Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАТО: Расейская авіябаза ў Беларусі нічога не мяняе


Амэрыканскі пасол ў НАТО, генэрал Дуглас Лют

Амэрыканскі пасол ў НАТО, генэрал Дуглас Лют

1 сьнежня ў Брусэлі пачнецца нарада міністраў замежных справаў краінаў НАТО. На парадку дня — вайна ў Сырыі, сытуацыя ва Ўкраіне, далучэньне Чарнагорыі да Паўночнаатлянтычнага альянсу. У Брусэлі знаходзіцца дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.


Лукашук: Цяпер у цэнтры палітычнай увагі — Парыж, дзе сабраліся кіраўнікі дзяржаваў сьвету. Але другая «палітычная сталіца сьвету» ў гэтыя дні — гэта Брусэль. І гэта абумоўлена сытуацыяй, якая, як кажуць тут, у штаб-кватэры НАТО, складваецца на Поўдні і на Ўсходзе. Поўдзень — гэта Сырыя, Ірак, экспансія халіфату «Ісламскай дзяржавы», шчупальцы якога зьявіліся ўжо і ў Лібіі, і ў Аўганістане, і ў Цэнтральнай Азіі. А другі накірунак — гэта Ўсход, тое, што адбылося пасьля анэксіі, акупацыі Крыму і зьяўленьня «зялёных чалавечкаў» у Данбасе. «Анэксія», «акупацыя» Крыму — гэта тыя вызначэньні, якія гучаць тут з вуснаў самых высокіх прадстаўнікоў НАТО. Сёньня тут адбылася прэсавая канфэрэнцыя генэральнага сакратара НАТО Ёнса Столтэнбэрга і менавіта такой лексыкай ён апэраваў.

«Анэксія», «акупацыя» Крыму — гэта тыя вызначэньні, якія гучаць тут з вуснаў самых высокіх прадстаўнікоў НАТО


РС: А ці гучыць у Брусэлі тэма Беларусі, хаця б апасродкавана?

Лукашук: Здавалася б, Беларусі наўпрост ня тычыцца тое, што адбылося з расейскім самалётам над тэрыторыяй Турэччыны. А тое, што гэта адназначна было над тэрыторыяй Турэччыны, пацьвярджаюць ня толькі туркі, але і ўсё кіраўніцтва НАТО, якое мае свае крыніцы інфармацыі і сачэньня. Але гэта робіць праблему зьяўленьня ў Беларусі расейскай авіябазы больш вострай. Я гэтае пытаньне задаў амэрыканскаму паслу ў НАТО, генэралу Дугласу Люту.

Яго адказ мяне зьдзівіў. Ён сказаў, што гэта справа дзьвюх сталіцаў — Масквы і Менску. Але перад гэтым гаворка ішла якраз пра тое, як цяжка вызначыць гэтак званы «плян палёту» для сучасных самалётаў. Аднак генэрал Лют сказаў, што са стратэгічнага пункту гледжаньня расейская база ў Беларусі нічога не мяняе, бо Расея мае Калінінград, а там такая канцэнтрацыя тэхнікі, у тым ліку і авіяцыйнай. Так што з пункту гледжаньня НАТО, краінаў Балтыі, зьяўленьне яшчэ адной базы ў Бабруйску нічога не мяняе.

Аляксандар Лукашук

Аляксандар Лукашук

РС: НАТО — гэта ня толькі ваенны, але найперш палітычны альянс. Паводле вашых уражаньняў, з размоваў у кулюарах штаб-кватэры НАТО, ці пацьвярджаецца тэзіс, які ня раз гучаў у нашых перадачах, што падзеі ва Ўкраіне і Сірыі адсоўваюць на другі-трэці плян сытуацыю ў Беларусі?

Лукашук: Тут я папрысутнічаў на 6 прэсавых канфэрэнцыях: Беларусь узгадвалася толькі у кантэксьце Менскіх пагадненьняў. Менскія пагадненьні вельмі часта цытуюцца, заяўляецца пра неабходнасьць іх безумоўнага і поўнага выкананьня. Але Беларусь не ўспрымаюць, як самастойнага гульца ў той сытуацыі, якая цяпер разгортваецца.

Беларусь не ўспрымаюць, як самастойнага гульца ў той сытуацыі, якая цяпер разгортваецца

Я задаў пытаньне пра пагадненьне паміж НАТО і Расеяй, Беларусьсю, краінамі Цэнтральнай Азіі пра парадак вываду цяжкой тэхнікі з Аўганістану праз чыгунку гэтых краінаў. Пасол Лют сказаў мне, што амэрыканская прысутнасьць у Аўганістане ўжо зьменшылася ў 10 разоў. Раней эшалёны празь Беларусь ішлі. Але цяпер тую тэхніку, што засталася ў Аўганістане, можна вывесьці іншым шляхам.

Пытаньне дэмакратыі не зьнікае з парадку дня НАТО. Любы чалец НАТО павінен быць дэмакратычнай дзяржавай паводле вызначэньня. Заўтра будзе пастаўленае на галасаваньне прыняцьце ў Альянс Чарнагорыі. Дык умовай сяброўства для яе быў, апроч іншага, стабільны, надзейны дэмакратычны працэс. Цяпер у Чарнагорыі адбываюцца пратэсты супраць уступленьня краіны ў НАТО, як мяркуюць некаторыя, не без удзелу Расеі. Але дэмакратыя — гэта абавязковы складнік міру ў Эўропе. Вядома, што дэмакратычныя краіны не нападаюць адна на адну.

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG