Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францыя: смутак, адзінства і рашучасьць


Жыхары Парыжа нясуць кветкі і сьвечкі на месца тэракта ў канцэртнай залі «Батаклан», каб ушанаваць памяць загілулых. Парыж, 15 лістапада 2015 году

Жыхары Парыжа нясуць кветкі і сьвечкі на месца тэракта ў канцэртнай залі «Батаклан», каб ушанаваць памяць загілулых. Парыж, 15 лістапада 2015 году

Францыя смуткуе па загінулых 13 лістапада, урад поўніцца рашучасьцю зьнішчыць групоўку «Ісламская дзяржава».

У Францыі ў нядзелю пачалася трохдзённая жалоба па ахвярах тэрактаў 13 лістапада. У эфіры тэлеканала TF1 прэм’ер-міністар краіны Мануэль Вальс заявіў, што Францыя знаходзіцца ў стане вайны і нанясе ўдар у адказ з мэтай поўнага зьнішчэньня ворага — джыхадысцкай арганізацыі «Ісламская дзяржава». «Яны вельмі добра арганізаваныя. Бо гэта армія, якая месяцы і нават гады таму назад прыняла рашэньне напасьці на Францыю, таму што Францыя — гэта дэмакратыя, гэта краіна з годна ўзьнятай галавой, гэта вольная краіна», — падкрэсьліў францускі прэм’ер. Колькасьць ахвяраў тэрактаў у нядзелю перавысіла 130 чалавек — у бальніцах памерлі некалькі пацярпелых.

Увечары ў нядзелю сталі паступаць паведамленьні пра тое, што на плошчы Рэспублікі ў Парыжы зноў пачуліся аўтаматныя чэргі. Людзі, якія сабраліся, каб ушанаваць памяць загінулых 13 лістапада, у паніцы зьбеглі з плошчы. Як пазьней высьветлілася, перастрэлкі не было, падарваліся пэтарды. Парыжане выйшлі на акцыю памінаньня, нягледзячы на дзейнае ў Францыі надзвычайнае становішча і заклікі уладаў не зьбірацца ў грамадзкіх месцах.

Расьсьледаваньне абставінаў самай цяжкай тэрарыстычнай атакі ў гісторыі Францыі працягваецца, раскрываючы ўсё новыя дэталі гэтай добра сплянаванай акцыі. Асобу аднаго зь сямі тэрарыстаў-сьмяротнікаў атрымалася высьветліць па адбітках ягонага пальца, знойдзенага ў канцэртнай залі «Батаклан». У базе дадзеных паліцыі ўжо меліся зьвесткі пра Ісмаэля Амара Мустафу, 30-гадовага грамадзяніна Францыі, ураджэнца парыскага прыгарада Куркурон. У мінулым ён затрымліваўся за дробныя парушэньні, а ў 2010 годзе ў дасье на яго зьявілася пазнака «рэлігійная радыкалізацыя». Тым ня менш ён ніколі не адбываў турэмнага тэрміну і ня быў абвінавачаны ў датычнасьці да тэрарыстычнай дзейнасьці. Апошнія некалькі гадоў ён пражываў у горадзе Шартр, за сто кілямэтраў на паўднёвы захад ад Парыжа, і наведваў мясцовую мячэць. Яе галоўны імам Абдала Бэналі ў нядзелю паведаміў, што ня быў знаёмы з Мустафой. У 2014 годзе будучы тэрарыст, паводле наяўных у сьледчых дадзеных, нейкі час знаходзіўся ў Сырыі. Яго бацька, адзін з братоў з жонкай і яшчэ чацьвёра сваякоў у цяперашні момант знаходзяцца пад папярэднім арыштам. У іх дамах праведзеныя ператрусы.

Жывы ланцуг салідарнасьці на плошчы Рэспублікі побач зь месцам нападу ў канцэртнай залі Bataclan у Парыжы, 15 лістапада 2015 годe

Жывы ланцуг салідарнасьці на плошчы Рэспублікі побач зь месцам нападу ў канцэртнай залі Bataclan у Парыжы, 15 лістапада 2015 годe

Акрамя таго, на целе аднаго з камікадзэ, якія падарвалі сябе блізу Стадыёна Францыі ў Сэн-Дэні, быў знойдзены пашпарт на імя 25-гадовага грамадзяніна Сырыі. Як паведамілі ўлады Грэцыі, ён быў зарэгістраваны ў гэтай краіне як мігрант. МУС Сэрбіі паведаміла ў нядзелю, што чалавек з ініцыяламі А.А. (паводле дадзеных мясцовай прэсы, Ахмед Алмухамед) быў зарэгістраваны 7 кастрычніка ў Прэшэва, на мяжы Сэрбіі з Македоніяй, і фармальна зьвярнуўся да сэрбскіх уладаў з просьбай аб прытулку. Указваецца, што ў дачыненьні да гэтага грамадзяніна ня быў выдадзены міжнародны ордэр на арышт. Улады Сэрбіі абяцаюць працягваць супрацоўніцтва са службамі бясьпекі Францыі. У сваю чаргу МУС Харватыі паведаміла, што чалавек, якім цікавяцца францускія ўлады, 8 кастрычніка знаходзіўся ў якасьці ўцекача на харвацкай тэрыторыі.

«Па просьбе Францыі мы правялі праверку і выявілі, што чалавек, які ўказаны ў гэтым запыце, прайшоў рэгістрацыю ў Апатаўцэ 8 кастрычніка. Яго прозьвішча не была знойдзена ў нейкіх базах дадзеных. Мы ня вызначылі яго як патэнцыйна падазроны твар. Ён прыбыў з Грэцыі, дзе таксама быў зарэгістраваны, праз Македонію і Сэрбію. Ён працягнуў свой шлях праз Вэнгрыю і Аўстрыю», — сказала тэлеканалу HRT Хэлена Біёчыч, прадстаўнік МУС па сувязях з грамадзкасьцю.

Сырыйскі пашпарт, знойдзены побач зь целам аднаго з удзельнікаў тэрактаў у Парыжы, выклікаў падазрэньні, што некаторыя з экстрэмістаў праніклі ў Эўропу пад выглядам уцекачоў. У апошнія месяцы праз краіны Балканскага паўвострава прайшлі сотні тысяч уцекачоў, якія ратуюцца ад гвалту ў сябе на радзіме.

Цырымонія ўшанаваньня памяці загінулых у Нотр-Дам дэ Пары

Цырымонія ўшанаваньня памяці загінулых у Нотр-Дам дэ Пары

Улады балканскіх краінаў, а таксама кіраўнікі мясцовых мусульманскіх абшчынаў асудзілі тэрарыстычную атаку ў Парыжы і выказалі гатоўнасьць аказаць дапамогу ў расьсьледаваньні.

Затрыманы ў Нямессыне 51-гадовы грамадзянін Чарнагорыі на дадзеным этапе адмаўляецца супрацоўнічаць са сьледзтвам. У яго аўтамабілі былі выяўленыя восем аўтаматаў Калашнікава, тры пісталеты, 200 грамаў выбухоўкі, а таксама цыдулка, у якой быў пазначаны адрас у Францыі. Яго падазраюць у дачыненьні да арганізацыі парыскіх тэрактаў. Паводле паведамленьня паліцыі Баварыі, ён сьцьвярджае, што зброя яму не належыць, а ў Парыж ён зьбіраўся, каб «убачыць Эйфэлеву вежу».

У суботу ўвечары пракурор Парыжа Франсуа Мален прадставіў дадзеныя папярэдняга расьсьледаваньня. Паводле яго слоў, тэракты блізу Стадыёна Францыі, у зале «Батаклан» і ў некалькіх кавярнях і рэстаранах 10 і 11 акругаў Парыжа былі ўчыненыя трыма групамі тэрарыстаў, якія каардынавалі свае дзеяньні. Сьледчыя высьвятляюць, ці мелі дачыненьне да падрыхтоўкі гэтай атакі трое падазраваных, затрыманых у суботу ў Бэльгіі. У іх ліку — чалавек, які ўзяў у пракат чорны «Фальксваген Пола», на якім сьмяротнікі прыбылі да залі «Батаклан». Машына была прыпаркаваная імі паблізу, дзе яе і выявіла паліцыя. Высьвятляецца таксама, ці былі ў тэрарыстаў іншыя саўдзельнікі. Гэтая здагадка падмацоўваецца тым фактам, што чорны «Сэат», на якім некалькі з камікадзэ прыбылі на месца тэракту ў цэнтры Парыжа, быў пазьней знойдзены ў сталічным прыгарадзе Монтрэ. У машыне знаходзіліся некалькі аўтаматаў Калашнікава.

Француская прэса пасьля тэрактаў у Парыжы

Француская прэса пасьля тэрактаў у Парыжы

У нядзелю ў Парыж прыбыў міністар унутраных спраў Бэльгіі Жан Жамбон. Ён правядзе кансультацыі са сваім францускім калегам Бэрнарам Казнэвам, які заклікаў у бліжэйшы час склікаць экстраную нараду кіраўнікоў МУС краінаў Эўразьвязу.

Прэзыдэнт Франсуа Алянд у нядзелю прыняў у Елісейскім палацы лідэра апазыцыйнай правацэнтрысцкай партыі «Рэспубліканцы» Нікаля Сарказі, які запатрабаваў ўнясеньня кардынальных зьменаў у цяперашнюю іміграцыйную палітыку і палітыку бясьпекі, на нацыянальным і агульнаэўрапейскім узроўні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG