Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Полацкія прадпрымальнікі дамагліся ад кіраўніцтва райвыканкаму згоды на сустрэчу


Як паведаміў старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка, раніцай 17 кастрычніка прадпрымальнікі сустрэнуцца з намесьнікам старшыні Полацкага райвыканкаму Аляксандрам Каладынскім.

«Яны зьбіраюцца прыйсьці ўсім рынкам і разабрацца з гэтымі праверкамі. У іх адно патрабаваньне — каб ім далі спакойна працаваць», — сказаў Шумчанка.

Як паведамлялася раней, больш як 500 прадпрымальнікаў Полацкага рынку адказалі стыхійнай забастоўкай на масавыя праверкі з боку супрацоўнікаў падатковых органаў і аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Праверкі на наяўнасьць суправаджальных дакумэнтаў на тавары пачаліся 13 кастрычніка. Штодзённа кантралёры правяралі па шэсьць прадпрымальнікаў, людзей рэгулярна штрафавалі, былі выпадкі канфіскацыі тавараў.

16 кастрычніка прадпрымальнікі, якія гандлююць на Полацкім рынку, прыпынілі працу і сталі чыніць перашкоды праверцы гандлёвых пунктаў. Пасьля безвыніковай сустрэчы з адміністрацыяй рынку прыкладна 100 прадпрымальнікаў адправіліся ў гарадзкую падатковую інспэкцыю, запэўніўшы, што яны «нікога не аддадуць і нікому не дазволяць забіраць тавар». Ужо на месцы ім удалося дабіцца сустрэчы з прадстаўнікамі раённай улады.

Шумчанка падкрэсьліў, што ўлады ведаюць пра тое, што сапраўдныя дакумэнты на тавары з Масквы беларускім прадпрымальнікам іх расейскія пастаўшчыкі не даюць. «Мы пра гэта папярэджвалі на форуме прадпрымальнікаў яшчэ ў пачатку гэтага году. Мы папярэджвалі ўлады, што накладныя, якія даюць у Маскве, фальшывыя. Улады пачакалі, пакуль пройдуць выбары, а потым проста цынічна і нахабна, ведаючы аб праблеме накладных, замест таго каб яе вырашыць, пачалі гэту сытуацыю выкарыстоўваць, каб папоўніць за наш кошт бюджэт», — сказаў ён.

Згодна з указам № 222 1 сакавіка 2015 году закончыўся тэрмін, на працягу якога індывідуальныя прадпрымальнікі маглі рэалізаваць рэшткі прадукцыі лёгкай прамысловасьці, увезенай з краін Мытнага саюзу без дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б набыцьцё і паступленьне гэтых тавараў. Прадпрымальнікі неаднаразова спрабавалі растлумачыць ураду, што па шэрагу аб’ектыўных прычын ня змогуць працаваць у новых умовах, але іх меркаваньне чыноўнікі ігнаравалі. У выніку 1 сакавіка каля 80% прадпрымальнікаў па ўсёй краіне ня выйшлі на працу на рынку і ў гандлёвыя цэнтры. 17 сакавіка Аляксандр Лукашэнка наведаў ГЦ «Экспабел» і правёў нараду, пасьля якой прадпрымальнікам прадоўжылі тэрмін рэалізацыі тавараў без дакумэнтаў, якія пацьвярджалі б іх набыцьцё, да 1 студзеня 2016 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG