Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На шпілі лютэранскай кірхі ў Горадні водціскі той самай фірмы, бляхай якой пакрыты дах Сабора Парыжскай Маці Божай — пастар Татарнікаў


Пастар лютэранскай кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў

Пастар лютэранскай кірхі ў Горадні Ўладзімер Татарнікаў

Пастар адзінай дзейнай у Беларусі лютэранскай кірхі стварае музэй пратэстанцтва ў Горадні.

Пастар Уладзімер Татарнікаў служыць у лютэранскай кірсе Горадні ўжо шэсьць гадоў. За гэты час удалося аднавіць набажэнствы, адрэстаўраваць храм звонку, вярнуўшы яму практычна першапачатковы выгляд, усталяваць у храме арган і наладзіць канцэрты арганістаў з усяе Эўропы.

А цяпер, як кажа сам пастар, надышла пара і дзеля таго, каб стварыць у Горадні музэй пратэстанцтва. Пастар Уладзімер зьвяртаецца ня толькі да гарадзенцаў, але і жыхароў усяе Беларусі з просьбай ахвяраваць экспанаты для музэя.

— Пастар Уладзімер, што падштурхнула вас заняцца стварэньнем музэя пратэстанцтва ў Горадні?

— Я на працягу шасьці гадоў праводжу экскурсіі па сваім храме як для гарадзенцаў, так і для гасьцей горада і пераканаўся, што гісторыя пратэстантызму наагул у Беларусі застаецца малавядомай для жыхароў нашай краіны. А ўнёсак пратэстантаў у разьвіцьцё Беларусі таксама значны, прычым у самых розных сфэрах жыцьця: эканамічнай, навуковай, культурнай. Лютэране нават займалі пасады губэрнатараў на беларускіх землях. Прааналізаваўшы гэтыя факты, прыйшоў да высновы, што такі музэй патрэбны Беларусі, хаця б дзеля таго, каб ведалі чаму дагэтуль у Горадні дзейнічае лютэранская абшчына, каб распавесьці людзям пра вядомых пратэстантаў у Беларусі.

— Але ж пратэстанцтва — гэта ня толькі лютэранства...

— Так, я маю на ўвазе ня толькі лютэранства, а і кальвінізм, які меў месца ў Беларусі. І кальвіністы таксама пакінулі вельмі значны сьлед у разьвіцьці і станаўленьні нашае краіны. Узгадайце такія імёны, як Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Радзівілы... Мы таксама хочам, каб гэтыя прозьвішчы засталіся ў гісторыі нашага народа і каб пра іх ведалі сучасьнікі.

У лютэранскай кірсе ў Горадні

У лютэранскай кірсе ў Горадні

— Апошнія гады лютэранскі храм у Горадні наведвае ўсё болей людзей, і перш за ўсё таму, што тут адбываюцца арганныя канцэрты. Напэўна, расьце і цікавасьць да храма як такога і да гісторыі лютэранства?

— Так, цікавасьць расьце, але многім нават відавочныя рэчы малавядомыя. Людзі, да прыкладу, зь цікавасьцю даведваюцца, што ў Горадні было пяць лютэранскіх могілак. Дарэчы, адны з могілак былі тут, насупраць храма, на месцы, дзе цяпер дзіцячы садок. Мы дагэтуль лічым, што яны там знаходзяцца, і, праводзячы памінальны малебен, заўсёды ўзгадваем людзей, якія там пахаваныя. Бо целы людзей не былі перазахаваныя, і мы молімся за спачын іх душаў. І вельмі смутна, што многія людзі ня ведаюць пра існаваньне могілак на гэтым месцы. А таму мы павінны данесьці ім гэтую інфармацыю.

Дзіцячы садок насупраць кірхі ў Горадні — на месцы лютэранскіх могілак

Дзіцячы садок насупраць кірхі ў Горадні — на месцы лютэранскіх могілак

— Побач з кірхай — так званы дом пастара, які да савецкага часу належаў лютэранскай кірсе, пра гэта таксама цяпер ніхто ня ўзгадвае...

— Так, тут ня толькі жыў пастар, але і праводзіліся заняткі для дзяцей з малазабясьпечаных сем’яў, якія не маглі аплочваць навучаньне.

Экспанат будучага музэя пратэстанцтва — першы звон на гарадзенскай кірсе, 1779 год

Экспанат будучага музэя пратэстанцтва — першы звон на гарадзенскай кірсе, 1779 год

— Што змогуць пабачыць наведнікі ў музэі?

— Мы толькі распачынаем гэты працэс збору экспанатаў, і я ўдзячны ўсім, хто адгукаецца і дапамагае нам у гэтай справе. Дарэчы, гэта ня толькі гарадзенцы і тыя, хто некалі з розных прычын пакінуў наш горад. Часам нам перадаюць экспанаты і людзі зь іншых гарадоў. Сёньня ў нас ёсьць біблія 1938 году Марціна Лютэра, яшчэ адна кніга Марціна Лютэра, якая датуецца 1912 годам. Цікавы экспанат, які нядаўна атрымалі ад былога гарадзенца, — білет на канцэрт у гарадзенскай лютэранскай кірсе ў 1912 годзе. Ёсьць шмат паштовак з выявамі кірхі — звонку і знутры. Падчас рамонту мы знайшлі кнігі зь бібліятэкі нашай першай абшчыны, на якіх стаіць пячатка — 1793 год. Цяпер хочам для сябе зрабіць дублікат, бо мы спадкаемцы тае абшчыны. Яшчэ адна наша значная знаходка падчас рамонту. На блясе, якой былі пакрыты шпілі кірхі, — водціскі той самай фірмы, якая займалася пакрыцьцём даху Сабора Парыскай Маці Божай.

Экспанаты будучага музэя пратэстанцтва — паштоўка з выявай лютэранскай кірхі ў Горадні 1916 году і два білеты на канцэрт у лютэранскую кірху 1912 году

Экспанаты будучага музэя пратэстанцтва — паштоўка з выявай лютэранскай кірхі ў Горадні 1916 году і два білеты на канцэрт у лютэранскую кірху 1912 году

— Дзе вы плянуеце разьмясьціць ваш музэй?

— Часткова мы плянуем разьмяшчаць экспанаты ў самой кірсе і ў ейных сутарэньнях. Там захаваліся даволі добрыя памяшканьні, цяпер там рамонт.

— Музэйная справа прадугледжвае навуковую, дасьледчую дзейнасьць. Ці ёсьць у вас каму гэтым займацца?

— Так, і гэта важна, з гэтага мы і пачалі сваю дзейнасьць. Мы накіравалі запыты ў архівы Варшавы і Бэрліна да братоў-лютэранаў з просьбай дапамагчы адшукаць у архівах дакумэнты, якія датычаць нашае кірхі. Нам вядома, што частка архіваў гарадзенскай абшчыны ў 1944 годзе была туды вывезена. Апроч гэтага, мы праводзім дасьледаваньні і ў нашым абласным архіве.

Экспанат будучага музэя пратэстанцтва — Біблія 1938 году выданьня

Экспанат будучага музэя пратэстанцтва — Біблія 1938 году выданьня

— Пастар Уладзімер, вядома, што малебны ў кірсе да савецкага часу адбываліся на нямецкай мове, цяпер — па расейску. Ці ўвойдзе ў лютэранскі храм беларуская мова?

— Пакуль мы яшчэ да гэтага не падрыхтаваліся, гэты працэс у дарозе, і ён некалі наступіць. У нас ёсьць малітоўнікі па-беларуску, цяпер рыхтуецца пераклад «Кнігі Згоды» на беларускую мову, і мы рыхтуем для перакладу на беларускую мову зборнік песень. Над гэтым зараз працуюць адмыслоўцы, працэс будзе адбывацца паступова. А наступіць гэты час толькі тады, калі сама абшчына выкажа такое жаданьне. Мы, як і ўсе, праходзім праз працэс адраджэньня. І вельмі б хацелася, каб нас не называлі нямецкай царквой, бо мы ўсе тут грамадзяне Беларусі і адносімся да беларускай лютэранскай царквы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG