Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Патрыярх Кірыл: Царква й далей мае намер умешвацца ў мастацтва


Патрыярх Кірыл

Патрыярх Кірыл

Патрыярх Кірыл заявіў, што Руская праваслаўная царква ня будзе маўчаць, калі «адбываецца адкрытае разбэшчваньне грамадзтва, у тым ліку моладзі».

Руская праваслаўная царква (РПЦ) будзе і надалей умешвацца ў мастацтва, якое ёй не падабаецца. Пра гэта заявіў патрыярх Кірыл, выступаючы на пасяджэньні Вышэйшай царкоўнай рады ў пятніцу ў Маскве, перадае сайт Маскоўскай патрыярхіі.

Па словах патрыярха, царква ня можа паважаць «тыя творы культуры, якія накіраваныя не на ўзвышэньне чалавечай асобы, а на яе разбурэньне, на постмадэрнісцкае зрушэньне паняцьцяў». А таму, РПЦ ня будзе маўчаць, калі «адбываецца адкрытае разбэшчваньне грамадзтва, у тым ліку моладзі».

«Тым, хто спрабуе нам сказаць: «Займайцеся сваёй справай, а тэатар, кінэматограф, выяўленчае мастацтва, музэі, сучасныя выставы вас ня тычацца», — мы павінны з пакорай, але і зь цьвёрдасьцю сказаць: «Не, гэта ня так, таму што ўсё тое, што называецца нібыта мастацтвам, але на справе мастацтвам не зьяўляецца, аказвае ўзьдзеяньне на чалавечыя душы і сэрцы».

Апошні гучны скандал, зьвязаны з умяшаньнем РПЦ у мастацтва, адбыўся сёлета ў Новасібірску, дзе мясцовы мітрапаліт Ціхан дамогся зьняцьця з рэпэртуару опэры Вагнэра «Тангейзер», у якой царкву не задаволіла трактоўка вобраза Ісуса Хрыста рэжысэрам Цімафеем Кулябіным.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG