Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія судмэдэкспэрты распавялі, чаму памёр таджыкскі хлопчык. Бацькі і адвакат ня вераць


Умаралі Назараў
Умаралі Назараў

Судмэдэкспэрты абсьледавалі цела 5-месячнага Умаралі Назарава, які памёр у шпіталі імя Цымбаліна ў ноч на 14 кастрычніка, праз некалькі гадзін пасьля таго, як яго разлучылі з маці, затрыманай паліцэйскімі за парушэньне міграцыйнага рэжыму.

Спэцыялісты прыйшлі да высновы, што сьмерць дзіцяці наступіла з-за генералізованай віруснай інфэкцыі, якую ўскладніла разьвіцьцё легачна-сардэчнай недастатковасьці, у іх заключэньні апісаныя множныя паражэньні ўнутраных органаў. У той жа час, да моманту сьмерці дзіця выглядала здаровым, што зафіксавана і ў мэдыцынскай карце, і ў запісах мэдыкаў «хуткай дапамогі» і бальніцы Цымбаліна. Бацькі дзіцяці Зарына Юнусава і Рустам Назараў, якія прызнаныя пацярпелымі, ня вераць высновам судмэдэкспэртызы, яны да гэтага часу не разумеюць, як магло памерці дзіця, якое нічым да гэтага не хварэла.

Яны да гэтага часу не разумеюць, чаму паліцыянты канфіскавалі дзіця ў маці, хоць усе дакумэнты, якія гавораць аб іх роднасьці, былі дастаўлены ў аддзел паліцыі. Ім незразумела таксама, што адбылося ў бальніцы Цымбаліна, і чаму адказам на іх сьлёзы і просьбы паказаць цела памерлага сына быў выклік паліцэйскіх, а цела Умаралі, ўскрытае бяз іх згоды, ім паказалі толькі на чацьвёрты дзень.

Аб магчымых прычынах сьмерці дзіцяці пісала расейская «Новая газэта», якая выказала здагадку, што Умаралі мог памерці, задыхнуўшыся ў выніку нядбайнага кармленьня.

Прадстаўнік пацярпелых адвакат Вольга Цэйтліна абураная тым, што яе падабаронных не азнаёмілі ні з пастановай аб экспэртызе, ні зь яе вынікамі.

- Хоць у пятніцу нас выклікалі на сьледчыя дзеяньні, дапытвалі маці, але пра вынікі экспэртызы мы даведаліся са СМІ. І з прызначэньнем пастановы аб экспэртызе нас не знаёмілі, гэта значыць мы былі пазбаўленыя магчымасьці задаць дадатковыя пытаньні, прапанаваць сваіх экспэртаў. І наогул, мы лічым, што ўвесь ход расьсьледаваньня накіраваны на выяўленьне віны бацькоў: спачатку спрабавалі даказаць, што за дзіцем дрэнна глядзелі, што яно жыло у дрэнных умовах, прастудзілася, а калі гэтая вэрсія не пацьвердзілася, сказалі, што дзіця памёрла з-за віруса.

Па словах Вольгі Цэйтлінай, цяпер Зарыну Юнусаву спрабуюць прымусіць здаць аналізы на падобныя вірусы, але адвакат лічыць, што рабіць гэтага ня варта, пакуль абароне не дадуць пастанову аб экспэртызе і ня зачытаюць пастаўленыя ў ёй пытаньні. Вольгу Цэйтліну не задавальняе таксама, што да гэтага часу не прынятае працэсуальнае рашэньне па дзеяньнях супрацоўнікаў паліцыі, якія канфіскавалі дзіця ў маці, хоць усе тэрміны для гэтага даўно прапушчаны. Адвакат лічыць, што мэтай сьледзтва зьяўляецца знаходжаньне вінаватых у сьмерці дзіцяці — альбо бацькоў, альбо зьнешняй прычыны, а не пошук аб’ектыўных дадзеных аб тым, што здарылася.

Вольга Цэйтліна не спадзяецца на тое, што сапраўдныя прычыны сьмерці Умаралі Назарава калі-небудзь будуць устаноўлены, але яна гатовая дайсьці да Эўрапейскага суду па правах чалавека, каб даказаць хоць бы неэфэктыўнасьць сьледзтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG