Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Караткевіч прымаюць у Палаце прадстаўнікоў. Яе апанэнты ня вераць, што ад гэтых сустрэч будзе плён


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

1 сьнежня Тацяна Караткевіч у якасьці лідэра грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» сустрэлася з кіраўніком бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Людмілай Дабрынінай.

Гэта ўжо пятая размова былой кандыдаткі на прэзыдэнта Беларусі ў Палаце прадстаўнікоў на роўні старшынь парлямэнцкіх камісіяў.

На пытаньне Свабоды, якая мэта такіх сустрэч, спадарыня Караткевіч адказала так:

З аднаго боку, мне цікава пачуць, якія ў дэпутатаў ёсьць ініцыятывы і прапановы. А з другога, хачу данесьці да іх і свае прапановы.

«Я хачу паразмаўляць са старшынямі ўсіх парлямэнцкіх камісіяў. Ужо былі гутаркі ў камісіях па дзяржаўным будаўніцтве, па заканадаўстве, па эканоміцы, па сацыяльнай палітыцы. Тэмы размоваў самыя разнастайныя. У мяне да дэпутатаў шмат пытаньняў. Найперш яны зьвязаныя з рэалізацыяй маёй перадвыбарнай праграмы. Таму, з аднаго боку, мне цікава пачуць, якія ў дэпутатаў ёсьць ініцыятывы і прапановы. А з другога, хачу данесьці да іх і свае прапановы».

Паводле Тацяны Караткевіч, да пачатку парлямэнцкай кампаніі (а яе, верагодна, абвесьцяць ужо ў чэрвені 2016 году) «Гавары праўду» будзе настойваць, каб улады выканалі дзьве найважнейшыя ўмовы:

«Першая — увесьці ў Выбарчы кодэкс норму, паводле якой прадстаўнікі кандыдата маглі б стопрацэнтна ўвайсьці ў склад выбарчых камісіяў. І другая — каб рэкамэндацыя Цэнтральнай выбарчай камісіі аб празрыстым і адкрытым падліку бюлетэняў набыла статус правіла, заканадаўчай нормы. Маецца на ўвазе, што кожны бюлетэнь паказваецца так, каб усе чальцы камісіі і ўсе назіральнікі на свае вочы бачылі, за каго прагаласаваў канкрэтны выбарац.

Мы разьлічваем, што такія папраўкі паўплываюць ня толькі на працэс выбараў, але і на іх вынікі.

Мы разьлічваем, што такія папраўкі паўплываюць ня толькі на працэс выбараў, але і на іх вынікі».

Былая кандыдатка на прэзыдэнта сказала Свабодзе, што гэтыя ды іншыя прапановы кампаніі «Гавары праўду» па паляпшэньні выбарчага заканадаўства ўжо сфармуляваныя. Аднак іх пакуль не адаслалі ў ЦВК. Чаму?

«Да Лідзіі Ярмошынай мы зьвернемся асобна. Мы ж падалі дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі на афіцыйную рэгістрацыю нашай кампаніі. Хочам дачакацца адказу, даведацца, на якім мы сьвеце будзем. Пакет дакумэнтаў накіравалі ў міністэрства 16 лістапада. Згодна з законам Мін’юст мусіць не пазьней як за месяц з гэтага дня нам адказаць».

Сваё агульнае ўражаньне ад пяці сустрэч у Палаце прадстаўнікоў Тацяна Караткевіч фармулюе пазытыўна:

«Усе прадстаўнікі ўлады казалі пра тое, што трэба сустракацца часьцей, выслухоўваць адзін аднаго. Каб нешта вырашыць, трэба патраціць шмат часу. Вось, напрыклад, сёньня на сустрэчы са спадарыняй Дабрынінай толькі адно пытаньне — празрыстасьць бюджэту і справаздач па бюджэце абмяркоўвалі амаль гадзіну. Разам з эканамістам Сяргеем Чалым, які быў маёй даверанай асобай падчас прэзыдэнцкіх выбараў, мы размаўлялі пра матывацыю, дэталізацыю ды іншыя аспэкты бюджэтных дакумэнтаў.

Трэба размаўляць, дыскутаваць, гаварыць гучна, шукаць аднадумцаў. Інакш мы не прасунем ніводнай ідэі».

Лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч ад гэткіх сустрэч нічога не чакае:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Я лічу, што заўсёды лепш нешта рабіць, чым не рабіць нічога. Але да таго, што такія сустрэчы могуць прынесьці нейкі плён — у бліжэйшай ці нават у больш далёкай будучыні, я стаўлюся вельмі скептычна.

Палата прадстаўнікоў — ня той орган, а яе чальцы — ня тыя людзі, якія нешта вырашаюць у Беларусі, на жаль. І калі казаць пра нейкі ўнутраны дыялёг, то ён павінен весьціся на роўні ўраду. То бок зь людзьмі, якія няхай і мінімальна, але маюць магчымасьць прымаць рашэньні і ажыцьцяўляць іх.

Але, з другога боку, я не магу сказаць, што ад сустрэч спадарыні Караткевіч будзе нейкая шкода. Няма ні шкоды, ні карысьці. Але калі нехта хоча прысутнічаць у інфармацыйнай прасторы, то можна рабіць і гэта. Калі менавіта такія прыярытэты».

«Канечне, апрыёры можна чакаць абвінавачаньняў, нават зьедлівых, на адрас кампаніі „Гавары праўду“ і яе лідэраў з боку пэўнай часткі апазыцыі за тое, што такімі сустрэчамі Тацяна Караткевіч падыгрывае ўладзе, працуе на легітымнасьць Палаты прадстаўнікоў», — адзначае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Зь іншага боку, праблема апазыцыі, і гэта ўжо стала агульным месцам, — што яна вельмі маргіналізавалася і адарвалася ад кантактаў і з грамадзтвам, і з уладай таксама. Але ж рэвалюцыйны шлях пераменаў для Беларусі сёньня малаімаверны, бо няма адпаведных настрояў у грамадзтве. Таму выглядае, што перамены ў Беларусі будуць ісьці шляхам трансфармацыяў.

А гэта запатрабуе дыялёгу паміж элітамі, паміж прадстаўнікамі розных палітычных сілаў, у тым ліку і дыялёгу ўлады з апазыцыяй. Нават больш радыкальная частка апазыцыі патрабуе, каб Брусэль пасадзіў уладу і апазыцыю за круглы стол. Але ў тым выглядзе, як яны гэтага хочуць, такое выглядае фантастыкай. А вось Караткевіч ужо фактычна сядзіць з прадстаўнікамі ўлады, ня ведаю, за круглым ці за квадратным, сталом і нешта абмяркоўвае.

Хоць тут, вядома, трэба ўлічваць і рэаліі беларускай палітычнай сыстэмы, у якой парлямэнт ня мае рэальных паўнамоцтваў. Таму і дэпутаты ў пэўнай ступені выглядаюць дэкаратыўнымі фігурамі. Пагаварыць можна, канечне, але які будзе ад гэтага плён, калі голасу няма ў самога парлямэнту?»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG