Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінкульт пагадзіўся на аднаўленьне касьцёла Сьвятога Антонія ў Віцебску


Касьцёл Сьвятога Антонія (справа) на адным з малюнкаў Напалеона Орды
Касьцёл Сьвятога Антонія (справа) на адным з малюнкаў Напалеона Орды

Пра тое, што згода на аднаўленьне аднаго з самых славутых храмаў Віцебску атрыманая, паведаміў журналістам віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

«Міністэрства культуры ўжо выказала згоду на тое, каб касьцёл быў адбудаваны на гістарычным месцы. Справа вяртаньня будынка патрабуе згоды ўладаў, і зараз мы робім усё магчымае, каб гэты праект мог прайсьці на самым вышэйшым узроўні. І мы ўвесь час жывем гэтай надзеяй і молімся аб тым, каб гэты прыгожы храм зноў знайшоў сваё месца там, дзе калісьці стаяў», — сказаў кіраўнік дыяцэзіі падчас традыцыйнай каляднай сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ.

Касьцёл Сьвятога Антонія Падуанскага разьмяшчаўся, паводле цяперашняй гарадзкой тапаграфіі, насупраць ратушы — на другім баку вуліцы Леніна. Калісьці гэты касьцёл адыграў вельмі значную ролю ў станаўленьні архітэктурнага аблічча цэнтра гораду. У 1742 годзе Тэкля-Ганна Агінская, жонка віцебскага ваяводы, падпісала кантракт на яго пабудову са знакамітым італьянскім архітэктарам Юзэфам Фантана. Пасьля гэтага ён назаўжды перасяліўся ў Віцебск і стварыў тут яшчэ некалькі архітэктурных шэдэўраў. У 1768 г. касьцёл быў асьвечаны ў імя Сьвятога Антонія. У 1843 г. касьцёл стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1920-х гадоў. У часы савецкай улады касьцёл зачынілі. Былі спробы прыстасаваць яго пад дзяржаўныя патрэбы — перадаць мэдычнаму ўнівэрсытэту, некалькі год тут працаў «Музэй атэізму», дзе захоўваліся мошчы Эўфрасіньні Полацкай. Будынак пацярпеў у гады другой сусьветнай вайны і быў канчаткова зруйнаваны ў 1961-м годзе.

Паводле адмыслоўцаў, адноўлены касьцёл мае завяршыць рэканструкцыю гістарычнага аблічча Ратушнай плошчы. Адзіная праблема, якую згадваюць праціўнікі аднаўленьня — гэта звужэньне праезнай часткі: фасад касьцёла на некалькі мэтраў выступаў за межы цяперашняй гарадзкой магістралі. Тым ня менш, вернікі-каталікі не пакідаюць надзеі дасягнуць кансэнсусу з уладамі. І ўжо пачалі зьбіраць грошы на аднаўленьне помніка архітэктуры. Паводле папярэдніх разьлікаў, на аднаўленьне спатрэбіцца больш за 2 мільёны даляраў.

У Віцебску ёсьць парафія Сьвятога Антонія. Для яе патрэбаў быў набыты будынак былога Дома культуры таварыства глуханямых па вуліцы Гагарына. Але гэта хутчэй культурна-рэлігійны цэнтар, а ня ўласна храм, лічыць біскуп Алег Буткевіч. Гістарычную назву сьвятыні, на ягоную думку, можа займець ужо адбудаваны касьцёл.

На перадкаляднай сустрэчы з журналістамі біскуп таксама распавёў, што зараз у дыяцэзіі праводзіцца інвэнтарызацыя нерухомасьці — сакральных будынкаў, жылых дамоў ці памяшканьняў. Гэта робіцца, каб «аб’ектыўна ацаніць матэрыяльнае становішча дыяцэзіі».

Згадаў біскуп Алег Буткевіч і яшчэ адну навіну, усьцешлівую для аматараў гісторыі Віцебску. Заступніцтва грамадзкасьці горада спыніла зьнішчэньне помніка архітэктуры ХІХ стагодзьдзя — былой капліцы Дуніных-Сьлепсьцяў на тэрыторыі батанічнага саду. Зараз вядзецца пра перавод капліцы ва ўласнасьць рыма-каталіцкага Касьцёлу: ідуць перамовы на гэты конт з гарадзкімі ўладамі і кіраўніцтвам Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, якому будынак належыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG