Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Домрачава, Кучма, касманаўты, кітайцы. Хто быў на інаўгурацыі Лукашэнкі


Паводле афіцыйнай інфармацыі, запрошана на інаўгурацыю было больш за тысячу чалавек. З трансьляцыі, якую вёў тэлеканал ОНТ, было бачна, што колькасьць прысутных жанчын — мізэрная.

Так, на інаўгурацыі выступіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Таксама прысутнічала трохразовая алімпійская чэмпіёнка ў біятлёне Дар’я Домрачава, прэсавая сакратарка прэзыдэнта Натальля Эйсмант, жонка Дзьмітрыя Лукашэнкі Ганна Лукашэнка і яшчэ некалькі жанчынаў, якія сядзелі разам з трыма сынамі прэзыдэнта.

Вялікую частку прысутных склалі дзяржаўныя дзеячы Беларусі: прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў, кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандр Косінец, кіраўнік справамі прэзыдэнта Віктар Шэйман, дзяржсакратар Рады бясьпекі Станіслаў Зась, генэральны пракурор Аляксандр Канюк, старшыня праўленьня Нацбанку Павел Калаур, намесьнік кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ігар Бузоўскі, сьпікеры парлямэнта Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Андрэйчанка, судзьдзі Валянцін Сукала і Пятро Міклашэвіч.

Духавенства прадстаўлялі Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павал, арцыбіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Былі запрошаныя беларускія касманаўты Пётр Клімук і Ўладзімер Кавалёнак.

Апроч Дар’і Домрачавай у залі былі іншыя героі Беларусі: былы генэральны дырэктар «БелАЗ» Павал Марыеў, ганаровы Патрыяршы экзарх усёй Беларусі Філарэт, старшыня праўленьня СПК «Прагрэс-Верцялішкі» Васіль Равяка, былы старшыня праўленьня Нацбанку Пятро Пракаповіч.

Замежныя госьці былі прадстаўленыя трыма краінамі — Расея, Украіна і Кітай: кіраўнік Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі Генадзь Зюганаў, намесьнік міністра камэрцыі КНР Чжун Шань, дзяржаўны сакратар саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота, выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, генэральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, былы прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма і кіраўнік фракцыі «Адзіная Расея» ў дзяржаўнай думе Расеі Ўладзімер Васільеў.

Выкладчыца філязофіі, дацэнт ЭГУ Вольга Шпарага пракамэнтавала Свабодзе малую колькасьць жанчын на цырымоніі інаўгурацыі, а таксама тое, што на афіцыйных мерапрыемствах ніколі няма жонкі прэзыдэнта Галіны Лукашэнкі:

«Мы пастаянна бачым Аляксандра Лукашэнку з сынамі, але бяз жонкі. Атрымліваецца, што на дзяржаўным узроўні культывуецца ідэя пра тое, што жанчына нарадзіла дзяцей і знаходзіцца дзесьці ў прыватнай сфэры, а не ў палітыцы і не навідавоку. Гэта азіяцкі падыход. Як быццам бы мы не эўрапейскае грамадзтва, дзе жанчына роўная мужчыну, і дзе жанчына ўдзельнічае ў жыцьці грамадзтва.Іншая справа, што калі Лукашэнка зьяўляецца на інаўгурацыі і іншых публічных мерапрыемствах толькі з сынамі, гэтым ён кажа — палітыка гэта мужчынская сямейная справа. У адсутнасьці жонкі Лукашэнкі на цырымоніі інаўгурацыі таксама ёсьць свае сыгналы. Мы нават нічога пра яе ня ведаем. Яна зрабіла сваю працу — нарадзіла двух сыноў, і цяпер прэзыдэнту няма да яе справы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG