўнце, чакаючы, калі я ў яго зайду. Ці спрабавалі нейкую правакацыю зрабіць ад майго імя.

— Што адбывалася за час тваёй адсутнасьці з сайтам, акаўнтамі ў сацсетках, у кватэры? Калі стала зразумела, што можна вяртацца?

— Я пакуль ня ведаю, што адбываецца з сайтам: пасьля страты тэхнікі я ня маю доступу да гостынгу. Не абнаўляўся ён «левымі» артыкуламі — ну і выдатна. Сацсеткі могуць быць узламаныя. Нейкія нявыдаленыя перапіскі маглі прачытаць. Але я там нічога важнага не захоўваў.

— Апроч увагі да онлайн-бясьпекі, яшчэ нейкія высновы зрабіў з гэтай сытуацыі?

Да майго сьціплага бложыка зашмат увагі, бо іншыя папросту лянуюцца рабіць нешта больш якаснае і цікавае.

— Што вам усім трэба рабіць свае ўласныя сайты і праекты. А то да майго сьціплага бложыка зашмат увагі, бо іншыя папросту лянуюцца рабіць нешта больш якаснае і цікавае.

— Вызначыўся за гэты месяц, хто твае ворагі, а каму можна давяраць?

— Усе ворагі і сябры засталіся на сваіх месцах.

— Месяц ты не чытаў навінаў. Што найбольш уразіла, на якія тэмы будзе сайт рэагаваць найперш?

— Уразіла прызначэньне Саакашвілі на пасаду губэрнатара Адэсы. Дый увогуле, шмат хто з украінцаў крычаць пра здраду, але за месяц я яе не знайшоў. На пачатку траўня крычалі, што вось-вось будзе наступ і нас усіх зьліваюць, а ўкраінскія вайскоўцы ўдала адбілі напад на Мар’інку. У мяне істотна зьмянілася стаўленьне да панікёраў, якія ўсіх і ўся абвінавачваюць у здрадзе.

Калі я запушчу сайт, працаваць буду над тым жа, што і раней.

— За гэты час зьявілася шмат кандыдатаў у кандыдаты. Пра каго будзе першы артыкул?

— Нецікавыя ўсе. Хіба што Тацяна Караткевіч зьявілася ў твітэры, і яе можна дражніць дурнаватымі зачэпкамі. Усім гэтым кандыдатам даю мінімум увагі. Калі ў 2010-м галоўныя пэрсанажы выяўлялі хоць нейкае жаданьне да перамогі, перамен, рэформаў ці рэвалюцыі (патрэбнае падкрэсьліць), то цяпер усе падобныя да панылых вясковых клоўнаў.

Важней разьвіваць пазытыўныя тэндэнцыі, якія зьявіліся ў мінулым годзе — паварот да беларускай мовы, цікавасьць да нацыянальнай сымболікі, вышыванак, попыт на гісторыю ВКЛ і іншае.

Я лічу, што важней разьвіваць пазытыўныя тэндэнцыі, якія зьявіліся ў мінулым годзе — паварот да беларускай мовы, цікавасьць да нацыянальнай сымболікі, вышыванак, попыт на гісторыю ВКЛ і іншае. Варта памятаць і пра беларусаў, якія ваююць ва Ўкраіне.

— Пра справу Сілівончыка ўжо больш вядома. Зьмянілася тваё стаўленьне да яго і да прысуду?

— Ні кроплі. Свабоду Кірылу Сілівончыку!.

— Наколькі я зразумела, ананімнасьць Джона Сільвера не абсалютная і ёсьць людзі, зь якімі ты сустракаўся. Як доўга будзеш яшчэ хавацца і навошта?

— Трэба ж з куратарамі з ААЦ бачыцца ў дзень заробку! )) Хавацца буду, пакуль ад праекту 1863x.com ёсьць хоць кропля карысьці. Ананімнасьць дае пэўную творчую свабоду. А то будуць даваць мне па 15 сутак за кожны няўдалы жарт, карысьці тады ад мяне?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG