Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тараканы: 35. Ватнікі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

У новы год – з абноўленымі сэнсамі. Ужо колькі разоў сустрэў слова «ватнік», ці як варыянт «вата», у новым кантэксьце. І калі на пачатку слова было цалкам сабе завершаным інтэрнэт-мэмам, то ў Беларусі ў «ватніка» пачалі расьці тараканскія вусы.

Мне падабаецца вобраз «ватніка» з творчага гледзішча – гэта якасная сатыра. Тут і іронія, і сарказм, і тонкі гумар. Гэта перапрацаваны Губка Боб – Квадратныя Штаны, пэрсанаж папулярнага амэрыканскага мультсэрыялу. Першапачатковая назва сатырычнага героя «Рашка – Квадратны Ватнік».

Мэм прыйшоў з Расеі ў канцы 2011 году і высьмейвае носьбіта савецкай ідэалёгіі на ейным «папулярным» узроўні з прымітыўнымі штампамі. Важная дэталь: «ватнік» – абавязкова агрэсіўны хам. Цалкам завершаны вобраз.

Досыць хутка назва пэрсанажа скарацілася да «ватнік», набыла варыянт «вата» і пачала жыць самастойна. Ва Ўкраіне «ватнікамі» пачалі называць усіх, хто падтрымлівае расейскую агрэсію незалежна ад нацыянальнасьці і грамадзянства. Далей зьявіўся выраз «вышыватнік». Гэта чалавек, які за ўкраінскую мову і культуру, але на, так бы мовіць, савецкай плятформе.

У Беларусі выраз паўтараўся ў розных названых варыяцыях. І вось адносна нядаўна я пачуў такі сабе крык душы:

«Сярод ватнікаў нашай краіны шырока распаўсюджана меркаваньне, што ўсе бюджэтнікі – злосныя спажыўцы іх падаткаў. Яны адкрываюць нагамі дзьверы ў шпіталях ды школах і равуць, што “за ўсё заплачана!”».

Вось ён – таракан і вылез на паверхню. У цытаваным кавалку абсалютна няма інфармацыі пра ідэалягічныя погляды людзей. Агрэсіўнасьць ёсьць. Ці там насамрэч хамства, ці такі самы крык душы? Невядома. Агрэсіўнасьць сёньня – наагул прыкмета сацыяльнага жыцьця ў Беларусі. Людзі знэрваваныя. Таюць заробкі, валіцца сацыяльнае забесьпячэньне, людзей абкладаюць новымі падаткамі і штрафамі. Але ці ўсе яны «ватнікі/вата»?

Гэта прыблізна як у маім дзяцінстве малых, што кралі яблыкі ў садзе, ганялі дубцом, і крычалі: «Ах вы фашысты!». Слова згубіла свой першапачатковы сэнс, і абазначала проста «нягоднікаў». У больш жорсткай сытуацыі – «непрыяцеля», але ня носьбіта фашысцкай ідэалёгіі.

Так і з «ватнікам». Ці магу я назваць якую бабулю «ватніцай», толькі таму, што яна нагледзелася ТВ-прапаганды, і падтаквае расейскім навінам пра Крым і Данбас, бо прызвычаілася верыць «цэнтральным каналам»? Ды яна мілая выхаваная кабета, а не агрэсіўнае хамло. Ці – людзей, якія «супраць майданаў», таму што яны напужаныя?

Тады магу прапанаваць новы сэнс слова «ватнік/вата». «Вата – маса валокнаў, слаба пераплеценых міжсобку ў розных накірунках». Гэта вызначэньне зь Вікіпэдыі, якое дакладна падыходзіць да ўсяго беларускага грамадзтва, дзе адным з валокнаў ёсьць кожны з нас.

Але я дакладна ведаю, што валокны самі па сабе розныя. З рознымі ідэямі (ці адсутнасьцю), рознай манерай паводзінаў, і што дзе-нідзе валокны добра пераплятаюцца, і ўтвараюць трывалую тканіну. Таму для мяне ўжываньне да суайчыньнікаў словаў «ватнік/вата» ёсьць тараканам.

Інакш ватнікам станецца і хам, і ТВ-залежны, і проста нязгодны з табою, і ўсе магчымыя камбінацыі. Хай «квадратны» вобраз застаецца мэмам – забаўным і іранічным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG