Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пецярбургу і Новасыбірску прайшлі мітынгі супраць цэнзуры ў сфэры культуры


4 красавіка ў Пецярбургу і Новасыбірску прайшлі грамадзянскія акцыі ў падтрымку свабоды творчасьці, супраць самавольства чыноўнікаў, супраць ўмяшаньня царквы ў працу сьвецкіх устаноў культуры.

У Пецярбургу каля ста чалавек, абураных звальненьнем дырэктара Навасыбірскага тэатру опэры і балета Барыса Мездрыча і забаронай опэры «Тангейзер» рэжысэра Цімафея Кулябіна, выйшлі на Марсава поле з плякатамі «Ратуйце культуру ад Міністэрства культуры», «Не цэнзуры», «Кехман і Мядзінскі? Не, Герцэн і Бялінскі». Людзі скандавалі лёзунгі: «Мядзінскага ў адстаўку!», «Вярніце Тангейзера!» «Догма і цэнзура гэта не культура!»

Два чалавекі з георгіеўскімі стужачкамі паспрабавалі перашкодзіць акцыі, парваць плякаты. А вось тэатральных дзеячаў на Марсавым поле амаль не было, што вельмі зьдзівіла і засмуціла тэатральнага рэжысэра Леду Гарыну. На думку Гарынай, на людзях мастацтва значна больш адказнасьці за тое, што адбываецца, чым на ўсіх астатніх. Іншыя выступоўцы таксама казалі пра тое, што работнікі мастацтва не павінны дапускаць вяртаньня цэнзуры, не павінны саступаць у гэтым сэнсе нават самай маленькай пазыцыі, таму што за маленькай саступкай прыйдзе поўная забарона на ўсякую свабоду творчасьці. Акцыя скончылася без здарэньняў.

Некалькімі гадзінамі раней у той жа дзень у Новасыбірску прайшоў мітынг пад лёзунгам «Заступіцца за мастацтва!» На плошчы перад тэатрам опэры і балета сабраліся, па розных ацэнках, ад трох да пяці тысяч чалавек. «Хрыстом-богам прашу, адчапіцеся ад мастацтва!», «Кафка нам зайздросьціць», «Расея — краіна з высокай неаднастайнасьцю культуры, пры такой разнастайнасьці каштоўнасьцяў небясьпечна патрабаваць ад усіх адно меркаваньне» — было напісана на плякатах.

Арганізатары мітынгу трансьлявалі відэазвароты вядомых рэжысэраў Андрэя Зьвягінцава і Кірыла Сярэбранікава. Андрэй Зьвягінцаў, у прыватнасьці, казаў, што доўг гледача разумець, што ён вольны пачуць тое, што ён хоча пачуць. Кірыл Сярэбранікаў лічыць, што выратаваць тэатар і спэктакль можа толькі глядач: «Птушка можа сьпяваць толькі там, дзе няма ўдушша і чыстая вада, інакш яна ляціць у іншыя краі».

У рэзалюцыі, прынятай удзельнікамі мітынгу, у прыватнасьці, гаворыцца: «Мы, грамадзяне Расеі, выказваем абурэньне перасьледам тэатральных работнікаў горада Новасыбірска, дзейнасьцю радыкальна настроеных грамадзян, накіраванай на зрыў культурных мерапрыемстваў, і спробамі з боку прадстаўнікоў Рускай праваслаўнай царквы і шэрагу палітычных дзеячаў ўвесьці цэнзуру мастацкай творчасьці».

Удзельнікі мітынгу запатрабавалі ад прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна не дапусьціць любых відаў цэнзуры, гарантаваць свабоду слова і свабоду творчасьці, выконваць адпаведныя артыкулы Канстытуцыі, адправіць у адстаўку міністра культуры РФ Уладзіміра Мядзінскага і новага дырэктара Новасыбірскага опэрнага тэатру Ўладзіміра Кехмана, а таксама аднавіць опэру «Тангейзэра» у рэпэртуары.

XS
SM
MD
LG