Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У залескай сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага адзначаць яго 250-гадовы юбілей


Палац Агінскага ў Залесьсі

Палац Агінскага ў Залесьсі

Сёньня ў Залесьсі ля Смаргоні ўшануюць Міхала Клеафаса Агінскага — дыплямата, паўстанца, кампазытара. У гонар ягонага 250-гадовага юбілею ЮНЭСКА абвясьціла 2015-ты Годам Агінскага.

На імпрэзы ў адрэканструяванай музэі-сядзібе, дзе на сьвет зьявіўся вянец ягонай творчасьці — палянэз ля-мінор («Разьвітаньне з Радзімай») — чакаюць ня толькі высокіх дзяржаўных чыноўнікаў, але і нашчадкаў знакамітага роду. У прыватнасьці, сваякоў па лініі дачкі Амэліі ў шлюбе Міхала Клеафаса з Марыяй дэ Нэры: Лідзію, Зыгмунта і Ганну Зялінскіх з польскай Познані. Таксама запрошаныя кіраўнікі дыпляматычных місіяў краінаў, зь якімі так ці інакш быў зьвязаны лёс грамадзкага дзеяча на мяжы XVIII–XIX стагодзьдзяў — Польшчы, Літвы, Францыі, Італіі, Расеі. Беларусь будзе прадстаўляць міністар культуры Барыс Сьвятлоў.

Аранжарэя з навамодным карнізам

Аранжарэя з навамодным карнізам

У папярэднія дні тут прайшла міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная творчай спадчыне Агінскага, а Менскі абласны драмтэатар паказаў спэктакль «Палянэзы на вяртаньне». Але галоўныя ўрачыстасьці адбудуцца сёньня. Падрыхтаваныя тры пляцоўкі пад адкрытым небам: на адной зьбяруцца ўдзельнікі пленэру, якія малявалі «Паўночныя Атэны», на другой будзе працаваць тэатар «Батлейка», трэцяя аддадзена коннаму клюбу «Залатая шпора».

Навадзел тыльнага боку цяплярні

Навадзел тыльнага боку цяплярні

Музычную частку ўрачыстасьцяў падхопіць Нацыянальны акадэмічны аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінбэрга. На наступны дзень пройдзе касьцюмаваны баль для больш як паўсотні ўдзельнікаў рэканструкцыі арыстакратычных забаваў, а на фінішы маратону 27 верасьня выступіць ансамбль камэрнай музыкі «Клясык-авангард» Беларускай дзяржаўнай філярмоніі.

Да юбілею прымеркавалі адкрыцьцё музэйнай экспазыцыі, якую наведнікі пабачаць упершыню пасьля рэканструкцыі сядзібы. Арыгінальных рэчаў за прамінулыя стагодзьдзі амаль не захавалася, акцэнт будзе зроблены на антыкварных экспанатах, якія маюць нагадаць пра атмасфэру даўніны. Задзейнічаныя і высокія тэхналёгіі: ілюзію прысутнасьці створыць галяграфічная карціна ад’езду гаспадара ў Флярэнцыю.

На флігелі ўсталявалі гадзіньнік

На флігелі ўсталявалі гадзіньнік

А ці наблізілася да свайго прататыпу адрамантаваная сядзіба ў духоўным пляне? Мастак, архітэктар-рэстаўратар Сяргей Верамейчык, які пры канцы 1980-х прыехаў зь Менску ўздымаць Паўночныя Атэны ды так і застаўся, так ацэньвае пераўвасабленьне сядзібы з руіны ў белы палац:

«Мяне сапраўды часьцяком запытваюць: паколькі вы тут гэтую справу пачыналі, як ацэньваеце тое, што ў выніку атрымалася? Калі ўзяць агулам, то мне падаецца так: нават каб Агінскі паглядзеў на сваю сядзібу адтуль, зь нябёсаў, то, безумоўна, парадаваўся б — са скрыпам, але ўсё ж аднавілі, не далі згінуць. Праўда, ня ўпэўнены, ці было б тое самае, каб ён спусьціўся і пахадзіў старымі сьцежкамі. Наконт гэтага нічога гарантаваць не магу. Для сябе я прыдумаў такое азначэньне, хутчэй, нават слоган: прыяжджайце ў Паўночныя Атэны, паглядзіце белы палац. Прынамсі, гэта аспрэчваньню не падлягае».

Ненатуральна белы палац

Ненатуральна белы палац

Яшчэ на этапе перабудовы гучала нямала нараканьняў на спосаб, якім аднаўляюць старыя муры. Дзеля «саліднасьці» вонкавыя элемэнты падрасьлі, а навадзел аранжарэі ўзьняўся аж на некалькі мэтраў у параўнаньні з арыгіналам. Зашмат сучасных матэрыялаў у дэкоры, унутраны антураж мала нагадвае пра славутага гаспадара. Шмат хто салідарны ў тым, што за мэту было пастаўлена не аднавіць сядзібу з захаваньнем яе адметнага характару, а зрабіць «эўрарамонт» — каб і чыноўнікам было пра што адрапартаваць, і турысты цешыліся. Пры гэтым да некаторых аб’ектаў рукі не дайшлі ўвогуле — найперш гэта тычыцца млына і альтанкі. Паколькі ў сытуацыі спрэчнай рэстаўрацыі заўсёды паўстае дылема — альбо навабуд, альбо паступовае занядбаньне — ці можна выбраць лепшае з горшага?

Сяргей Верамейчык пад недабудаванай альтанкай

Сяргей Верамейчык пад недабудаванай альтанкай

«У дадзеным выпадку ўсё вырашае прагматыка: надта хочацца, каб тут нешта было, а час ідзе, таму кожнаму карціць увекавечыць сябе побач з клясыкам. Я калісьці сам працаваў архітэктарам-рэстаўратарам і ведаю амбіцыі калегаў: як кажуць, калі ёсьць магчымасьць, трэба абавязкова ўставіць свае пяць капеек у гісторыю. А ўжо як яно атрымліваецца — справа дзясятая. Калі, прыкладам, казаць пра гэтую альтанку, то цяпер яна проста недаробленая, хоць яе можна было б зрабіць так, як і належыць. Але да такой „дробязі“ ў параўнаньні з астатнім комплексам цяпер не даходзяць ні рукі, ні сродкі».

З архіву: сьвята Залесься, 2010 год

З архіву: сьвята Залесься, 2010 год

Цікавасьць да асобы аўтара славутага палянэзу і ягонага радавога маёнтку аднавіла хваля адраджэньня пачатку 1990-х. Тут пачалі ладзіцца сьвяты ў гонар дня нараджэньня выбітнай асобы, пры падтрымцы Беларускага фонду Сораса і пад кіраўніцтвам Сяргея Верамейчыка ў Залесьсі запрацавала дзіцячая тэатральная студыя «Альтанка», мастацкая майстэрня «Апалонік», запісваліся кружэлкі, прысьвечаныя Паўночным Атэнам, ладзіліся вандроўкі па мясьцінах, зьвязаных з асобай Агінскага — даехалі нават да Флярэнцыі, дзе Міхал Клеафас жыў апошнія гады і пахаваны. Чвэрць стагодзьдзя таму польскія рэстаўратары прапаноўвалі за год аднавіць сядзібу разам з паркам і навакольнымі пабудовамі. Але тады ўлады адмовіліся ад інвэстыцыяў, заявіўшы, што могуць зрабіць рамонт уласнымі сіламі. Абяцанага давялося чакаць 25 гадоў.

Памятны камень у гонар Жана Ралея

Памятны камень у гонар Жана Ралея

Па старой завядзёнцы Сяргей Іванавіч заварочвае ў знаёмыя мясьціны, дзе ведае кожны мэтар былой руіны. Але прызнаецца, што ногі самі нясуць ад усё больш шумнага палаца ў пакуль яшчэ ціхія закуткі — найперш, да памятных камянёў, усталяваных Міхалам Агінскім у гонар паплечніка-паўстанца Тадэвуша Касьцюшкі і свайго настаўніка Жана Ралея:

Сяргей Верамейчык ля каменя Тадэвушу Касьцюшку

Сяргей Верамейчык ля каменя Тадэвушу Касьцюшку

«Прыходжу сюды, заяжджаю падчас роварных прагулак практычна штодня. Ня тое што тут лепей, а больш, скажам так, натуральна. Паколькі я адсюль ужо нікуды не падзенуся і вымушаны на ўсё гэта глядзець, то вока маё бачыць істотныя хібы: на мой суб’ектыўны погляд, палац пасьля рамонту ўспрымаецца як навадзел. Гэта не мая віна і не мая бяда. А вось менавіта тут — тое, што яшчэ не кранута цывілізацыяй і рэстаўратарамі. Такая прывязанасьць, можа, ад таго, што калі я сюды пераехаў у 1989-м, якраз гэтыя краявіды мяне найбольш захапілі, і ў немалой ступені дзякуючы ім я тут застаўся. Таму кантраст паміж тым, што яшчэ не кранутае, і тым, дзе прайшла „прастаўрацыя“, бачны выразна. Застаецца толькі спадзявацца, што ў парку не наставяць навадзелаў, ня будзе бэтонных плітаў, ліхтароў а-ля Пушкін, і парэшткі колішняга парку не ператворацца ў звычайны гарадзкі парк культуры».

Шкляны масіў нагадвае гіганцкую цяплярню

Шкляны масіў нагадвае гіганцкую цяплярню

Але схавацца ад лішніх вачэй усё складаней. Ад нядаўняга часу «белы палац» стаў месцам паломніцтва вясельных картэжаў: у адноўленай цяплярні маладым прапануюць келіх шампанскага, а потым — фатасэсія на памяць:

«Пад даўніну»: у паркавым антуражы

«Пад даўніну»: у паркавым антуражы

«Наконт паломніцтва... Найперш гэта сродак зарабляць грошы — праўда, ня ведаю, ці для падтрымкі самога палаца, ці для падтрымкі аддзелу культуры райвыканкаму. Цяпер усё пад кантролем мясцовых уладаў. То бок своеасаблівы пункт абслугоўваньня насельніцтва. Наагул ня ў курсе, ці езьдзяць цяпер тыя вясельныя картэжы да помніка-танка на ўскрайку Смаргоні. Але калі яны сюды прыяжджаюць часьцей, то, можа, гэта і добра. На маю думку. Бо калі прыедуць у сядзібу Агінскага і падымуць келіх шампанскага ў цяплярні, паходзяць па парку, зразумела, што для мазгоў гэта нашмат больш станоўча, чым ускладаць кветкі танку. Іншая справа адносна мяжы — каб музэй урэшце не ператварыўся ў клюб пабытовых паслугаў. Зрэшты, паглядзім...»

Пасьля ЗАГСу маладым накрываюць стол у цяплярні

Пасьля ЗАГСу маладым накрываюць стол у цяплярні

Ці ёсьць шанец у Залесься ператварыцца ў месца сустрэчы творчых людзей? Ці ня зьедуць артысты з Паўночных Атэнаў адразу пасьля заканчэньня юбілейных імпрэзаў? Дзеля справядлівасьці, калі ў Вільні тумбы ў гонар Міхала Клеафаса Агінскага пачалі ўсталёўваць яшчэ летась, то ў Менску тэматычныя афішы з запрашэньнем на канцэрт у Белдзяржфілярмонію зьявіліся зусім нядаўна. Сам Сяргей Верамейчык на юбілейныя мерапрыемствы таксама зьяжджае ў Літву, у горад Рэтавас, дзе стаіць музэй-палац сына Агінскага Ірэнэуша. Кажа, што там сьвяткаваньні — прынамсі без налёту дзяжурнасьці:

Стэнд у гонар Агінскага ў Вільні

Стэнд у гонар Агінскага ў Вільні

«Мне здаецца, гэта заканамернасьць. У Польшчы ці Літве стаўленьне да такіх асобаў ужо склалася. А ў нас працягваюцца ідэалягічныя ваганьні: хто такі Агінскі і што ён для нас уяўляе? Зараз прывязалі да мясцовасьці тэзу пра повязь аўтара палянэза з Залесьсем. Але, апроч гэтага факту, ва ўсіх астатніх праявах ягоная дзейнасьць мала асэнсаваная. Дзякуючы Віктару Скарабагатаву, Сьвятлане Немагай, Аляксею Фралову, іншым музыкам хваля моц набывае, але ўсё ж ня так, як у суседзяў. Скажам, у Літве працуе дзяржпраграма, ёсьць адмысловая пастанова Сэйму аб сьвяткаваньні юбілею. Асабіста я нешта ня чуў, каб наш Вярхоўны Савет, ці як ён там, прыняў дакумэнт аб ушанаваньні Агінскага. Таму калі ў Літве гэта сьвяткуецца як дзяржаўнае, агульнанацыянальнае сьвята, у нас яго маштаб нашмат больш лякальны. Прынамсі, ніяк нельга сказаць, што тут шырокая геаграфія выступоўцаў. Магчыма, пакуль, а зь цягам часу будуць усе ведаць пра Паўночныя Атэны, і тут зайграе філярманічны аркестар зь Філядэльфіі».

Млын-даўгабуд

Млын-даўгабуд

Побач з палацам адноўленых Паўночных Атэнаў стаіць, словамі Сяргея Верамейчыка, мясцовы Картаген — занядбаны прафілякторый Смаргонскага сылікатнага заводу. Гадоў 10 таму ён стаў непад’ёмнай нагрузкай для ня самага пасьпяховага прадпрыемства, яго скінулі з балянсу за непатрэбнасьцю. Па сутнасьці, гатовая пляцоўка для прыёму гасьцей, калі прыкласьці крыху будаўнічых намаганьняў. Але замест гэтага шматпавярховы будынак імкліва ператвараецца ў разваліны:

Занядбаны заводзкі прафілякторый

Занядбаны заводзкі прафілякторый

«Будынак ужо досыць даўно прададзены Смаргонскім райвыканкамам прыватніку ў Менску. Але ў такім нязьменным выглядзе гэты гмах стаіць ужо гадоў 7–8, ніяк ня могуць яго ўладкаваць. Колькі я тут ужо жыву, усе, хто прыяжджае, пачынаюць разважаць, як было б добра пераабсталяваць і зрабіць яго гэткім гатэлем ці гасьцявым домам пры сядзібе. То бок абсталяваць гэта ў комплексе, каб было дзе спыніцца, правесьці канфэрэнцыю, круглы стол і г.д. Аднак замест гэтага ён паціху развальваецца, нічога на жаль, тут ня робіцца. Будзе, відаць, іншая скрайнасьць: з горам папалам адрэстаўравалі Паўночныя Атэны, а гэта будуць разваліны Картагену».

У валоданьне Міхала Клеафаса Агінскага драўляная сядзіба ў Залесьсі перайшла на пачатку ХІХ стагодзьдзя ад ягонага бязьдзетнага дзядзькі, кухмістра ВКЛ Францішка Ксавэрыя Агінскага. Неўзабаве новы гаспадар, які ў часы перасьледу паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі пасьпеў пажыць у Парыжы і Вене, пачаў узводзіць побач з састарэлым палацам каменныя Атэны — палацава-паркавы комплекс у стылі клясыцызму.

Паны Жэброўскія, гаспадары Залесься да 1939 году

Паны Жэброўскія, гаспадары Залесься да 1939 году

За наступныя дзьве сотні гадоў палац перажыў этапы, характэрныя для многіх славутых мясьцінаў: ад пампэзнай велічы да глыбокага заняпаду. Фізычна пашкодзілі будынкі дзьве ўсясьветныя вайны, маральна зьнявечылі бальшавікі. Пасьля таго як у 1939-м адсюль выселілі апошніх гаспадароў, паноў Жэброўскіх, у пакоях «кватаравалі» коні і калгасная тэхніка, а потым у палац засялілі дом састарэлых. Спробы пачаць аднаўленьне на пачатку 1990-х плёну ня мелі: грошай хапіла на муляжы млына і альтанкі, а фасад узялі ў рыштаваньні.

Сучасны валун у гонар роду Агінскіх

Сучасны валун у гонар роду Агінскіх

У канцы 2000-х актывізавацца прымусіў 250-гадовы юбілей Міхала Клеафаса Агінскага, празь які ЮНЭСКА абвясьціла 2015-ты годам гэтай выбітнай асобы. Праўда, тэрміны здачы аб’екта шмат разоў пераносіліся, бо пэрманэнтныя крызісы зьядалі выдзеленыя сродкі. Да ўгодкаў грамадзкага дзеяча і кампазытара аўральную рэканструкцыю ўсё ж здолелі завяршыць.

XS
SM
MD
LG