Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына — пра прапановы Караткевіч: Мы на сябе такую адказнасьць ня возьмем


Да пачатку кампаніі па абраньні новага складу Палаты прадстаўнікоў (а яе, верагодна, абвесьцяць ужо ў чэрвені 2016 году) грамадзянская кампанія «Гавары праўду» будзе настойваць, каб улады выканалі дзьве найважнейшыя ўмовы.

Вось як пра іх нашаму Радыё паведаміла лідэр гэтай грамадзкай арганізацыі Тацяна Караткевіч:

«Першая — увесьці ў Выбарчы кодэкс норму, паводле якой прадстаўнікі кандыдата маглі б стопрацэнтна ўвайсьці ў склад выбарчых камісіяў. І другая — каб рэкамэндацыя Цэнтральнай выбарчай камісіі аб празрыстым і адкрытым падліку бюлетэняў набыла статус правіла, заканадаўчай нормы. Маецца на ўвазе, што кожны бюлетэнь паказваецца так, каб усе чальцы камісіі і ўсе назіральнікі на свае вочы бачылі, за каго прагаласаваў канкрэтны выбарца.

Мы разьлічваем, што такія папраўкі паўплываюць ня толькі на працэс выбараў, але і на іх вынікі».

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына сёньня ў размове са Свабодай выказала свае меркаваньні наконт рэалізацыі гэтых прапановаў:

«Кандыдат у дэпутаты афіцыйна становіцца кандыдатам за 30 дзён да пачатку выбараў. А фармаваньне ўчастковых камісіяў, дзе ідзе непасрэдны падлік бюлетэняў, завяршаецца за 45 дзён да выбараў. Атрымліваецца, што на той момант, калі прэтэндэнт на дэпутацкі мандат становіцца кандыдатам, камісіі ўжо існуюць. Некаторыя, праўда, прапануюць даць такую магчымасьць патэнцыйным кандыдатам. У такім выпадку нестыкоўкі па часе ня будзе. Але дзе гарантыя, што патэнцыйны кандыдат будзе зарэгістраваны?

Такім чынам, калі гэтая норма неяк і праявіцца, то толькі ў выглядзе права прызначаць прадстаўніка кандыдата сябрам камісіі з правам дарадчага голасу. У прынцыпе, у гэтых людзей будзе столькі ж правоў, колькі і ў давераных асобаў кандыдатаў. То бок яны могуць прысутнічаць на ўчастку і пры галасаваньні, і пры падліку бюлетэняў.

Для палітычных партыяў гэта неактуальна. Яны ўжо маюць права, калі вылучаюць партыйнага кандыдата, прызначаць сябраў камісіі з правам дарадчага голасу. А вось для грамадзкіх арганізацыяў, кшталту „Гавары праўду“, гэта сапраўды важна. Яны, у адрозьненьне ад партыяў, такога права ня маюць».

Наконт другой прапановы старшыня Цэнтравыбаркаму выказалася так:

«Гэта ўласная інтэрпрэтацыя спадарыні Караткевіч. У нас няма рэкамэндацыі паказваць кожны бюлетэнь. Мы можам толькі дапісаць сказ пра тое, што камісіі павінны ствараць умовы назіральнікам, каб тыя маглі рэальна бачыць працэс падліку бюлетэняў. А пажаданьне спадарыні Караткевіч можа дзейнічаць толькі ў выглядзе прававой нормы. Але гэта ўжо павінны вырашаць дэпутаты, а не ЦВК. Мы на сябе такую адказнасьць ня возьмем».

Да выбараў у Палату прадстаўнікоў кампанія «Гавары праўду» пачала рыхтаваць сваіх кандыдатаў. Яны ўвойдуць у пазапартыйны сьпіс «ТаК! За мірныя перамены».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG