Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістка Свабоды перадае з Парыжу: На дамах вывешваюць чорныя стужкі, але горад жыве


Карэспандэнт Свабоды пазваніў у Парыж нашай калезе Юліі Коцкай, якая прыляцела ў Францыю як турыстка апоўдні 13 лістапада. Цяпер яна зь сябрамі ў цэнтры Парыжу. Што яна бачыла ўчора? Якая абстаноўка ў горадзе сёньня?

— Учора пасьля 11 мы гулялі па горадзе і пабачылі шмат паліцэйскіх, пачулі сірэны. Нашы яшчэ пажартавалі, што трэба бегчы ў адваротны бок, калі гэта тэракт. Але мы несур’ёзна да гэтага паставіліся. А калі нам пачалі тэлефанаваць знаёмыя з пытаньнямі, дзе мы і што з намі, дык зразумелі, што сапраўды нешта ня тое, і пабеглі хутчэй дахаты. Да раніцы сядзелі дома. Гэта ў цэнтры, і мы нічога ня бачылі, акрамя таго, што было шмат паліцыі і па ўсім горадзе гучалі сырэны.

— Што адбываецца ў горадзе цяпер?

— Агулам адчуваньне, што Парыж пусьцее. Мы былі каля Люўру, там спакойна. Стаіць дзьве паліцэйскія машыны, але ніякіх больш узброеных людзей няма, і спачатку не было адчуваньня, што тут здарылася нешта надзвычайнае і што ўведзенае ваеннае становішча. Але вось пачалі вывешваць чорныя стужкі на дамах і прыспусьцілі сьцягі на афіцыйных будынках. Гэта значыць, што абвясьцілі жалобу. Чуваць сырэны паліцыі. Гандлёвыя цэнтры зачыняюцца. Людзей на вуліцах мала, у тым ліку мала і паліцыі. Мне, як беларусцы, гэта крыху дзіўна, бо ў Менску ў мірны час іх больш на вуліцах.

Мы вельмі шмат інфармацыі ўчора атрымлівалі з інтэрнэту, калі сышлі з вуліцы. У Твітэры амбасады Ірляндыі, Брытаніі ды іншыя давалі свае тэлефоны і кантакты для сваіх грамадзян. Наш беларускі МЗС даў кантакты толькі сёньня зранку.

Абвестка на краме ў Парыжы пасьля нападаў: «Дарагія кліенты, у сувязі з жахлівымі падзеямі, якія адбыліся ўчора ўвечары ў Парыжы, нашы думкі зьвернутыя да ахвяраў і іх сваякоў. Дзеля бясьпекі нашых супрацоўнікаў і нашых кліентаў мы сёньня зачыняемся ў парадку вынятку. Дзякуем за разуменьне. Калектыў H&M».
Абвестка на краме ў Парыжы пасьля нападаў: «Дарагія кліенты, у сувязі з жахлівымі падзеямі, якія адбыліся ўчора ўвечары ў Парыжы, нашы думкі зьвернутыя да ахвяраў і іх сваякоў. Дзеля бясьпекі нашых супрацоўнікаў і нашых кліентаў мы сёньня зачыняемся ў парадку вынятку. Дзякуем за разуменьне. Калектыў H&M».

— Калі вы аказаліся ў Парыжы, было ўсё спакойна?

— Мы прыляцелі ў Парыж 13 лістапада ў абед. Усё было нармальна. Увечары пайшлі гуляць па цэнтры, зрабілі фота каля Эйфэлевай вежы, адышлі сто мэтраў і пабачылі шмат паліцэйскіх у бронекамізэльках з аўтаматамі. А потым даведаліся, што падсьветку Эйфэлевай вежы адключылі, гэта было недзе праз 10 хвілін, як мы там пабывалі.

— Вы яшчэ будзеце хадзіць па горадзе?

— Зьбіраемся. Люўр не закрыты, турыстаў на вуліцах дастаткова, хаця мне цяжка сказаць, хто зь іх турысты, а хто жыхары гораду.

— Дакумэнтаў у мінакоў не правяраюць, нікога не абшукваюць?

— Каб каго правяралі ці абшуквалі мы ня бачылі, як і вайскоўцаў. Скажу больш, што на турыстычных вуліцах у цэнтры, дзе мы ішлі, і паліцэйскіх няма. Гэтак было каля Люўру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG