Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады абяцаюць бюджэтнікам падвышэньне заробку ў 2016 годзе на 13%


Але ва ўрадзе прызнаюць, што гэты гіпатэтычны рост зьесьць інфляцыя.

Пра падвышэньне заробку бюджэтнікаў у 2016 годзе на 13% заявіла сёньня старшыня бюджэтнай камісіі Палаты прадстаўнікоў Людміла Дабрыніна.

Яна сказала, што профільныя камісіі Палаты прадстаўнікоў толькі-толькі пачалі разглядаць праект бюджэту на 2016 год, і дадала, што гэты бюджэт захавае свой сацыяльны вэктар, а выдаткі на ахову здароўя і адукацыю будуць павялічаныя.

Аднак літаральна праз паўгадзіны пасьля гэтага на пашыраным паседжаньні дзьвюх профільных камісіяў Палаты прадстаўнікоў першы намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Забароўскі сказаў, што ў наступным годзе інфляцыя плянуецца ў памеры 12%.

Так што выглядае, што гэты прырост заробкаў можа зьесьці інфляцыя.

Даючы агульную характарыстыку праекту бюджэту на 2016 год, Аляксандар Забароўскі сказаў, што для гэтага бюджэту характэрная звышвысокая ступень непрадказальнасьці.

«Сышліся тры крайнія фактары: першае — абвал сыравіннага і таварнага рынку, другое — пачатак валютных войнаў, і трэцяе — рэзкае замаруджваньне сусьветнай эканомікі, у тым ліку і яе лідэра Кітая. Менавіта гэтым і выклікана тое, што абмеркаваньне праекту бюджэту на наступны год пачалося пазьней, чым звычайна», — сказаў Аляксандар Забароўскі.

Ён дадаў, што Міністэрства эканомікі Беларусі падпісала дамову аб каапэрацыі зь Міністэрствам эканамічнага разьвіцьця Расейскай Фэдэрацыі. Такія кантакты дазволілі падкарэктаваць пэўныя лічбы ў праекце бюджэту. Напрыклад, калі першапачаткова меркавалася, што адзін барэль нафты будзе каштаваць 57 даляраў, то пасьля кансультацыі з Масквой было вырашана закласьці ў бюджэт кошт аднаго барэля ў памеры 50 даляраў роўна. Гэтая лічба выглядае найбольш рэалістычнай.

Аляксандар Забароўскі назваў тры галоўныя задачы беларускай эканомікі на наступны год: гэта павелічэньне экспарту, павелічэньне інвэстыцыяў і стварэньне новых працоўных месцаў.

XS
SM
MD
LG