Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зьбіраюць подпісы за вяртаньне льготнага праезду для студэнтаў


Belarus - Hrodna (Grodno), street traffic, Dec2003

Belarus - Hrodna (Grodno), street traffic, Dec2003

Кіраўніца моладзевай арганізацыі Беларускіх хрысьціянскіхдэмакратаў Марына Хоміч заявіла ў Горадні, што апошнім часам назіраецца ўсё большая актыўнасьць у маладзёвых колах у справе абароны сваіх правоў.

Сёньня ў Горадні прадстаўнікі Моладзевай арганізацыі Хрысьціянскіх дэмакратаў распачалі збор подпісаў сярод гарадзенскай моладзі за вяртаньне льготнага праезду ў грамадзкім транспарце для студэнтаў.

Паводле Хоміч, подпісы зьбіралі побач з унівэрсытэтам імя Янкі Купалы, і гарадзенскія студэнты ахвотна далучаліся да гэтае ініцыятывы. Падобныя ініцыятывы ўжо дзейнічаюць у Менску і Магілёве. Сёньня студэнты знаходзяцца ў даволі жабрацкіх умовах, і вяртаньне ільготаў на праезд вельмі істотна для маладых людзей, сказала Хоміч. А яшчэ адчуваецца, што маладым людзям таксама прыемна, што нехта пачынае бараніць іх правы.

Марына Хоміч таксама зьвярнула ўвагу, што апошнім часам усё часьцей пачынаюць паўставаць моладзевыя ініцыятывы, якія зьвязаны з абаронай сваіх правоў. У якасьці прыкладу яна прывяла ініцыятыву студэнтаў БДУ, якія сабралі звыш двух з паловай тысяч подпісаў супраць платных пераздач.

«Апошнім часам заўважаецца нейкі ўздым, актыўнасьць маладых людзей. Калі, да прыкладу узяць апошнія акцыі „Дзень Волі“, „Чарнобыльскі шлях“ і іншыя, то на іх пераважна моладзь. Па мойму, гэта сьведчаньне таго, што моладзь зараз перажывае нейкае новае перараджэньне. Няхай гэта паволі, пакрыху, але моладзь уздымаецца і вучыцца адстойваць свае правы. І тыя студэнты БДУ, якія сабралі подпісы, каб адмяніць платныя пераздачы, а наколькі я ведаю, справа была нават ня ў тых грошах, паколькі сумы невялікія, заявілі, што такім чынам парушаюцца іх правы. Ва ўсім сьвеце гэта норма, калі моладзь змагаецца за свае правы, вось і ў нас урэшце, крок за крокам...»

XS
SM
MD
LG