Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Столтэнбэрг: НАТО будзе прымаць рашэньні хутчэй


Ёнс Столтэнбэрг

Ёнс Столтэнбэрг

У Брусэлі пачалася нарада міністраў замежных справаў краінаў НАТО, на ёй акрэдытаваны дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

РС: Аляксандар, такая сустрэча ўпершыню адбываецца ва ўмовах падвышаных мераў бясьпекі. Ці адчуваецца гэта ў Брусэлі?

Лукашук: Сапраўды, у горадзе можна пабачыць незвычайную карціну, на рагах вуліц, каля вялікіх гатэляў, адміністрацыйных будынкаў стаяць узброеныя аўтаматчыкі. Брусэльцы мінулы тыдзень перажылі даволі нэрвова — не працавала мэтро. Цяпер яно працуе, але сканчае працу раней, чым звычайна. Былі адмененыя спэктаклі ў тэатрах, на пару дзён былі закрытыя школы. Адчуваньне небясьпекі ў паветры прысутнічала.

Але што цікава — брусэльцы кажуць, што прысутнасьць на вуліцах войска вызваліла паліцыю. Паліцыя змагла займацца бясьпекай. Бо салдаты з аўтаматамі на вуліцах бясьпеку ня надта падвышаюць. Сытуацыя хутка нармалізавалася.

Pа ўсе гады, што Брусэль зьяўляецца сталіцай Эўразьвязу, тут не адбылося ніводнага тэрарыстычнага нападу на ўдзельнікаў самітаў Зьвязу

Брусэль — гэта сусьветная сталіца, якую часьцей за ўсё наведваюць у вялікай колькасьці кіраўнікі дзяржаваў і міністры многіх краінаў. Гэта адбываецца тут нават часьцей, чым у Ню-Ёрку, дзе месьціцца штаб-кватэра ААН. І за ўсе гады, што Брусэль зьяўляецца сталіцай Эўразьвязу, тут не адбылося ніводнага тэрарыстычнага нападу на ўдзельнікаў самітаў Зьвязу.

РС: А як адказвае на гэтыя і іншыя выклікі часу НАТО? Вы ж прысутнічаеце там якраз на нарадзе кіраўнікоў МЗС краінаў альянсу?

Лукашук: Ад генэральнага сакратара НАТО Ёнса Столтэнбэрга і ад ягоных намесьнікаў я тут чуў думку, што альянс увесь час адаптуецца да новых умоваў, паводле іх, гэта павінна быць закладзена ў дызайне, у пляне, у структуры НАТО. Калі іх прасілі патлумачыць, што азначае гэтая адаптацыя, яны адказвалі, што размова ідзе пра больш хуткае прыняцьце рашэньняў. Па ключавых пытаньнях рашэньне ў НАТО прымаюцца кансэнсусам. Дасягнуць кансэнсус паміж 28 дэмакратычнымі краінамі, дзе мяняюцца ўрады, даволі няпроста. Адна з пераменаў, пра якую гавораць у НАТО, гэта тое, што генэральны сакратар будзе мець больш паўнамоцтваў для прыняцьця рашэньняў.

Генэральны сакратар НАТО будзе мець больш паўнамоцтваў для прыняцьця рашэньняў

Тое, што адбылося на працягу апошніх палутара гадоў, найперш утварэньне «Ісламскай дзяржавы» — гэта абсалютна новы выклік. Яшчэ адзін важны аспэкт выкліканы палітыкай Расеі. Пытаньні абароны сваіх межаў не абмяркоўваліся ў НАТО вельмі даўно. І вось пасьля Крыму, пасьля падзеяў ва Ўкраіне гэтае пытаньне ізноў стала на парадак дня.

РС: Галоўнай палітычнай падзеяй гэтай нарады сталі запросіны ў альянс Чарнагорыі. Як выглядаюць пэрспэктывы ў НАТО гэтай краіны?

Лукашук: Пра сяброўства Чарнагорыі ў НАТО тут гавораць як пра факт, які ўжо адбыўся. Працэдура цягнецца 5-7 гадоў. І за гэты час краіна, якая прэтэндуе на тое, каб стаць чальцом альянсу, мусіла зрабіць шэраг рэформаў, як у сфэры абароны, гэтак і ў галіне дэмакратыі. Сёньняшнія рашэньні не азначаюць, што Чарнагорыя ўжо стала чальцом НАТО. Чарнагорыя будзе афіцыйна запрошаная ў НАТО. Працэс прыняцьця будзе цягнуцца, паводле генэральнага сакратара Столтэнбэрга, яшчэ 2 гады. Чарнагорыя павіння ратыфікаваць усе неабходныя дакумэнты. А там, нагадаю, ёсьць дэмакратычная апазыцыя, частка якой выступае супраць уступленьня краіны ў НАТО. Працэс ратыфікацыі далучэньня Чарнагорыі павінен прайсьці і ў 28 краінах, цяперашніх чальцах альянсу.

У сувязі з Чарнагорыяй журналісты задавалі пытаньні пра пэрспэктывы сяброўства ў НАТО Ўкраіны і Грузіі. Генэральны сакратар НАТО адказаў, што гэтыя краіны ведаюць умовы ўступленьня, але пакуль яны не гатовыя. Структурныя рэформы, якія павінны там адбыцца, пакуль не завершаныя.


Аднак працэс пашырэньня НАТО не завершаны. Чарнагорыя — сёмая славянская краіна, якая ўступае ў альянс. Працэс умацаваньня абароназдольнасьці Эўропы не завершаны і працягваецца ў тым ліку і ў тэрытарыяльным накірунку.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG