Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці памерлага немаўляці Ўмаралі Назарава высылаюць з Расеі


Зарына Юнусава
Зарына Юнусава

Маці памерлага немаўляці Ўмаралі Назарава павінна пакінуць Расею: 12 лістапада гарадзкі суд Пецярбургу пакінуў у сіле рашэньне Кастрычніцкага раённага суду аб дэпартацыі Зарыны Юнусавай.

У ноч на 14 кастрычніка пры нявысьветленых абставінах памёр у шпіталі пяцімесячны Ўмаралі Назараў, за некалькі гадзін да гэтага сілком адняты ў маці Зарыны Юнусавай супрацоўнікамі паліцыі. Хлопчыка перадалі інспэктару па справах непаўналетніх і затым адправілі ў шпіталь на «хуткай». Па факце сьмерці Ўмаралі заведзена крымінальная справа. У заключэньні судмэдэкспэртаў гаворыцца, што прычынай раптоўнай сьмерці быў імкліва разьвіты цытамэгалавірус. Бацькі, якія лічылі сваё дзіця здаровым, пра што маюцца мэдычныя даведкі і запісы ў дзіцячай мэдкартцы, у гэта ня вераць. Але цяпер, падобна, яны наўрад ці атрымаюць вычарпальны адказ на два галоўныя пытаньні: што ўсё ж адбылося з Умаралі ў шпіталі, а таксама — ці мелі права паліцыянты адбіраць грудное дзіця ў маці, якая зьдзейсніла ня цяжкае злачынства, а ўсяго толькі адміністрацыйнае правапарушэньне.

Хоць па расейскіх законах бацька і маці дзіцяці маюць роўныя правы, пацярпелай па гэтай крымінальнай справе прызнана толькі маці, Зарына Юнусава. 13 кастрычніка Кастрычніцкі раённы суд вынес пастанову, што ў якасьці пакараньня за парушэньне міграцыйнага рэжыму яна павінна заплаціць штраф 5 тысяч рублёў і пакінуць Расею. Адвакаты Зарыны падалі на гэтую пастанову скаргу, якая і разглядалася ў гарадзкім судзе: яны лічаць, што хоць Зарына сапраўды парушыла міграцыйнае заканадаўства, як пацярпелая яна павінна мець магчымасьць застацца ў Расеі да канца працэсу і даведацца, што ж стала прычынай сьмерці яе малога. У адвакатаў шмат пытаньняў. Напрыклад, згодна з пратаколам, пяцімесячны Ўмаралі быў аформлены як «дзіця, якое заблукала» ці «падкінутае», хоць яго бабуля прынесла ў паліцыю пасьведчаньне аб нараджэньні і пашпарт Зарыны, дзе быў запісаны і яе сын. Як магло заблукаць грудное немаўля, кім і куды ён быў падкінуты, калі яго забралі з дому з жанчынай, якая карміла яго грудзьмі на вачах у супрацоўніка міграцыйнай службы, так што наўрад ці ў каго маглі ўзьнікнуць сумневы ў тым, што ён знаходзіцца на руках у маці?

Зрэшты, на судовым пасяджэньні быў дапытаны той самы супрацоўнік міграцыйнай службы Адміралцейскага раёну Панахаў, які прыйшоў з праверкай дадому да Назаравых раніцай 13 кастрычніка. Адвакаты спрабавалі высьветліць, ці не западозрыў ён, што Зарына, якая пры ім пераапранула і карміла дзіця — маці малога, але супрацоўнік фэдэральнай міграцыйнай службы нязьменна адказваў, што ён нават не задумваўся, кім гэтая жанчына даводзіцца дзіцяці. На судзе было выяўлена мноства парушэньняў — напрыклад, пратаколы аб затрыманьні Зарыны зь дзіцём былі падпісаныя не да суда, як таго патрабуе закон, а пасьля. Высьветлілася таксама, што ў Зарыны, якая не гаворыць па-расейску, у аддзеле паліцыі не было перакладчыка, ён зьявіўся толькі ў судзе, але аказваецца, ні ён не разумеў Зарыну, ні яна яго, паколькі яны гавораць на розных дыялектах. Больш за тое, аказалася, што Зарына ня ўмела ні чытаць, ні пісаць, яна проста змалявала з узору, напісанага перакладчыкам, некалькі словаў пра тое, што яна нібыта разумее, што напісана ў пратаколе, але насамрэч зразумець напісанае ёю і перакладчыкам месцамі наогул немагчыма.

Сьведка сьцьвярджаў таксама, што ў пастарунку паліцыі Зарыну пакінуць не маглі, бо там была дэзынфэкцыя, і што Зарына добраахвотна аддала дзіця інспэктару па справах непаўналетніх. Але калі дапыталі Зарыну, яна сказала, што дзіця ў яе практычна вырвалі з рук. Здавалася, што судзьдзя скурпулёзна дасьледуе дэталі сумнай гісторыі, старанна разглядае дакумэнты, задае удакладняючыя пытаньні. У прыватнасьці, яна дапамагла адвакатам высьветліць, што перакладчык ня меў патрэбнай кваліфікацыі — не разумеў як сьлед ні мовы Зарыны, ні рускай мовы. Нягледзячы на такі дбайны разгляд справы і выяўленыя парушэньні, пастанову Кастрычніцкага раённага суду аб дэпартацыі Зарыны Юнусавай пакінулі ў сіле.

Бацька дзіцяці Рустам Назараў ня верыць у тое, што сапраўдная прычына сьмерці Ўмаралі будзе калі-небудзь названая. У гэтым яго пераконвае ня толькі пастанова гарсуду, але і той факт, што сям’я больш не адчувае сябе ў бясьпецы ў ранейшай кватэры на Лермантаўскім праспэкце: раніцай напярэдадні суду іх разбудзіў стук у дзьверы супрацоўнікаў праваахоўных органаў. На другі дзень паліцыянты сілком павезьлі іх з Зарынай у шпіталь здаваць кроў на аналіз — Рустам ня верыць у сумленнасьць лябараторнага дасьледаваньня і мяркуе, што яго і жонку хочуць абвінаваціць у тым, што гэта яны заразілі сына сьмяротным вірусам. Здаваць аналізы Рустам і Зарына адмовіліся, ім дапамог адвакат, які падасьпеў. Таджыцкае консульства тэрмінова шукае для маладой сям’і новую кватэру.

Прадстаўнікі боку абароны ведалі, што ў гэтай справе ёсьць парушэньні, але не меркавалі, што іх так шмат — усё гэта выявілася на судовым пасяджэньні, кажа адвакат Юрый Сяроў:

Юрый Сяроў: Хачу адзначыць, што мы нават не выклікалі сюды гэтага таварыша зь міграцыйнай службы, ён сам прыйшоў паглядзець, паслухаць — зразумела, яму цікава, паколькі ён сам у гэтым наўпрост замешаны. Дзякуй Богу, мы яго заўважылі і дапыталі. Калі чалавек не разумее, што напісаў перакладчык, не разумее нават, на якой мове гэта напісана, глядзіць і кажа «падобна на рускую», калі выяўляецца, што дадзеныя ўпісаны ў пратаколы постфактум, што пра гэта казаць?

РС: Вы ведалі, што Зарына непісьменная?

Юрый Сяроў: Вядома. Я маю зносіны зь ёй толькі празь яе сваякоў, празь перакладчыкаў суду. Яна дзяўчына хатняя, сядзела ў Таджыкістане дома, дапамагала на гаспадарцы. Як мне патлумачыў яе дзядзька, у школе яна правучылася 5 клясаў, і то зьяўлялася там толькі тады, калі школу правярала камісія, і трэба было паказаць, што вучні на месцы. Мы маем тое, што маем — чалавека з такім узроўнем пісьменнасьці, яна наогул не разумела, што зь ёй адбываецца. Я не разумею, чаму суд не адправіў справу хоць бы на новы разгляд. Калі ласка, адпраўце справу на новы разгляд, вынесіце зноў пастанову аб выдварэньні, але забясьпечце пры гэтым нармальнага перакладчыка і наогул захаваньне правоў чалавека. На жаль, гэтага зроблена не было. Мы вельмі незадаволеныя гэтай пастановай, якая ўступае ў сілу неадкладна пасьля абвяшчэньня. Зарыне зараз, мабыць, прыйдзецца ў самыя кароткія тэрміны пакінуць Расею. Нават калі будзе пададзеная скарга, яна не прыпыніць выдварэньня.

Аб неабходнасьці скаргі кажа і адвакат Вольга Цэйтліна:

Вольга Цэйтліна: Так, мы, несумненна, абскардзім гэтае рашэньне. Інакш Зарына зьедзе, дзіця пахаваюць, і на гэтым справа будзе закрытая. Усе працэсуальныя парушэньні бачныя — і што дадзеныя дапісваліся ў акце пасьля яго складаньня, і што дзіця з маці былі незаконна разлучаныя, і што сам акт, дзе сказана, што дзіця заблукала або яго падкінулі, быў сфальсыфікаваны. Не было ніякіх сумневаў, што яны забіраюць яе з хаты, дзе дзіця пражывала з маці. Не было падставаў падазраваць, што дзіця не яе. Іх проста разьдзялілі, сказаўшы пра тое, што ў пастарунку паліцыі дэзынфэкцыя. Парушаны артыкул другі Канстытуцыі: права на жыцьцё. Гэта галоўнае, што мы сёньня ўбачылі ў гэтым судзе. Цяпер, пасьля гэтай пастановы гарсуду, Зарына ня зможа рэалізаваць свае правы: яна адзіная, хто прызнаны пацярпелай у справе Ўмаралі — бо хоць паводле расейскіх законаў бацька і маці маюць роўныя правы, але бацька Ўмаралі пацярпелым не прызнаны.

На думку Вольгі Цэйтлін, следзтва мае відавочны абвінаваўчы ўхіл: спачатку бацькоў спрабавалі абвінаваціць у тым, што яны жывуць у склепе, дзе для дзіцяці ня створаны належныя ўмовы, потым — у тым, што яны дрэнна за ім глядзелі, і вось цяпер — у тым, што яны яго ня лекавалі, а магчыма, і самі заразілі нейкім дзіўным вірусам. Да таго ж, хоць вынікі судмэдэкспэртызы ўжо растыражаваныя мноствам СМІ, ні пацярпелая, ні адвакаты з гэтым тэкстам да гэтага часу не азнаёмленыя.

Суд над Зарынай Юнусавай
Суд над Зарынай Юнусавай

Вольга Цэйтліна лічыць, што ў выпадку выезду Зарыны з Расеі матэрыялы следзтва стануць яшчэ менш даступныя як для сваякоў, так і для адвакатаў.

Вольга Цэйтліна: Калі вы хочаце высьветліць прычыну сьмерці дзіцяці, чаму вы сьпешна выдвараеце з краіны яго маці? Няўжо няшчасная маладая жанчына, якая страціла адзінага сына не без удзелу праваахоўнікаў і мэдыкаў, стала настолькі нязручная нашым уладам, што яе вось так бесчалавечна выганяюць, ня даўшы нават дачакацца вынікаў сьледзтва? Чаму ўсе нашы доказы, усе гэтыя незьлічоныя парушэньні суд не прыняў да ўвагі, не захацеў убачыць, што правапарушэньне, зьдзейсьненае Зарынай Юнусавай, не такое ўжо вялікае, каб на адну шалю вагаў можна было ставіць права на жыцьцё яе дзіцяці?

Вольга Цэйтліна ня мае вялікіх спадзеваў на скаргу на пастанову гарадзкога суду, але мае намер прайсьці ўсе судовыя інстанцыі, каб затым зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд па правах чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG