Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Петру Лучынскі: Былы прэзыдэнт — гэта інстытут, пытаньне пераемнасьці ўлады — адно з карэнных


Другі прэзыдэнт Малдовы Петру Лучынскі — удзельнік спэцыяльнага праекта Радыё Свабода «Расея і я». З 1990 па 1991 гады — член Палітбюро ЦК КПСС, у 1992-1993 гадах быў Надзвычайным і паўнамоцным паслом Малдовы ў Расеі, з 1993 па 1997 год — старшынём парлямэнту Малдовы, з 1996 па 2001 год — прэзыдэнтам Малдовы. Пры ягоным кіраваньні ў зьнешняй палітыцы быў узяты курс на інтэграцыю Малдовы ў эўрапейскую супольнасьць і аддаленьне ад краінаў СНД. Петру Лучынскаму — 75 гадоў.

Ганна Соўсь: Як вы ацэньваеце ролю Аляксандра Лукашэнкі ў гісторыі Беларусі, больш за дваццаць гадоў ён ужо прэзыдэнт...

Петру Лучынскі: І яшчэ дваццаць будзе. Скажу чаму. Лукашэнка — гэта... Я быў паміж першым і другім турам, калі абіраўся Лукашэнка. І з таго часу мы падтрымліваем добрыя адносіны... Тым больш, што эканамічныя сувязі з Беларусьсю пасьля нашай сустрэчы хутка вырасьлі, яны да гэтага часу ў гэтым духу і працягваюцца. Лукашэнка мае перавагі. Калі былі Кебіч і Грыб, то яны зрабілі праект Канстытуцыі, за якую трэба было галасаваць, звышпрэзыдэнцкім, больш, чым расейская. Таму як цяпер не дзейнічае Лукашэнка, ніхто зь ім ня можа змагацца, таму што ён дзейнічае па законе. У яго ёсьць рычагі кіраваньня, і самае галоўнае, што ён не стварыў кляну. Вазьміце ўвесь постсавецкі сьвет і ў нейкай ступені постсацыялістычны... Ідзе нейкі інвэстар і пытаецца: як патрапіць, прэзыдэнт зь кім мае справу, хто ўплывае на прэзыдэнта? І заўсёды ёсьць хто-небудзь з блізкіх, з сям’і, зяці-перазяці і таму падобнае. Акрамя Лукашэнкі. Ягоныя сыны, як я зразумеў, працуюць у дзяржаўных структурах. Ніхто ня можа сказаць, што ў яго ёсьць ўплыў на Лукашэнку, і што праз яго можна вырашыць пытаньні. Ці ёсьць такі чалавек у Беларусі? Ва ўсёй краіне ня знойдзеце. Таму народ гэта шануе. Можна казаць па-рознаму пра Беларусь...

Ганна Соўсь: Што народ шануе — гэта складана сказаць...

Петру Лучынскі: Можна казаць па-рознаму, заўсёды ёсьць людзі незадаволеныя, і заўсёды ёсьць рэчы, якія Беларусь павінна апярэджваць таму што доўга замыкацца немагчыма. І мы гаварылі неяк з Аляксандрам Рыгоравічам на гэтую тэму. Але я адчуваю, што гэта пачынаецца. Ёсьць аб’ектыўны ход разьвіцьця, не замыкацца, а наадварот, трэба пашыраць сувязі і інтэгравацца там, дзе гэта магчыма. Зараз у сьвеце іншага няма шляху.

Ганна Соўсь: У Беларусі няма былых прэзыдэнтаў. Якую б параду вы маглі даць цяперашнім кіраўнікам-доўгажыхарам, якія па 20 гадоў ва ўладзе і ня хочуць сыходзіць, баяцца сыходзіць, не могуць сысьці? Як бы вы ім сказалі, чаму добра быць былым?

Петру Лучынскі: Адказ ёсьць... Ёсьць вялікія перавагі... Я не павінен ўставаць па нейкім графіку, я магу выказаць зь любой нагоды тое, што я думаю, я магу адмовіцца ад нейкага візыту, ад нейкай просьбы, я магу езьдзіць куды заўгодна, раблю менш памылак, чым калісьці рабіў, я не паўтараю іх... Шмат перавагаў. Вы паглядзіце на прыклады Амэрыкі і Расеі. Быў прэзыдэнтам, значыць павінен мець нейкія гарантыі. Нават за савецкім часам саюзны міністар меў пэрсанальную пэнсію, самае элемэнтарнае, што неабходна... Хто будзе паважаць цяперашнюю ўладу, калі яны ня думаюць пра ранейшую? Яны таксама ня будуць думаць. Гэта як у сям’і: калі ты пра бацьку ня будзеш думаць, дзеці твае таксама гэта бачаць. У Расеі былы кіраўнік пратаколу Ельцына (па-мойму, да гэтага часу працуе ў Ўладзімера Ўладзімеравіча ў апараце) расказваў, як выпрацоўваў увесь блёк законаў аб пераемнасьці ўлады... Былы прэзыдэнт — гэта інстытут. Атрымліваеш лісты, адных запрашэньняў ня ведаю колькі. Пытаньне пераемнасьці ўлады — адно з карэнных. Вось, напрыклад, у нас гэтага пакуль не атрымоўваецца, таму што кожная ўлада прыходзіць і пачынае ўсё па-новаму рабіць. Колькі можна будаваць дом? Давай дом, які ёсьць, трэба яго дабудаваць, жыць, а потым яго можна рэканструяваць. Няма гэтай мудрасьці, увесь час нейкая пасьпешлівасьць, вельмі шмат піяру, вельмі шмат зьнешніх эфэктаў, якія, калі па сутнасьці, зьяўляюцца сьмяхотнымі. Але, на жаль, зараз амаль увесь сьвет залучаны ў несур’ёзныя справы.

Ганна Соўсь: Я хацела спытаць пра тое, як жыве ў Малдове былы прэзыдэнт. Гэта праўда, што вас калісьці зь Мірче Сьнегурам пазбаўлялі дыпляматычнай недатыкальнасьці?

Петру Лучынскі: Не. Не пазбавілі. Калі Сьнегур сышоў, быў прыняты закон пра прэзыдэнцтва. Мы мелі самае элемэнтарнае — абслугоўваньне машыны, ахова, нейкі офіс. А потым прыйшлі камуністы і больш жорстка зрабілі... Таму што, вядома, што калі вывесьці на плошчу і павесіць 100 чалавек, так будуць апладзіраваць, вы ж ведаеце цяпер настроі пры цяжкім жыцьці ... Таму адзін раз памянялі, іншы раз памянялі... А зараз я маю пэнсію, мэдычнае абслугоўваньне, дыпляматычны пашпарт. Ўсё. Пэнсія — 70% ад дзейнага заробку кіраўніка дзяржавы. Па-мойму, дзесьці 600 або 700 даляраў.

Ганна Соўсь: А як звычайна ваш тыдзень складаецца?

Петру Лучынскі: Тыдзень складаецца вельмі напружана. Я часта ўдзельнічаю ў міжнародных канфэрэнцыях, якія бываюць у розных канцах сьвету — Бухарэст, Бэрлін, Стамбул, Баку, Кіеў... У Малдове ўвесь час сустракаюся зь людзьмі. Людзі ж думаюць, што мы маем вялікі ўплыў і прыходзяць з просьбамі, некаторыя з парадамі прыходзяць...

Ганна Соўсь: А ваш досьвед запатрабаваны сучаснай уладай?

Петру Лучынскі: Не, уладай не. У мяне ёсьць невялікі фонд, практычна мы ўваходзім у грамадзянскую супольнасьць. Сустрэчы пастаянна нейкія ёсьць.

Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс і былы прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ. Глядзіце ўсе інтэрвію пазьней на нашым сайце.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG