Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ландсбергіс: Ці адважыцца Лукашэнка не паслухацца і на наступны дзень зьнікнуць?


​Першы кіраўнік Літвы пра Беларусь і Расею адзіную мілітарысцкую дзяржаву і пра тое, як Расея можа скарыстаць беларускае войска супраць суседзяў.

Першы кіраўнік Літвы пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Вітаўтас Ландсбергіс — удзельнік спэцыяльнага праекту Радыё Свабода «Расея і я». Старшыня Сойму Літоўскай Рэспублікі (1990 — 1992, 1996 — 2000). Вітаўтас Ландсбергіс — адзін са стваральнікаў і лідэр правай партыі Саюз Айчыны (Кансэрватары Літвы). Дэпутат Эўрапарлямэнту (2004-2014). Вітаўтасу Ландсбэргісу — 82 гады.

Ганна Соўсь: Зусім недалёка ад месца, дзе мы запісваем інтэрвію, знаходзіцца будынак былога КДБ у Вільні. Там цяпер музэй памяці ахвяраў камуністычнага рэжыму. Я была ў гэтым музэі, там у падвалах захаваліся камэры, дзе катавалі людзей... У суседняй з Літвой Беларусі будынак КДБ дзейны. Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўжо больш за дваццаць гадоў знаходзіцца ва ўладзе, і зараз у Беларусі чарговае пацяпленьне адносінаў з Захадам, і Лукашэнка ўжо не зьяўляецца апошнім дыктатарам Эўропы, або перадапошнім. У Беларусі дзейнічае некалькі расейскіх ваенных базаў. Ці бачыць Літва пагрозу, што з боку Беларусі з гэтых базаў удар можа быць нанесены ў бок Літвы? Ці ў бок Украіны? Ці можна верыць Лукашэнку?

Вітаўтас Ландсбергіс: Мы ведаем больш. Ня толькі пра базы, бо паміж Расіяй і Беларусьсю ёсьць розныя пагадненьні і ўсталяваныя правілы суіснаваньня, і ў сьвятле гэтых правілаў, гэта, можна сказаць, адзіная мілітарысцкая дзяржава. Бо мяжу Беларусі абслугоўваюць расейцы, расейскія войскі ... Яны распараджаюцца беларускімі ваеннымі сіламі, і могуць штурхнуць на каго-небудзь з суседзяў нават асобна толькі беларускія падразьдзяленьні. Каб разыграць у вялікай ступені нейкіх там «зялёных» або «стракатых» чалавечкаў. Гэта ня мы, гэта Беларусь. Ці разумее Беларусь і беларускі народ такую небясьпеку, што іх могуць падставіць і разыгрываць іх рукамі, іх крывёю расейскую імпэрскую палітыку над суседзямі? Вядома, спадар Лукашэнка, як быццам, адмяжоўваецца ад вайны ва Ўкраіне, і можа быць, яму і не загадаюць удзельнічаць. А калі загадаюць? Ці адважыцца ён не паслухацца і на наступны дзень зьнікнуць з парадку дня? Яго могуць таксама пачаставаць гарбатай...

Гэта фрагмэнт праекту «Расея і я», сэрыі відэаінтэрвью з былымі кіраўнікамі пост-савецкіх дзяржаваў пра адносіны з Расеяй. У праекце «Расея і я» бяруць ўдзел былыя прэзыдэнты Ўкраіны Леанід Краўчук і Віктар Юшчанка, былыя прэзыдэнты Малдовы Пётра Лучынскі і Ўладзімер Варонін, былы прэзыдэнт Латвіі Гунтыс Улманіс, былы кіраўнік Літвы Вітаўтас Ландсбергіс, былы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы прэзыдэнт Эстоніі Арнольд Руйтэль, былы прэзыдэнт Кыргызстану Аскар Акаеў, экс-прэзыдэнт Армэніі Робэрт Качаран і былая выкаўнаўца абавязкаў прэзыдэнта Грузіі Ніно Бурджанадзэ. Глядзіце ўсе інтэрвію на нашым сайце пазьней.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG