Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ў даваеннай Горадні кіраваў, а хто — краў


Падчас прэзэнтацыі
Падчас прэзэнтацыі

Гісторык Андрэй Чарнякевіч напісаў кнігу «Памяць пра Гродна», матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацяў міжваеннага гораду 1919-1939 гадоў.

Кнігу выдала гарадзенскае выдавецтва «ЮрСаПрынт», пад вокнамі якога на падворку адбылася прэзэнтацыя.

Аўтар зазначыў, што кніга прысьвечаная перадваенным элітам Горадні. І таксама прызнаўся, што няпроста цяпер вызначаць — хто ўваходзіў у эліты, а хто не. Увесь час ён быў перад выбарам: якія асобы, факты, моманты зь біяграфіі браць, а якія не, «бо некаторыя гучалі б ня вельмі прывабна».

Вокладка кнігі
Вокладка кнігі

Польскаму гісторыку, якому аўтар паказаў пачатковы сьпіс людзей, стала непамысна, што разам і палякі — кіраўнікі перадваеннай Горадні, і гаспадары габрэйскіх крамаў, і нават злачынцы.

«Хацелася ўлічыць усіх, пра каго можна было нешта сказаць», — прызнаўся Андрэй Чарнякевіч. Аднак, давялося скараціць сьпіс мясцовых злачынцаў. Але больш нікога не выкідаў, «бо кожнае імя — гэта асоба, і не ў ягонай кампэтэнцыі выкідаць асобу з гісторыі», — зазначыў аўтар.

Рэцэнзэнт кнігі «Памяць пра Гродна» Вячаслаў Швед сказаў на прэзэнтацыі:

«Праз асобы мы даведаемся пра многія невядомыя нам падзеі міжваеннага часу. Важна бачыць канкрэтнага чалавека, які робіць гісторыю. Пра ўсіх напісаць Андрэй ня мог, узяў толькі эліты. Што датычыць злачынцаў, пра іх можна напісаць асобную кнігу».

Андрэй Чарнякевіч (зьлева) і Вячаслаў Швед
Андрэй Чарнякевіч (зьлева) і Вячаслаў Швед

У кнізе чытач знойдзе зьвесткі пра кіраўнікоў гарадзкой улады, рэдактараў газэт, настаўнікаў, лекараў, працаўнікоў суду, гандляроў. Вячаслаў Швед зазначыў, што ў кнізе «апісана каля тысячы чалавек, пра некаторых зьвесткі ўзятыя зь дзясятка крыніцаў, аўтар перачытаў газэты 1919-39 гадоў».

Андрэй Чарнякевіч упершыню шырока расказаў пра жыхароў міжваеннай Горадні — палякаў, беларусаў, габрэяў, расейцаў. Раней такога выданьня не было. Сваё слова пра кнігу сказалі краязнаўцы Віктар Саяпін, Алесь Госьцеў, кіраўнік габрэйскай рэлігійнай абшчыны Барыс Квяткоўскі. Гучала прапанова, каб «Памяць пра Гродна» стала часткай будучай энцыкляпэдыі Горадні, патрэба ў якой даўно насьпела.

Bіктар Саяпін (зьлева)
Bіктар Саяпін (зьлева)

Дзякуючы Чарнякевічу таксама можна больш адчуць, што да вайны беларускі рух у горадзе не згасаў, патрыёты былі, іхнія імёны вяртае нам аўтар. Напрыклад, Надзея Ламашэвіч, сябра беларускага дабрачыннага таварыства і гарадзкой управы ТБШ. Яна таксама кіравала беларускай кнігарняй, была прадстаўніцай «Змаганьня» ў горадзе. Яшчэ аўтар паведамляе пра Сяргея Ражкоўскага, які быў сакратаром управы беларускага дабрачыннага таварыства. Гісторык зазначае, што яго арыштавалі паводле абвінавачаньня ў прыналежнасьці да КПЗБ (але хутка выпусьцілі) і што, як паведамляла «Беларуская ніва», паліцыянты катавалі яго. Але іншых зьвестак, як і здымка Ражкоўскага, няма.

Алесь Госьцеў
Алесь Госьцеў
Барыс Квяткоўскі
Барыс Квяткоўскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG