Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастар Татарнікаў: Турысты пытаюцца — чаму так занядбаны будынак кірхі, а я ім нічога не магу адказаць...


Уладзімер Татарнікаў, пастар гарадзенскай лютэранскай грамады

Уладзімер Татарнікаў, пастар гарадзенскай лютэранскай грамады

Адзіная ў Беларусі дзейная лютэранская кірха ў старой частцы Горадні стаіць без рэстаўрацыі. Абяцаньні былога старшыні аблвыканкаму Сямёна Шапіры скончыць рэстаўрацыю да фэстывалю нацыянальных культур так і засталіся абяцаньнямі. Трапіць на прыём да новага старшыні аблвыканкаму пастар Уладзімер Татарнікаў ня можа. Ён толькі моліцца Богу і спадзяецца, што ўлады ўрэшце да іх павернуцца.

— У чым прычына, што ўлады, узяўшыся ўвесну так натхнёна за рэстаўрацыю кірхі да рэспубліканскага фэстывалю, раптоўна прыпынілі тут працы?

— Сапраўды, пачыналася ўсё даволі добра пры падтрымцы былога старшыні аблвыканкаму Шапіры: была дасягнута дамоўленасьць, што з дапамогай бізнэсу будуць выдзеленыя неабходныя грошы. Але пасьля таго як Шапіра ад’ехаў працаваць у Менскую вобласьць, выдзеленыя сродкі папросту вычарпаліся. І на сёньняшні дзень мы яшчэ вінныя будаўнікам 500 мільёнаў. А працы далёка ня скончаныя.

— Вы называлі ў СМІ суму ў 250 тысяч даляраў, якой не хапае, каб завяршыць рэстаўрацыю. У прынцыпе, гэта невялікія грошы. Што вам цяпер кажуць наконт іх чыноўнікі?

— Афіцыйна нам нічога не адказваюць, а неафіцыйна кажуць, што грошай няма.

— А новы старшыня аблвыканкаму?

— Трапіць да яго на прыём вельмі складана, бо ўсе гадзіны прыёму заўсёды занятыя. Мы спрабавалі тэлефанаваць і запісацца — безвынікова. Каб трапіць да старшыні аблвыканкаму, трэба спачатку абысьці ўсіх чыноўнікаў зьнізу аж да яго намесьніка.

— Раней грошы на рэстаўрацыю вам выдзялялі прыватныя гарадзенскія фірмы. А чаму цяпер нельга дамовіцца зь бізнэсоўцамі наўпрост?

— На жаль, бізнэс у адносінах да нашае рэстаўрацыі ня вельмі актыўны. Магчыма, па просьбе ўладаў іх стаўленьне б зьмянілася, але праявіць проста ініцыятыву на нашу просьбу... Мы напісалі шэраг лістоў у розныя фірмы кшталту мясакамбінату, і некаторыя пералічылі нам па 5–6 мільёнаў. Але гэта не мільярд і нават ня сто мільёнаў.

— Нават нягледзячы на тое, што лютэранская кірха — адзіная дзейная ва ўсёй Беларусі...

— Людзі, якія ўкладваюць у рэстаўрацыю кірхі, павінны разумець, што яны ўкладваюць не ў разьвіцьцё лютэранства, а ў захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны сваёй краіны. Мы павінны пакінуць нашым нашчадкам нашу гісторыю. Зьяўленьне лютэранства ў нас у Беларусі — гэта таксама наша гісторыя. З усіх культавых помнікаў у Горадні толькі лютэранская кірха знаходзіцца ў такім жудасным стане.

Трэшчыны на сьценах кірхі

Трэшчыны на сьценах кірхі

— У вас ёсьць плян — што далей рабіць з рэстаўрацыяй кірхі?

— Не, самі мы ніякага пляну ня маем, бо занадта вялікая сума грошай патрэбная. Мы ўсё ж спадзяёмся на гарадзкія і абласныя ўлады. Яны ж увесь час дэкляруюць, што трэба ў горад прывабліваць турыстаў. Мне здаецца, яны павінны скончыць пачатую рэстаўрацыю.

— У Горадні жыве больш за 300 тысяч жыхароў. Ці спрабавалі вы зьвярнуцца да іх з просьбай сабраць хоць па адным даляры? Гэтага б хапіла на рэстаўрацыю кірхі...

— Ідэя такая была, каб зьвярнуцца да гараджан... Але вы пачытайце, што пішуць гарадзенцы ў камэнтарах на сайтах наконт нашае праблемы. Ніхто ня піша: давайце дапаможам... Неяк ня верыцца, што гарадзенцы здольныя на гэта. Зразумела, што частка гарадзенцаў перажывае за захаваньне сваёй культурнай спадчыны, гісторыі. Але што такім чынам можна сабраць такую суму — я ня веру.

Так цяпер выглядае лютэранская кірха ў Горадні: звонку нават не атынкаваная

Так цяпер выглядае лютэранская кірха ў Горадні: звонку нават не атынкаваная

— Сёлета ў кірсе ўсталявалі ўрэшце арганы, адбыліся нават першыя арганныя канцэрты для гараджан. Як, на вашу думку, арганы зьмянілі кірху?

— За гэты час з 7 чэрвеня, калі адбылося адкрыцьцё арганаў, наш храм наведалі больш за тысячу чалавек, гэта па 300 чалавек за адзін канцэрт. Мы пабачылі, што цікавасьць гарадзенцаў і гасьцей гораду да арганнай музыкі вялікая. Мы нават не маглі сабе ўявіць, што ўсе сядзячыя месцы ў залі зоймуць і людзі яшчэ будуць стаяць у праходах. Зьмянілася стаўленьне да нашага храма: многія пабачылі, што лютэранская кірха — гэта не закінутае памяшканьне, а дзейны храм з выдатнымі арганамі і выдатнай акустыкай.

Новы арган у гарадзенскай кірсе

Новы арган у гарадзенскай кірсе

— Напэўна, турысты, якія, асабліва летам, наведваюць Горадню, цікавяцца ў вас — чаму храм у такім стане? Што вы ім адказваеце?

— Вядома, усе вельмі занепакоеныя такім станам храма. І я нават цяпер ня ведаю, што адказваць турыстам, бо першае пытаньне, якое яны задаюць, — чаму ў такім прыгожым чыстым горадзе такі занядбаны будынак у цэнтры... І я як беларус не магу сказаць ім наўпрост, хто ў гэтым вінаваты, каб не ачарняць сваю краіну перад турыстамі. І я ня ведаю, што ім адказваць. Але зазвычай турысты ўсё выдатна бачаць і разумеюць.

Афіцыйнай датай заснаваньня кірхі ў Горадні лічыцца 1793 год, але ў 1912 годзе храм значна перабудавалі. У такім выглядзе ён і захаваўся да нашых дзён. Гэта адзіная дзейная лютэранская кірха ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG