Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На пасяджэньні выканкаму WADA вырашыцца лёс расейскіх лёгкаатлетаў


18 лістапада на пасяджэньні выканкаму Ўсясьветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) у амэрыканскім Каларада-Спрынгс разглядаецца справаздача незалежнай камісіі аб ужываньні расейскімі спартоўцамі забароненых прэпаратаў. Апроч таго, Рада заснавальнікаў арганізацыі мусіць вырашыць лёс маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, ці адпавядае тая кодэксу WADA.

Фактычна на кон пастаўлены ўдзел расейскай лёгкаатлетычнай зборнай у Алімпійскіх гульнях 2016 году ў Рыа-дэ-Жанэйра, а таксама ў іншых буйных міжнародных спаборніцтвах. На мінулым тыдні незалежная камісія WADA апублікавала скандальныя вынікі расьсьледаваньня дзейнасьці Ўсерасейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі і Міністэрства спорту Расеі, вылучыўшы цэлы шэраг абвінавачаньняў у дачыненьні афіцыйных асобаў і спартоўцаў. Згодна з дакладам, у Расеі абарот забароненых прэпаратаў у апошнія дзесяцігодзьдзі пераўтварыўся ў беспрэцэдэнтны па сваім размаху бізнэс, падкантрольны Міністэрству спорту і ФСБ, у карупцыйную арбіту зацягнутыя практычна ўсе вышэйшыя спартовыя функцыянэры.

Пакуль вядзецца сьледзтва адносна фактаў ужываньня забароненых прэпаратаў, Міжнародная фэдэрацыя лёгкай атлетыкі часова адхіліла ўсіх чальцоў расейскай каманды ад міжнародных стартаў — нават тых атлетаў, якія дагэтуль не былі злоўленыя на допінгу. Таксама прыпыненая дзейнасьць маскоўскай антыдопінгавай лябараторыі, пад дахам якой невядомым чынам «зьнікла» амаль паўтары тысячы пробаў на ўтрыманьне ў арганізьме забароненых рэчываў.

У сваю чаргу, выканкам WADA на сваім пасяджэньні разгледзіць просьбу расейскага боку паскорыць працэдуру пераакрэдытацыі маскоўскай лябараторыі. Расейскія прадстаўнікі аргумэнтуюць, што адкліканьне ліцэнзіі вядзе, па-першае, да замарожваньня бюджэтнага фінансаваньня і страты высокакваліфікаванага пэрсаналу. Па-другое, вядзе да аслабленьня ўсёй антыдопінгавай сыстэмы ў Расеі, якая цяпер наогул засталася без прыкрыцьця.

Канчатковае рашэньне адносна лёсу расейскай лёгкай атлетыкі мусіць агучыць Рада заснавальнікаў Усясьветнага антыдопінгавага агенцтва.

XS
SM
MD
LG