Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску прызначана дата працэсу па «справе графіцістаў»


25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёну Менску пачнецца разгляд крымінальнай справы за патрыятычныя графіці, распачатай супраць Максіма Пякарскага, Вадзіма Жаромскага і Вячаслава Касінерава. Весьці пасяджэньне будзе судзьдзя Ала Скуратовіч.

Яраслаў Ульяненкаў, зь якога былі зьнятыя ўсе абвінавачваньні, праходзіць па справе ў якасьці сьведкі, паведамляе spring96.org.

Максіму Пякарскаму абвінавачаньне перакваліфікавалі з артыкула 339 (частка 2) Крымінальнага кодэксу — «Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў» — на артыкул 341 КК «Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці». Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе штрафу, грамадзкіх працаў або арышту тэрмінам да 3 месяцаў. Абвінавачваньне за псаваньне бігборда з Максіма Пякарскага зьнялі, але пакінулі два эпізоды з нанясеньнем графіці. Максім Пякарскі распавёў, што экспэртыза графіці прыйшла да высновы: прыкметаў экстрэмізму на малюнках ня выяўлена.

Вадзім Жаромскі абвінавачваецца паводле тых самых двух артыкулаў — часткі 2 артыкула 339 КК (хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў) і артыкула 341 КК (апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці). Жаромскаму пакінулі ўсе тры эпізоды справы, а менавіта:

• нанясеньне графіці з надпісам «Беларусь мае быць беларускай», а таксама выявай арнамэнту, перакрэсьленымі сярпом і молатам, свастыкай, іншымі сымбалямі і выявамі;

• нанясеньне графіці на будынку былой вайсковай часьці з надпісам «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», з выявай чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумесьсю;

• псаваньне фарбай сацыяльнага банэра ў Менску з выявай супрацоўнікаў міліцыі, што пацягнула за сабой матэрыяльную шкоду ІП на 2 млн 200 тысяч беларускіх рублёў.

Па справе Вячаслава Касінерава сьледчыя зьнялі эпізод з нанясеньнем графіці, але пакінулі псаваньне бігборда, матэрыяльную шкоду за які хлопцы цалкам кампэнсавалі. Канчатковае абвінавачаньне прад’яўлена паводле арт. 339, часткі 2 Крымінальнага кодэксу РБ.

11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэньні ва ўдзеле па трох крымінальных справах — за беларускамоўныя графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе...», а таксама за тое, што запэцкалі фарбай сацыяльны бігборд з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» ў жніўні мінулага году прыняў заяву, у якой заклікаў спыніць крымінальны перасьлед юнакоў. Праваабаронцы адзначылі, што калі фігурантаў справы асудзяць паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэксу, іх прызнаюць палітвязьнямі.

20 жніўня графіцістам прад’явілі абвінавачанні паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу — «Хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў» — за беларускамоўныя графіці і за тое, што запэцкалі бігборд.

Вячаславу Касінераву падчас затрыманьня супрацоўнікі САХР (спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня ўнутраных войскаў МУС Беларусі) зламалі сківіцу. Па факце зьбіцьця Сьледчы камітэт Маскоўскага раёну Менску распачаў крымінальную справу. 11 студзеня Вячаслава запрасілі да ўдзелу ў правядзеньні апазнаньня і вочнай стаўкі як пацярпелага. Пасьля гэтых мерапрыемстваў сьледчая Мельнікава паведаміла хлопцу, што плянуе спыніць справу. Паводле Вячаслава, «было відавочна, што на вочных стаўках людзі хлусілі: усе ў адзін голас казалі, што мяне ніхто не зьбіваў».

«Было відавочна, што сьледчая працавала па загадзе. І на дадзены момант ёй проста ня дадзена каманды кагосьці пасадзіць», — сказаў «Вясьне» Вячаслаў Касінераў.

http://spring96.org/be/news/81863

XS
SM
MD
LG