Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкая прадпрымальніца пра «аблаву»: Грузяць рэчы ў машыну і рагочуць — задаволеныя


Зачыненыя ралеты на полацкім кірмашы
Зачыненыя ралеты на полацкім кірмашы

Стыхійны страйк на полацкіх кірмашах пачаўся 16 кастрычніка і працягваецца ўжо другі дзень. Спробы дасягнуць паразуменьня са службамі, якія канфіскуюць тавар і штрафуюць прадпрымальнікаў, пакуль безвыніковыя.

Учора некалькі соцень прадпрымальнікаў Полацкага кірмашу і кірмашу «Скарб» спынілі працу на знак пратэсту супраць канфіскацыі тавараў, якімі яны гандлююць.

Прадпрымальнікі не працуюць
Прадпрымальнікі не працуюць

Падатковая інспэкцыя ды іншыя службы маюць прэтэнзыі да дакумэнтаў. Згодна з указам № 222, ад беларускіх гандляроў патрабуюць афіцыйных папераў, якія пацьвярджалі б набыцьцё і якасьць закупленых тавараў. Бальшыня тавараў набываецца гуртам у Расеі, тамтэйшыя рэалізатары не даюць дакумэнтаў, якія задаволілі б беларускія структуры. Паперы, якія прадпрымальнікі прывозяць з суседняй краіны і якія яшчэ нядаўна лічыліся сапраўднымі, цяпер не праходзяць праверак. Прычым, пасьлядоўна правяраюцца дакумэнты адной расейскай фірмы, потым наступнай і гэтак далей. Калі дакумэнты прызнаюцца несапраўднымі, тавар канфіскоўваюць, — тлумачыць прадпрымальніца Вольга Шарстабітава:

Вольга Шарстабітава
Вольга Шарстабітава

«Ад учорашняга дня распачаўся страйк, бо ў нас пайшлі праверкі з аўторка. Дасюль мы здавалі ў падатковую паперы, падатковая іх прымала. А цяпер сказалі, што ёсьць нейкае новае распараджэньне. Нам яго не паказалі, сказаўшы, што гэта службовы дакумэнт падатковай. Пачаліся праверкі, а мы яшчэ год таму абмяркоўвалі з „Пэрспэктывай“ у Менску, што ня можам выконваць указ № 222. І сёньня мы злачынцы ў сваёй краіне! І толькі таму, што ў Расеі нам даюць несапраўдныя дакумэнты. Іншых там няма. Мы заяўлялі пра гэта на самым высокім узроўні».

Прадпрымальнікі чакаюць каля райвыканкаму
Прадпрымальнікі чакаюць каля райвыканкаму

На другі дзень страйку, у суботу, замест таго, каб працаваць, людзі сабраліся ля райвыканкаму. Ні прадстаўнікі адміністрацыі горада, ні работнікі падатковай інспэкцыі да прадпрымальнікаў на кірмаш ісьці не пагадзіліся, таму вызначаная дэлегацыя накіравалася да чыноўнікаў у будынак, а яшчэ некалькі соцень чалавек засталіся на вуліцы. На станоўчы вынік сустрэчы ніхто асабліва не спадзяваўся, — працягвае прадпрымальніца-актывістка:

«Сёньня з намі сустракаецца намесьнік старшыні па эканоміцы. Але на станоўчы вынік мы не спадзяемся, гэта было відаць яшчэ па ўчорашняй размове ў падатковай інспэкцыі. Нам сказалі, што мы ня так ужо і шмат плацім у бюджэт. І што ўвогуле, калі нам не падабаюцца ўмовы працы ў Беларусі, то мы можам ехаць куды заўгодна — хоць у Расею, хоць ва Ўкраіну. Крыўдна, бо мы хочам працаваць на радзіме, а нас выпраўляюць са сваёй краіны. Гэта крыўдна слухаць!»

Генадзь Берданеў
Генадзь Берданеў

Прадпрымальнік Генадзь Берданеў — адзін з дэлегатаў у райвыканкам. Абражаны такім стаўленьнем з боку чыноўнікаў, падрыхтаваў шэраг пытаньняў да адказных службаў:

«Першае: гэта само стаўленьне да нас. Мы людзі, а ня быдла! У любой краіне званьне „падаткаплатнік“ гучыць годна. Гэта наша права — задаваць пытаньні і нечага патрабаваць. Неадэкватнае стаўленьне органаў па барацьбе з эканамічнай злачыннасьцю — гэта другое. Калі мы ўчора пачалі пратэставаць, адзін зь іх заявіў, што супраць нас трэба ўжываць зброю. Што гэта такое? І галоўнае: такое ўражаньне, што нас правакуюць да бунту, да гвалту. Каму гэта патрэбна? Няхай разьбіраюцца і шукаюць гэтага чалавека».

У райвыканкам ідуць перамоўшчыкі
У райвыканкам ідуць перамоўшчыкі

Генадзь Берданеў выйшаў з будынка райвыканкаму, так і не дачакаўшыся канца перамоваў. Адзінае, што сказалі там прадпрымальнікам — гэта тое, што адказныя структуры «дзейнічаюць паводле закону».

Прадпрымальнікі ў чаканьні
Прадпрымальнікі ў чаканьні

Што гэта значыць для шараговага прадпрымальніка, распавяла Таіса Іванаўна. Днямі ў яе і ейнай унучкі канфіскавалі амаль увесь тавар:

«Цяпер усё, мы ж цяпер быдла! Маёй унучцы далі два гады таму дапамогу па беспрацоўі — капейкі! Яна ва ўнівэрсытэце вучыцца, апошні год, і будзе дыплём. Аформілі ёй прадпрымальніцтва, яна выйшла, працавала-працавала, а тут раз — гэтая праверка дакумэнтаў. Забралі ўсё! Пакінулі толькі некалькі параў гумовых ботаў і басаножак. Яна нават сюды, да райвыканкаму сеньня прыйсьці не змагла! На нэрвовай глебе адняліся ногі. Цяпер каля яе суседзі сядзяць, бо мы баімся, што таблетак з гора наглытаецца... І ў яе ўсё забралі, і ў мяне — дзіцячыя тавары. Іх жа 16 брыгад з падатковай, і во такая куча папер! Яны мае рэчы грузяць у машыну і рагочуць — задаволеныя, што забіраюць! А я, пакуль яны ўсё апісвалі, тры таблеткі валідолу зьела».

Таіса Іванаўна
Таіса Іванаўна

Полацкія прадпрымальнікі ня выйшлі на працу сёньня і не зьбіраюцца распачынаць працоўны дзень у нядзелю. Ранкам яны вырашылі сабрацца на кірмашы і скласьці калектыўны зварот да кіраўніцтва гораду — каб дазволілі спакойна працаваць, без канфіскацыяў і штрафаў.

Кірмашы так і не аднавілі працу
Кірмашы так і не аднавілі працу

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG