Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 36. Гаварыць тарашкевіцай


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

«А яны, а яны дык вапшчэ лацінкай гавораць!»

Гэты жарт мае пад сабою грунт. Блытаніна графікі, граматыкі, лексыкі і фанэтыкі ўласьцівая ня толькі для тэмы беларускай мовы. Але менавіта фэномэн існаваньня «тарашкевіцы» і «наркамаўкі» напоўніцу дэманструе хітраспляценьні названых паняцьцяў у грамадзкай сьвядомасьці.

У дзень народзінаў Браніслава Тарашкевіча 20 студзеня я зрабіў рэпліку ў фэйсбуку: «Думаю, што сьмешнаваты выраз “гаварыць на тарашкевіцы” выкліканы розным вымаўленьнем запазычаных словаў. Філасофія/філязофія».

Вядома, адразу знайшліся тыя, хто не зразумеў, што гаварыць на правапісе немагчыма. І што адрознасьць вымаўленьня запазычаных словаў можа вар'явацца, але не зьмяняе мову як такую.

Па спасылцы можна пабачыць цэлую дыскусію з клясычнымі прыкладамі адрознасьці «тарашкевіцы» як «мовы»: напрыклад, пра «кляс/клас».

А давайце згуляем у гульню «як правільна па-беларуску?». Эўропа/Еўропа, канфэрэнцыя/канферэнцыя/, пэрспэктыўны/перспектыўны?

Распаўсюджаны аргумэнт у спрэчках пра тарашкевіцу – «у нас на вёсцы так не казалі», альбо «чулі ў народзе інакш». Довад дае адсылку да дыялектаў ці нованабытай нормы праз тую ці іншую акалічнасьць. А мы гаворым пра літаратурную мову. Справа ў тым, што калі чалавек кажа, што ягоны дзед ці прадзед казаў «Еўропа», то толькі таму, што яго так навучылі ў школе. А ў некаторых, хоць і ня доўгі час, вучылі «Эўропа».

А цяпер увага! Адкрываецца сакрэт. Дзед дзеда, які ў школу не хадзіў, сказаў бы «Яўропа», «канфярэнцыя», «п(э)ерсьпякціўны». Так ямчэй з гледзішча ўласна беларускага моўнага апарату. Зрэшты, так яшчэ некаторыя дзяды і бабулі гавораць, хоць словы тыя ўжываюць вельмі рэдка, калі абмяркоўваюць навіны з тэлевізара. Але людзі, якія складалі нормы літаратурнай мовы, абралі не «Яўропу». Навукоўцы сыходзілі ў сваіх рашэньнях з пэўных правілаў перадачы запазычаных словаў.

Такім чынам, спрэчкі пра правільнасьць/няправільнасьць вымаўленьня запазычаных словаў – гэта пытаньне школьнай адукацыі. Нікому ў галаву не прыходзіць аспрэчваць правільнасьць слова «лямпа», хоць яно гучыць ну вельмі «па-тарашкевічнаму». Ці разьбірацца, чаму «наркамаўкай» «Ісландыя», але «Фінляндыя».

Гаворка пра школу. Немалую дывэрсію ў школьным вывучэньні беларускай мовы зрабіў тэзіс «як чуецца, так і пішацца». Калі б так было, то пісалі б як у «тарашкевіцы» – «сьпяшаесься», а не «спяшаешся». У час панаваньня русіфікацыі дзеці вучылі беларускую мову дыямэтральна супрацьлегла – як пішацца, так і вымаўляецца.

Не было б русіфікацыі, дык і спрэчак не было б. Як ні пішы, усё роўна будзе па-свойму.

Eugenio Krasulin: – Я яшчэ не сустракаў аніводнага топіку, дзе б беларусы ўсур'ёз абмяркоўвалі расейскую фанэтыку. І таму ёсьць тлумачэньне: сьвядома ці падсьвядома, але беларусы не прызнаюць яе сваёй (што беларускамоўныя, што расейскамоўныя). Больш за тое, мы яе й ня ведаем. І ніколі ня ведалі.

Я б удакладніў, не не прызнаюць, а многія ўспрымаюць як артэфакт, як бонус і нават як сакрум, які можа існаваць толькі ў адным і непарушным выглядзе.

Таму калі чуюць, як штодзённыя носьбіты беларускай мовы міжсобку пачынаюць жангляваць рознымі вымаўленьнямі запазычаных словаў, дыялектызмамі, слэнгам і трасянкай адначасова, гэта выклікае жаданьне ўскрыкнуць: «Гаварыце правільна!»

Тое, што беларускі носьбіт расейскай мовы гаворыць і «бутэрброд» і «бутерброд» нікога не засмучае. Я ўжо не кажу пра тое, што у расейскай пішацца так, а вымаўляецца гэтак. Пра звыклае штодзённае ніхто не задумваецца. А пра новаадкрытае і ня часта ўжыванае – беларускае – ідзе дыскусія.

Рэпатрыянты ва ўласнай Патрыі.

У канцы 1980-х у публічнай прасторы адрадзілася «тарашкевіца». Гэта быў акт справядлівасьці адносна рэпрэсаванага правапісу. Гэта быў сымбаль несавецкасьці. Гэта быў заклік да стварэньня і пашырэньня новай Беларусі ў прынцыпе.

У кожным выпадку, спакойна разважаць пра плюсы і мінусы «тарашкевіцы» можна будзе тады, калі сама беларуская мова разам з усім грамадзтвам апынецца ў сытуацыі непадцэнзурнасьці.

І яшчэ раз:

– Лацінка і кірыліца – графіка;

– Тарашкевіца і наркамаўка – правапіс;

– Гаворым адной мовай – беларускай, хоць і вымаўляем некаторыя запазычаныя словы па-рознаму.

Альбо толькі пішам. Альбо ўжываем толькі ў афіцыйных сытуацыях. Бо літаратурнай мовай міжсобку амаль ніхто не карыстаецца на сто адсоткаў. У кожным разе, ня блытаем графікі, граматыкі, лексыкі і фанэтыкі.

«Гаварыць тарашкевіцай» – эксклюзіўны таракан. І, бадай, адзін з самых нязлосных. Бо жыве ў галовах людзей, аб'яднаных агульнай ідэяй разьвіцьця беларускай мовы, і шырэй – беларускай культурнай прасторы. Але таракан уносіць пэўны раздрай у супольнасьць, а таму мусіць быць клясыфікаваны ў спадзеве, што з часам яго скіруюць у музэй казюрак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG