Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Чарнякевіч апісаў, як у пакутах нараджаўся беларускі рух Горадні


Прэзэнтацыя кнігі Андрэя Чарнякевіча “Нараджэньне беларускай Гародні”. Аўтар раздае аўтографы
Прэзэнтацыя кнігі Андрэя Чарнякевіча “Нараджэньне беларускай Гародні”. Аўтар раздае аўтографы

«Нараджэньне беларускай Гародні» — так называецца новая кніга гісторыка Андрэя Чарнякевіча. Яе прэзэнтавалі ў гарадзенскай прыватнай краме «Цудоўня» на Вялікай Траецкай вуліцы.

Падзея выклікала вялікую цікавасьць. У памяшканьні не было дзе стаяць. Каля дзьвярэй на вуліцы мусілі чакаць тыя, хто ня трапіў у залю. Мінакі цікавіліся: што тут адбываецца?

Паводле падлікаў выдаўца Андрэя Янушкевіча, на прэзэнтацыі пабывала чалавек семдзесят. Хаця працаўнік крамы запярэчыў: сюды фізычна столькі народу ня зойдзе. Разышліся шэсьцьдзесят асобнікаў кнігі Чарнякевіча, патлумачыў выдавец.

Выдавец Андрэй Янушкевіч (у цэнтры) падчас прэзэнтацыі
Выдавец Андрэй Янушкевіч (у цэнтры) падчас прэзэнтацыі

Андрэй Чарнякевіч адказаў на пытаньні Свабоды.

Карэспандэнт: «Чаму важна вывучыць беларускія карані Горадні? Для Вас асабіста, для іншых патрыётаў гораду? Якія матывы рухалі? У чым былі цяжкасьці?»

Андрэй Чарнякевіч
Андрэй Чарнякевіч

Чарнякевіч: «Матывы? Розныя. Адзін зь іх — тое, што я ведаю сёньняшнюю беларускую Горадню, грамадзкіх, палітычных дзеячаў. І гэта падштурхоўвала паглядзець у мінуўшчыну. Пашукаць карані тых нашых падзей, у тым ліку і праблем. Таму цікавасьць — да беларускага руху. Паглядзець эвалюцыю.

Калі толькі пачынаў сваю працу, даволі даўно, матэрыялу было вельмі мала. Нават такое ўражаньне склалася, што беларускі рух, ён аднойчы раптам спыніўся і больш нічога тут не адбывалася. Але высьветлілася, што гісторыя ніколі не перапынялася. Матэрыялаў у архівах, у іншых крыніцах вельмі шмат. Гэта было напэўна самае моцнае ўражаньне.

Насамрэч гістарыяграфія беларускага руху ў Горадні даволі шырокая. Проста доўгі час некаторыя крыніцы былі для нас недаступныя. Яшчэ ў 1990-я гады кнігі, артыкулы што выходзілі за мяжой і былі абмежаваным накладам, што апынуліся ў спэцхранах, да нас не даходзілі. Акрамя таго, не існавала, напэўна, агульнага бачаньня. Працы папярэднікаў датычылі нейкай адной тэмы або пэрыяду. Як, напрыклад, успаміны Зоські Верас. Яна вельмі дакладна перадае лёс гуртка беларускай моладзі, але ўжо хутчэй ня ведала, што адбывалася зь беларускай Горадняй пазьней».

Вокладка кнігі Андрэя Чарнякевіча “Нараджэньне беларускай Гародні”
Вокладка кнігі Андрэя Чарнякевіча “Нараджэньне беларускай Гародні”

Карэспандэнт: «Дзе канкрэтна ўдаецца знаходзіць матэрыялы, якія датычаць нацыянальнага руху ў Горадні?»

Чарнякевіч: «Крыніцы, якімі карыстаўся? У гарадзенскім архіве вельмі абмежаваная колькасьць справаў. Галоўныя крыніцы за мяжой. Найперш: віленскі архіў, у Польшчы— вайсковы і цэнтральны. Шмат цікавага можна знайсьці ў Маскве. У Менску захоўваюцца матэрыялы па гісторыі БНР, беларускага руху наогул».

Карэспандэнт: «Ці рэальна па такой тэме абараніць дысэртацыю?»

Чарнякевіч: «З таго, што я бачу: сёньня па тэматыцы нацыянальнага руху абараняецца вельмі мала прац. Прычым закранаюць толькі абраныя тэмы. Пазьбягаюць агульных пытаньняў. Бяруць канкрэтныя. Напрыклад, справа каапэрацыі. Ці вось зараз будзе абараняцца мой калега па палянафілах. У цэлым па гісторыі беларускага нацыянальнага руху, як і па БНР, дагэтуль фактычна адсутнічаюць нейкія інтэгральныя працы».

Карэспандэнт: «А што было непрыемным адкрыцьцём?»

Чарнякевіч: «Гэта было хутчэй сумнае адкрыцьцё. Што нейкія рэчы, адносіны — яны не зьмяняюцца. Тыя моманты, якія варта аднесьці да слабасьці нацыянальнага руху: міжасабістыя адносіны, маральныя якасьці асобных людзей, слабасьць палітычных установаў, яны перанесьліся ў сёньняшні дзень. Я разумею, што, можа, прычыны гэтага іншыя, але вонкава ўсё падобна. Гэта, канечне, вельмі сумна: што сто год існаваньня палітычнага руху адлюстроўваецца ў тых жа самых схільнасьцях да вострай крытыкі паміж сабою, да замены барацьбы за ўладу барацьбою за ўплывы і фінансавыя рэсурсы. Гэта тыя пазнавальныя хібы, якія не мяняюцца на працягу дзесяцігодзьдзяў.

Хаця справа ў тым, што гэта хутчэй пытаньне чалавечых якасьцяў. Адсюль праблемы. Не мяняецца таксама іншае. Беларускі дзеяч усё яшчэ застаецца маргіналам. Яго галоўная мэта — бараніць беларускасьць у тым варыянце, як ён сабе бачыць, быццам ён адзіны адстойвае. Шмат расчараваньня, непрыстасаванасьці да паўсядзённага жыцьця. Палітычны ўціск. Гэта ўсё разам стварае непрыдатныя варункі. І ў выніку беларускі дзеяч ператвараецца ў вобраз ахвяры. Гэта ў нейкім выглядзе застаецца на сёньняшні дзень. І гэта сумна».

Андрэй Чарнякевіч раздае аўтографы
Андрэй Чарнякевіч раздае аўтографы

Карэспандэнт: «А нешта можа цешыць? Нейкія праявы беларускай Горадні?»

Чарнякевіч: «Хачу падкрэсьліць: гаворка выключна ішла пра нацыянальны рух як палітычны інструмэнт узьдзеяньня. Нацыяналізм і нацыя — шырэй, чым палітычныя інстытуты. І гэта ўжо іншая размова. Напэўна нацыятворчы працэс, беларуская нацыя — яна існуе, яна паўстае. І беларуская Горадня — таксама факт зьдзейсьнены. Іншая справа, што яна можа не зусім супадае з нашымі марамі. Што мы, сёньняшнія беларусы, якія размаўляюць па-беларуску, якія ставяць сабе за мэту стварыць нацыянальна сьвядомую дзяржаву, бачаць яе трошку іншай. Гэта ўжо напэўна размова для наступнай працы».

Карэспандэнт: «Якая ўлада, у які час найбольш супрацівілася беларускаму руху ў Горадні?

Чарнякевіч: «Кожная ўлада — яна была небеларускай. А ўлічваючы, што ўлада ня церпіць канкурэнцыі, то аўтаматычна яна ператваралася ў антыбеларускую. Толькі што гэты антаганізм быў розны ў розныя пэрыяды. Расейская антыбеларускасьць была дастаткова памяркоўнай. Нямецкая не прымала ніякіх палітычных інстытутаў, таму не было ні польскіх, ні беларускіх, ні іншых партый. Польская антыбеларускасьць была непасьлядоўнай. Спачатку існавала дастаткова вялікая колькасьць інстытутаў, школьніцтва. Але ў час аўтарытарызму гэты экспэрымэнт скончыўся. А савецкая антыбеларускасьць мела татальны характар. Таму пасьля савецкага панаваньня мы атрымалі замест нацыянальнага руху сурагат, які сёньня зьяўляецца варыянтам беларускасьці. Гэта тая Беларусь, якую мы маем сёньня, і якая ёсьць нашай рэчаіснасьцю, у якой нам трэба жыць і ўспрымаць яе як Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG