Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАТО зьбіраецца абмеркаваць зьбіты Турэччынай расейскі самалёт


НАТО правядзе сёньня тэрміновае пасяджэньне ў сувязі са зьбітым паблізу турэцкай мяжы расейскім бамбавіком.

Пра гэта паведамляе ваенны аглядальнік газэты The Times Дэбра Хайнс.

Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла, што зьбіты сёньня ў Сырыі каля турэцкай мяжы самалёт зьяўляецца расейскім бамбавіком Су-24. Пры гэтым у ведамстве заяўляюць, што самалёт не парушаў паветранай прасторы Турэччыны і быў зьбіты, як мяркуецца, у выніку абстрэлу з зямлі.

Паводле зьвестак турэцкай газэты Hurriyet, самалёт упаў на палаткі ў раёне паселішча Ямадлы ў Латакіі, дзе жывуць сырыйскія туркаманы (сырыйскія туркмэны), якія змагаюцца з рэжымам Башара Асада. Два пілёты Су-24 катапультаваліся, адзін зь іх быў забіты, а другога ўзялі ў палон туркаманы, адзначае выданьне. Расейскія верталёты вядуць пошук пілётаў і абломкаў самалёта.

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што да поўнага высьвятленьня сытуацыі з крушэньнем расейскага вайсковага самалёта ў Сырыі казаць пра пагаршэньне адносін паміж Расеяй і Турэччынай заўчасна.

Віцэ-спікер Дзярждумы Мікалай Левічаў прапанаваў эвакуяваць з Турэччыны расейскіх грамадзянаў, адклікаць амбасадара, і спыніць авіязносіны з гэтай краінай.

Паводле інфармацыі турэцкіх СМІ, расейскі Су-24 быў зьбіты ВПС Турэччыны пасьля таго, як парушыў паветраную прастору краіны. Паводле зьвестак міністэрства абароны Турэччыны, перад тым, як адкрыць агонь, расейскіх пілётаў папярэдзілі аб парушэньні мяжы, аднак яны праігнаравалі патрабаваньне зьмяніць свой курс. Прэм’ер-міністар Турэччыны даручыў МЗС краіны пачаць тэрміновыя кансультацыі з саюзьнікамі ў НАТО.

Раней паведамлялася, што расейскія вайсковыя самалёты, якія базуюцца ў Сырыі, неаднаразова парушалі паветраную прастору Турэччыны.

XS
SM
MD
LG