Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пятая аўтакалёна»: расейскія «дальнабойнікі» рыхтуюць паход на Маскву


Акцыя пратэсту кіроўцаў вялікагрузных аўтамабіляў у Навасібірску.
Акцыя пратэсту кіроўцаў вялікагрузных аўтамабіляў у Навасібірску.

У Расеі працягваюцца акцыі пратэсту кіроўцаў вялікагрузных аўтамабіляў, незадаволеных «Платонам» — сыстэмай аплаты праезду па фэдэральных трасах. Пра гэтыя акцыі — ў рэпартажы расейскай службы Радыё Свабода.

Нягледзячы на тое што пасьля пачатку пратэстаў улады пагадзіліся часова зьнізіць тарыф на праезд для грузавікоў масай больш за 12 тонаў з 3 рублёў 73 капеек за кілямэтар да 1 рубля 53 капеек (1 даляр каштуе зараз 65.5 расейскіх рублеў — РС), «дальнабойнікі» не адступаюцца ад патрабаваньня цалкам адмяніць новы падатак і плянуюць адправіцца з розных гарадоў Расеі маршам пратэсту на Маскву.

Сярод удзельнікаў пратэстаў ёсьць прадстаўнікі самых розных палітычных поглядаў — у тым ліку і антызаходніх. Да параўнаньняў з прадстаўнікамі «лібэральнага лягеру» расейскай палітыкі «дальнабойнікі» ставяцца з іроніяй, называючы сябе «пятай аўтакалёнай», але настроеныя яны сур’ёзна — калі да канца тыдня ўлады не пойдуць на саступкі, пратэсты могуць выйсьці на новы ўзровень.

Пратэст «дальнабойнікаў» у Томску 11 лістапада.
Пратэст «дальнабойнікаў» у Томску 11 лістапада.

У панядзелак «дальнабойнікаў»-пратэстоўцаў часткова падтрымаў кіраўнік Ашчадбанку Расеі Герман Грэф. Ён выступаў на зьезьдзе грамадзкай арганізацыі малога і сярэдняга бізнэсу «Апора Расеі», дзе заявіў, што ўвод у дзеяньне сыстэмы «Платон» з мноствам «відавочных памылак» зьяўляецца недапушчальным. «У выніку мы бачым сёньня сур’ёзны ўплыў і наогул у цэлым на лягістыку ў краіне, і на настрой. І ў канчатковым выніку мы ўбачым гэта па асартымэнце нашых тавараў, асабліва напярэдадні Новага году, і ў цэнах».

Па словах Грэфа, новая сыстэма падыме інфляцыю ў 2016 годзе на 1,5%. Грэф, зрэшты, тут жа абмовіўся, што ў цэлым ўвядзеньне платы за праезд фураў па фэдэральных трасах падтрымлівае і лічыць яго адпаведным эўрапейскай практыцы.

Самі «дальнабойнікі» і лідэры прафсаюзаў кіроўцаў грузавікоў у розных рэгіёнах Расеі кажуць не толькі аб тэхнічных збоях, з-за якіх «Платонам» немагчыма карыстацца, але і пра неабходнасьць зусім адмяніць сыстэму аплаты праезду. На сайце change. org апублікаваная пэтыцыя з такім патрабаваньнем, у якім пералічаныя пяць асноўных аргумэнтаў на карысьць адмены «Платона».

Першы — гэта ўсё тая ж інфляцыя. Другі — хлусьня уладаў аб памерах даходаў, якія плянуецца атрымаць з дапамогай падатку. Гэтыя даходы, на думку «дальнабойнікаў», моцна заніжаныя і складуць не 30-50 мільярдаў рублёў у год, а 230-800 мільярдаў. Трэці аргумэнт — новую сыстэму прыдумалі і распрацавалі ў кампаніі, падкантрольнай Ігару Ратэнбэргу, сыну мільярдэра Аркадзя Ратэнбэрга, сябра Ўладзімера Пуціна. Чацьвёрты — няякаснае будаўніцтва дарогаў фэдэральнай дарожнай службай «Росавтодор», яка я несправядліва перакладае адказнасьць за пагаршэньне дарожнага палатна на «дальнабойнікаў». І, нарэшце, пятая прычына адмяніць збор за праезд па фэдэральных трасах — адсутнасьць празрыстага мэханізму разьмеркаваньня атрыманых у выніку яго ўвядзеньня сродкаў.

Гэтая пэтыцыя пакуль сабрала толькі крыху больш за 2 тысяч подпісаў. Ёсьць на change. org і іншая, аўтары якой просяць толькі адтэрмінаваць увядзеньне новай сыстэмы — пад ёй падпісаліся ўжо больш за 6 тысяч чалавек. Сапраўды, адзінага меркаваньня пра тое, ці варта патрабаваць поўнай адмены новага збору або можна дамаўляцца з уладамі пра яго памяншэньне і адтэрміноўку, сярод саміх кіроўцаў няма — пра гэта сьведчыць онлайн-апытаньне ў адной з групаў у сацыяльнай сетцы «Укантакце», згодна зь якім многія гатовыя і зусім зьмірыцца з новым падаткам.

Зрэшты, большасьць кіроўцаў настроеныя рашуча і гатовыя пратэставаць «да перамогі», нягледзячы на перашкоды, якія будуць чыніць улады. У Санкт-Пецярбургу ў аўторак адбудзецца чарговая акцыя пад назвай «сьлімак»: падчас яе калёна грузавікоў рухаецца па акруговым аўтамагістралях з хуткасьцю 10-20 кілямэтраў у гадзіну. Пасьля папярэдняга «сьлімака» многія кіроўцы былі аштрафаваныя за парушэньне правілаў дарожнага руху. У нядзелю, 29 лістапада, удзельнікі пратэстаў плянуюць адправіцца на сваіх фурах ў Маскву. Прыехаць на сваіх фурах да сьценаў Крамля пагражаюць і «дальнабойнікі» Дагестану — расейскага рэгіёну, у якім у бізнэс аўтамабільных грузаперавозак традыцыйна ўцягнутая значная частка насельніцтва. Акцыі пратэсту «дальнабойнікаў» у Махачкале не спыняюцца ўжо 10 дзён. У інтэрнэце імкліва набіраюць папулярнасьць відэаролікі, зьнятыя 21 лістапада журналісткай мясцовага сайту «Чарнавік» Барыят Ідысавай на акцыі пратэсту «дальнабойнікаў» — іх паглядзелі ўжо амаль 200 тысяч чалавек. На адным зь відэа мясцовы жыхар параўноўвае Ўладзіміра Пуціна з апошнім расейскім імпэратарам: «Рабочыя скінулі ўладу Мікалая ІІ, таму што ён не быў з народам, мы можам скінуць і Пуціна і Мядзьведзева!».

Дагестан, па словах Барыят Ідрысавай, стаў адным з эпіцэнтраў пратэстаў «дальнабойнікаў» зь некалькіх прычынаў — па-першае, тут адна з самых высокіх у Расеі ставак транспартнага падатку, па-другое, у рэспубліцы аўтаперавозкамі займаюцца часам цэлыя вёскі, жыхары якіх цяпер страцяць каля паловы гадавога даходу ад гэтага бізнэсу:

«Акцыі «дальнабойнікаў» у Дагестане працягваюцца адначасова ў некалькіх раёнах — у Хасавюрце, Манасе да пратэстоўцаў далучаюцца іх калегі з Чачні, дзе ніякія акцыі пратэсту немагчымыя па змоўчаньні, гэта каля 20 чалавек.

Пратэстоўцы настроеныя рашуча, але пакуль сытуацыя спакойная, яны не перакрываюць руху, бо спадзяюцца на канструктыўны дыялёг. На сёньняшні дзень гэты «дыялёг» палягае ў візытах да іх супрацоўнікаў паліцыі, якія афармляюць адміністрацыйныя штрафы і вязуць іх у пастарунак.

30 лістапада, калі не будзе прынята ніякіх рашэньняў, яны плянуюць марш на Маскву. Яны хочуць перакрыць МКАД і — перадаю зь іх словаў — «стаяць насупраць вакна Пуціна і дамагацца свайго да апошняга».

Пратэст «дальнабойнікаў» у Дагестане.
Пратэст «дальнабойнікаў» у Дагестане.

Яшчэ адзін ключавы для грузавых перавозак рэгіён Расеі — Смаленская вобласьць, празь якую ў Маскву і іншыя вобласьці ідзе паток грузаў з Эўропы і Беларусі. Нягледзячы на тое, што траса М1 Масква — Менск зьяўляецца адной з самых ўладкаваных ў Расеі і лідзіруе па якасьці дарожнага пакрыцьця, захаванасьць якога закліканая забясьпечваць сыстэма «Платон», мясцовыя перавозчыкі цяпер вымушаныя прастойваць — рамкі для счытваньня дадзеных усталяваных у грузавіках бартавых прыладаў тут не працуюць, саміх прыладаў у смаленскім офісе «Платона» няма. Па словах Сяргея, кіроўцы грузавіка і ўладальніка невялікай транспартнай фірмы, бяз руху стаяць і фуры зь іншых краінаў — аб’ёмы перавозак пасьля ўвядзеньня сыстэмы аплаты праезду скараціліся на дзьве траціны:

«У панядзелак мы пададзім заяўку на правядзеньне санкцыянаванага мітынгу. У ім будуць удзельнічаць як мінімум 500 чалавек — гэта тыя, хто нам ўжо патэлефанаваў і пацьвердзіў. Мы выступаем за поўную адмену платы. Сэнсу адтэрміноўваць дзеяньне сыстэмы няма — тады ў канчатковым выніку ўсё роўна давядзецца плаціць, і гэта паўплывае на канчатковага спажыўца. Я такі ж перавозчык, як і ўсе. На дадзены момант мы стаім і не працуем, таму што не можам аплаціць праезд. Бартавых прыладаў у Смаленску няма. Тэлефануеш ў Маскву — кажуць, што ёсьць. Прыходзіш у офіс у Смаленску — кажуць, што няма, i аб’ява вісіць, што выдача бартавых прыладаў прыпыненая. Сайты ўсе вісяць у іх, аплаціць немагчыма. Акрамя таго, каб скласьці маршрут, мне цяпер трэба наймаць асобнага супрацоўніка.

Мы стаім пераважна ў знак пратэсту, але нават калі ехаць кудысьці, гэта зрабіць практычна немагчыма. Гэта займае вельмі шмат часу — каб скласьці маршрут, аплаціць яго. На трасе М1 сыстэма не працуе. Калі яе ўвялі, на мяжы ў бок Менску быў затор 17 кілямэтраў. Замежныя кампаніі, якія вязуць да нас груз, таксама не маглі аплаціць праезд. З боку Віцебску стаялі каля 150 машынаў па той жа самай прычыне — не маглі скласьці маршрутныя карты, аплаціць іх. Калі сыстэма запрацуе, мы, вядома, зможам езьдзіць, проста падымем кошт сваіх паслугаў. Нам, па ідэі, ўсё роўна — калі нават паліва будзе каштаваць 100 рублёў за літр, а праезд — 100 рублёў за кілямэтар. Мы проста ўключым гэта ў кошт сваіх паслуг, а адказваць будуць усе, увесь народ. У самым Смаленску пакуль недахопу нейкіх тавараў не адчуваецца, але машынаў на дарогах стала прыкметна менш, па трасе М1 фураў стала езьдзіць менш у тры разы».

Інтэрактыўная мапа пратэстаў на сайце «Антыплатон»
Інтэрактыўная мапа пратэстаў на сайце «Антыплатон»

Пакуль фуры прастойваюць, у інтэрнэце зьявіўся сайт «Антыплатон» з інтэрактыўнай мапай пратэстаў кіроўцаў вялікагрузных аўтамабіляў па ўсёй Расеі. Гэтыя акцыі абмяркоўваюць і на профільных сайтах — напрыклад, на форуме «Аўтатрансінфа». Яго ўдзельнікі маюць намер адправіць у пракуратуры кожнага рэгіёну Расеі лісты з патрабаваньнем праверыць стваральнікаў «Платона», разам з юрыстамі абмяркоўваецца падача калектыўных пазоваў у суды.

Дзеяньне сыстэмы «Платон» распаўсюджваецца больш чым на 50 тысяч кілямэтраў расейскіх дарог. У жніўні 2014 году распараджэньнем ўраду Расеі было заключанае канцэсійнае пагадненьне паміж «уладальнікам» «Платона» — Фэдэральным дарожным агенцтвам і кампаніяй «РТ-Інвест Транспартныя сыстэмы» (РТІТС). Такім чынам, прыватная кампанія стала апэратарам сыстэмы.

Ігар Ратэнбэрг у лістападзе 2014 году
Ігар Ратэнбэрг у лістападзе 2014 году

Па дадзеных газэты «Ведомости», першапачаткова кампанія РТІТС належала дзяржкарпарацыі «Ростех» і інвэстыцыйнаму фонду «РТ-Інвест». Аднак, з канца 2014 года «Ростех» пачаў прадаваць свае акцыі ў РТІТСе «РТ-інвест», які, у сваю чаргу, прадаў іх бізнэсоўцу Ігару Ратэнбэрга, сыну бізнэсоўца Аркадзя Ратэнбэрга. Ратэнбэрг-малодшы знаходзіцца на 166-м месцы ў сьпісе найбагацейшых бізнэсоўцаў Расеі часопіса Forbes, яго стан ацэньваецца ў 500 мільёнаў даляраў. Да вясны 2015 году, па дадзеных «Ведомостей», Ігар Ратэнбэрг атрымаў 50% акцый РТІТСа, а «Ростех» цалкам сышоў з праекту. Зрэшты, менавіта дзякуючы дзяржкарпарацыі «Ростех» і яе прэзыдэнту Сяргею Чэмезаву, РТІТС стаў апэратарам сыстэмы зьбіраньня платы з грузавікоў без конкурсу: першапачаткова Расаўтадар плянаваў выбраць апэратара «Платона» на конкурснай аснове, з удзелам замежных кампаніяў, але летам 2014 году конкурс адмянілі.

Сяргей Чэмезаў, чэрвень 2010 году.
Сяргей Чэмезаў, чэрвень 2010 году.

І Сяргей Чэмезаў, і Аркадзь Ратэнбэрг ўнесеныя выданьнем Forbes у сьпіс «ключавых фігураў пуцінскай вэртыкалі». Абодва знаёмыя з прэзыдэнтам даўно. Чэмезаў — з 1980-х гадоў, з часоў службы ў ГДР, дзе цяперашні кіраўнік «Ростеху» і прэзыдэнт Расеі былі суседзямі. Ратэнбэрг пазнаёміўся з Пуціным яшчэ раней, у сярэдзіне 1960-х, калі разам са сваім братам Барысам займаўся барацьбой ў адной групе з будучым кіраўніком дзяржавы. І Чэмезаў, і браты Ратэнбэргі ў 2014 годзе патрапілі ў сьпіс людзей, на якіх ЗША і Эўразьвяз наклалі візавыя і фінансавыя санкцыі ў адказ на анэксію Крыму. Паводле паведамленьняў СМІ, у 2014 годзе браты Ратэнбэргі сталі перапісваць свае актывы на дзяцей, якія пад санкцыі не трапілі.

«Росавтодор» пакуль ніяк не адрэагаваў на акцыі пратэсту «дальнабойнікаў». У канцы мінулага тыдня ведамства толькі дала справаздачу аб першых выніках працы сыстэмы «Платон» — калі верыць апублікаванай на сайце «Росавтодора» інфармацыі, за першыя пяць дзён працы «Платона» ў фэдэральны дарожны бюджэт быў сабраны 191 мільён рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG