Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 13 сьнежня: дзень народзінаў сьвятара Мікалая Лапіцкага, у Берасьці абмяркуюць вулічнае мастацтва.


Вулічнае мастацтва. Партрэт Уладзімера Караткевіча на будынку ў Рагачове.

Вулічнае мастацтва. Партрэт Уладзімера Караткевіча на будынку ў Рагачове.

Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша

Берасьце — «Як легалізаваць стрыт-арт?». Што такое вулічнае мастацтва і якія яго асаблівасьці ў Беларусі? Як прабіцца праз бюракратыю і легалізаваць стрыт-арт на вуліцах? Офіс АРР «Дзедзіч» (вул. Маякоўскага 46/1)

У гісторыі:

1620 — Ворша атрымала герб: у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога разьмешчаны срэбны крыж.

1913 — выйшаў першы нумар грамадзка-палітычнай газэты «Минчанин», якая выдавалася па-расейску каля году.

1919 — Пётра Крачэўскі абраны старшынём Рады БНР. Ён выконваў гэтую функцыю да канца жыцьця, якое закончылася ў 1928 годзе на эміграцыі ў Празе.

1920 — на другім Усебеларускім зьезьдзе Саветаў прынятыя дапаўненьні да Канстытуцыі БССР і ратыфікаваная Рыская мірная дамова паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Зьезд выказаўся за перавод усіх дзяржаўных устаноў на беларускую мову.

1981 — генэрал Войцех Ярузэльскі абвясьціў у Польшчы ваеннае становішча.

2003 — вайскоўцы ЗША знайшлі ў схованцы і арыштавалі былога ірацкага прэзыдэнта Садама Хусэйна.

У гэты дзень нарадзіліся:

1874 — Арнольд Шэнбэрг, аўстрыйскі кампазытар-мадэрніст.

1894 — Юліян Тувім, польскі паэт.

1907 — Мікалай Лапіцкі, настаяцель першай беларускай царквы на эміграцыі. Цягам некалькіх гадоў у дзень абвяшчэньня незалежнасьці БНР Лапіцкі чытаў у Кангрэсе ЗША прысьвечаную гэтай падзеі малітву.

1919 — Валяр’яна Жолтак, мастачка, заслужаная дзяячка мастацтва Беларусі.

1941 — Мікола Маляўка, беларускі паэт.

У гэты дзень памёр:

1944 — Васіль Кандзінскі, расейскі мастак, адзін з заснавальнікаў абстракцыянізму.

Цытата:

Шчасьця многа не бывае:
Міласэрна дзеліць Бог,
І на ўсіх яго хапае
Ў сьвеце смутку і трывог.
Шчасьця многа не бывае.
Усьміхаецца яно,
І танцуе, і сьпявае,
Хмеліць горка, як віно.
Шчасьця многа не бывае.
Шчасьце — гэта ўздым і спад,
Як туман, яно сплывае
І вяртаецца назад.
Шчасьця многа не бывае:
Я ў душы сьвятло нясу —
І пад вейкамі хаваю
Жальбы чыстую сьлязу.

Мікола Маляўка, «Шчасьце».

XS
SM
MD
LG