Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас інаўгурацыі Аляксандар Лукашэнка выступіў з палымянай прамоваю ў абарону сацыяльнай дзяржавы, на якую нібыта замахнуліся рэфарматары з уладных кабінэтаў. Ён намаляваў вусьцішную карціну, у якой дзеці і старыя бязьлітаснай рукой прыхільнікаў рэформаў будуць кінутыя ў рынкавую стыхію. Але на шляху гэтых бяздушных людзей паўстае як магутны волат народны прэзыдэнт.

Адгрымелі фанфары, адсьпявалі песьні на ўрачыстым канцэрце, усенародна адсьвяткавалі пачатак чарговага тэрміну прэзыдэнцтва дзейнага кіраўніка. Пачаліся шэрыя будні. І што мы бачым? Аляксандар Лукашэнка пачаў уласнымі рукамі цішком дэмантаваць тую самую сацыяльную дзяржаву, якую ён так апантана абараняў на інаўгурацыі літаральна некалькі дзён таму.

Прэзыдэнцкі ўказ № 460 ад 16 лістапада прадугледжвае скарачэньне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве і куплі жыльля, зьмяншэньне жыльлёвых ільготаў. Так, дзяцям-сіротам і дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, цяпер будуць даваць сацыяльнае жыльлё толькі на 5 гадоў з правам атрыманьня ільготнага крэдыту на будоўлю сваёй кватэры. Указ прадугледжвае зьмяншэньне памеру фінансавай дапамогі шматдзетным і маладым сем’ям на пагашэньне запазычанасьці па льготных крэдытах пры адмене ўсынаўлення (удачарэньня) дзяцей. Паводле ўказу цяпер дзяржаўныя органы і арганізацыі атрымліваюць права абвяшчаць інтэрнацкае жыльлё кватэрамі і ўключаць іх у склад жыльля камэрцыйнага выкарыстаньня. Менш становіцца катэгорыяў тых грамадзян, якія маюць першачарговае права на камэрцыйнае жыльлё. Скарачаюцца льготы па плаце за карыстаньне камэрцыйным жыльлём. Указ забараняе ставіць у чаргу на жыльлё тых грамадзян, якія маюць жыльлё, прызнанае непрыдатным для пражываньня.

Або возьмем той жа нядаўні дэкрэт № 7, які абкладае 13-працэнтным падаткам даходы ўкладчыкаў ад банкаўскіх дэпазытаў. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыі, камэнтуючы гэты заканадаўчы акт, акцэнтуюць увагу на тым, што дасюль для беларускіх укладчыкаў былі створаны ўнікальныя льготныя ўмовы. Маўляў, падаткі на ўклады ў суседніх краінах яшчэ нават вышэйшыя і існуюць даўно.

Аляксандар Лукашэнка пачаў уласнымі рукамі цішком дэмантаваць тую самую сацыяльную дзяржаву, якую ён так апантана абараняў на інаўгурацыі літаральна некалькі дзён таму.

Але варта зазначыць, што Беларусь за апошнія 20 гадоў — рэкардсмэн сьвету па інфляцыі. З 2009 году (за шэсьць гадоў) беларускі рубель дэвальваваўся ў восем разоў (з 2200 да 17880 рублёў за даляр). Гэта ж таксама ўнікальная ў сьвеце сытуацыя. Таму і спатрэбілася трэцяя дэнамінацыя. Зразумела, чаму інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні ў беларускім грамадзтве такія беспрэцэдэнтныя. Таму ўлады і вымушаныя былі рабіць надзвычайныя захады, каб іх зьбіць, ствараючы льготныя ўмовы для ўкладчыкаў. Гэтыя льготы і ўратавалі фінансавую сыстэму краіны ад поўнага каляпсу. Высокія працэнты па ўкладах — гэта інструмэнт ратаваньня даходаў беларускіх грамадзян ад інфляцыі, якая штогод вызначаецца двузначнымі лічбамі. То бок згаданыя высокія працэнты — гэта не празьмерны клопат дзяржавы пра народ, а адзіны рацыянальны спосаб ратаваць неэфэктыўную эканамічную сыстэму. А цяпер у людзей і тое забіраюць. Лягічна, што адным зь відавочных наступстваў дэкрэту № 7 стала падзеньне курсу беларускага рубля. Што, у сваю чаргу, б’е па даходах насельніцтва.

17 лістапада Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком місіі МВФ па Беларусі Пітэрам Долманам. Як вядома, Міжнародны валютны фонд у якасьці ўмовы выдзяленьня крэдыту патрабуе поўнай аплаты насельніцтвам камунальных паслуг. І, як ні дзіўна, абаронца сацыяльнай дзяржавы з гэтым пагадзіўся. «Формула адна: атрымліваеш паслугу — плаці за гэтую паслугу ў поўным аб’ёме. Няхай гэта будзе электрычнасьць, цяпло, транспартнае абслугоўваньне і гэтак далей», — сказаў Лукашэнка на гэтай сустрэчы.

Карацей, як любіць казаць Лукашэнка, у нас жа дзяржава для народа.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG