Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калекцыянэр Пётар Краўчанка выкупіў і паказаў невядомыя лісты Агінскіх


Невядомыя лісты прадстаўнікоў роду Агінскіх

Невядомыя лісты прадстаўнікоў роду Агінскіх

Былы міністар замежных спраў Беларусі, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Пётар Краўчанка прэзэнтаваў невядомыя раней дакумэнты прадстаўнікоў роду Агінскіх, уключна зь лістамі кампазытара, паўстанца, дыплямата Міхала Клеафаса Агінскага.

Імпрэза адбылася ў рамках сьвяткаваньня пад эгідай ЮНЭСКО 250-годзьдзя выбітнага грамадзкага дзеяча і прайшла пры падтрымцы амбасады Польшчы ў Беларусі. Зь вітальным словам да прысутных зьвярнуўся Часовы павераны гэтай дзяржавы Міхал Хабрас.

Пётар Краўчанка і Міхал Хабрас

Пётар Краўчанка і Міхал Хабрас

У кулюарах Пётар Краўчанка апавёў, што артэфакты былі набытыя на міжнародных аўкцыёнах і папоўнілі ягоную асабістую калекцыю, дзе ўжо ёсьць карціны, кнігі ды іншыя рарытэты, зьвязаныя з Агінскімі. Кошт архіўных знаходак спадар Краўчанка не раскрывае, але кажа, што кожная рэч мае сваю цану: нешта пашчасьціла набыць за пару сотняў даляраў, а за нешта давялося раскашэліцца на тысячы. Захоўвацца ўнікальныя экспанаты будуць у «хатнім музэі» ў ягоным доме ў Раўбічах.

Ліст Францішка Ксавэрыя Агінскага, 1790 год

Ліст Францішка Ксавэрыя Агінскага, 1790 год

Сваю прывязанасьць да сямейства Агінскіх і аднаго з самых яскравых яго прадстаўнікоў — Міхала Клеафаса — былы міністар і дыплямат тлумачыць сілай уражаньня, якое зрабіў на яго палянэз ля-мінор яшчэ ў раньнім дзяцінстве. Потым ён адточваў геніяльны твор на баяне і піяніна ў музычнай школе, а ўжо ў дарослым веку захапіўся біяграфіяй чалавека, які меў такі шматгранны талент.

Партрэт Міхала Клеафаса і першай жонкі Ізабэлы

Партрэт Міхала Клеафаса і першай жонкі Ізабэлы

Пётар Краўчанка непасрэдна прычыніўся да вызначэньня дакладнага месца, дзе Міхал Клеафас Агінскі правёў апошнія 10 гадоў жыцьця ў Флярэнцыі — туды ён ад’ехаў са свайго маёнтка ў Залесьсі. Неўзабаве там усталявалі мэмарыяльную дошку на беларускай і італьянскай мовах працы скульптара Валяр’яна Янушкевіча. Спадар Краўчанка таксама сьцьвярджае, што быў першым беларусам, які трымаў у руках пасьведчаньне аб сьмерці Агінскага. Але нашмат прыемней мець справу з прыжыцьцёвымі дакумэнтамі, напісанымі прыгожым, упэўненым почыркам Міхала Клеафаса.

Пётар Краўчанка дэманструе падабенства на карціне і ў скульптуры

Пётар Краўчанка дэманструе падабенства на карціне і ў скульптуры

Апошнімі набыткамі Пятра Краўчанкі сталі чатыры лісты, якія тычацца кіраваньня маёнткам Баля Коўнацкая. Аўтарства двух зь іх належаць Агінскаму. Калекцыянэр падкрэсьлівае ўнікальнасьць набытку, бо знайсьці штосьці зьвязанае з Агінскімі на эўрапейскіх аўкцыёнах — вялікая ўдача. Прадэманстраваў Пятро Краўчанка і іншыя рарытэты са свайго хатняга збору:

Адна з вышэйшых узнагародаў Агінскага — Ордэн Белага Арла

Адна з вышэйшых узнагародаў Агінскага — Ордэн Белага Арла

«Гэта сапраўды вельмі рэдкая зьява: за апошнія 20 гадоў на аўкцыёнах Эўропы зьявілася толькі 15 рэчаў, якія пэрсанальна зьвязаныя зь Міхалам Клеафасам Агінскім. Пяць зь іх вы бачыце сёньня тут. Асаблівую ўвагу хачу зьвярнуць на графічны партрэт Міхала Клеафаса і ягонай першай жонкі Ізабэлы Ласоцкай, датаваны студзенем 1790 году. Вытанчаны, вельмі прыгожы вобраз Агінскага. Валяр’ян Янушкевіч, яшчэ ня ведаючы пра гэты партрэт, зрабіў помнік, які ў 2001 годзе быў усталяваны каля Маладэчанскага дзяржаўнага каледжа. Адзін у адзін — вось якая інтуіцыя ў нашага выдатнага, таленавітага скульптара. Агінскі, адпаведна, у францускім строі, побач цяжарная Ізабэла. Яна ў вельмі прыгожым гарнітуры, у яе руках букецік з ружаў і хусьцінка. І яшчэ вельмі цікавая дэталь: на грудзях у Агінскага — ордэн Белага Арла».

Даверанасьць ад імя Міхала Агінскага, 1803 год

Даверанасьць ад імя Міхала Агінскага, 1803 год

Што тычыцца набытых на аўкцыёне рэдкіх лістоў і юрыдычных дакумэнтаў, усе яны збольшага тычацца спраў землеўладаньня і фінансавых абавязаньняў. Пётар Краўчанка тлумачыць, што Агінскія мусілі весьці актыўнае ліставаньне з судовымі і нагляднымі інстанцыямі, каб ня страціць маёмасьць:

Адзін зь невядомых лістоў, 1798 год

Адзін зь невядомых лістоў, 1798 год

«Маёмасныя справы Агінскага заўсёды былі заблытанымі. І ён, і родны дзядзька Францішак Ксавэры, і ягоны сваяк Міхал Казімір Агінскі фактычна разбазарылі сваю маёмасьць і на пачатку 90-х гадоў ХVIII стагодзьдзя былі на мяжы банкруцтва. Тым больш што Міхал Клеафас пасьля паўстаньня Касьцюшкі апынуўся за мяжой, яго маёмасьць сэквестравалі, канфіскавалі, а дзядзька вёў гаспадарку так, што на ім павісьлі вялізныя даўгі. Першы страціў блізу 8 мільёнаў злотых, што па тым часе было проста фантастычнай сумай, дзядзька таксама быў у гіганцкім мінусе. Францішак Ксавэры не знайшоў нічога лепшага, як перадаць тутэйшаму пану Міцкевічу пад грашовы заклад свае маёнткі, у тым ліку маёнтак Бэла ў Аўгустоўскім павеце. Менавіта пра яго ідзе гаворка і ў іншых лістах. Можна шмат на гэтую тэму расказваць, але толькі ў 1815 годзе, дзякуючы асабістаму ўказу імпэратара Аляксандра І, усе даўгі, запазычанасьці, крэдыты Міхала Клеафаса Агінскага былі скасаваныя. Ён стаў вольным, свабодным і досыць багатым чалавекам».

Ансамбль салістаў «Вытокі»

Ансамбль салістаў «Вытокі»

Між тым, як кажа Пётар Краўчанка, нават празь дзелавую перапіску можна адчуць цеплыню сваяцкіх повязяў прадстаўнікоў Агінскіх. Як прыклад — зычэньне Міхалу Клеафасу ад ягонага роднага дзядзькі Францішка Ксавэрыя:

Дырэктар Маладэчанскага каледжу Рыгор Сарока

Дырэктар Маладэчанскага каледжу Рыгор Сарока

«Скажам, ліст № 1, арыгінал і пераклад з польскай мовы, таленавіта зроблены кандыдатам філялягічных навук Галінай Пальянавай. Тэкст унікальны, дасланы з Маладэчна 3 ліпеня 1790 году Францішкам Ксавэрыем, вялікім кухмістрам Літоўскім:

„Ваша сьветласьць князь-мечнік Літоўскі і ўлюбёны пляменьнік. Падарожжа вашага сіяцельства ў Галяндыю па справах Рэчы Паспалітай шмат славы прыносіць нашаму роду. Як і выконваньне функцыяў пасла мае вялікую карысьць. У распачатым падарожжы шчыра жадаю, каб ласкавы Бог міласьцю сваёй асобу вашу ахоўваў і, добрага здароўя, як мага хутчэй на радзіму вярнуў. На радасьць сям’і і таго, хто піша...“.

Тут паказаныя шчырыя пачуцьці гэтага чалавека да роднага пляменьніка. З гонарам, з годнасьцю ён праводзіць пляменьніка, якому, па сутнасьці, стаў бацькам — за тры гады да таго памёр бацька Міхала Клеафаса Андрэй. І гэта сьведчыць, што іх адносіны былі не такімі варожымі, як лічаць некаторыя дасьледчыкі».

Інструмэнтальны ансамбаль Маладэчанскага каледжу

Інструмэнтальны ансамбаль Маладэчанскага каледжу

Прэзэнтацыя невядомых лістоў і дакумэнтаў роду Агінскіх прайшла ў сталічным Доме дружбы пад акампанэмэнт твораў славутага кампазытара. Ансамбль «Вытокі» пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова прадставіў фрагмэнты юбілейнай праграмы, музычную эстафэту падхапіў інструмэнтальны ансамбаль Маладэчанскага дзяржаўнага каледжу імя Агінскага, якім кіруе блізкі сябра Пятра Краўчанкі Рыгор Сарока.

Ляўрэат міжнародных конкурсаў Уладзімер Александровіч

Ляўрэат міжнародных конкурсаў Уладзімер Александровіч

Дырэктар Маладэчанскага каледжу Рыгор Сарока прадстаўляе выканаўцу арыі Міхала Клеафаса Агінскага «Дзе ты, мая Радзіма» з опэры «Невядомы партрэт» Уладзімера Александровіча:

А сапраўдным сюрпрызам стала беларускамоўная арыя Міхала Клеафаса Агінскага «Дзе ты, мая Радзіма» з опэры Алега Залётнева «Невядомы партрэт» у выкананьні ляўрэата міжнародных конкурсаў, саліста Муніцыпальнага тэатру Флярэнцыі Ўладзімера Александровіча. Дарэчы, усясьветна прызнаны артыст — выпускнік Маладэчанскага музычнага каледжу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG