Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурвэтніца з «жучкамі» для Лябедзькі, Някляева і Статкевіча: беларускага ўотэргейту ня будзе?


Падслухоўвальная прылада з сурвэтніцы, здымак з фэйсбуку Анатоля Лябедзькі
Падслухоўвальная прылада з сурвэтніцы, здымак з фэйсбуку Анатоля Лябедзькі

Старшыню АГП Анатоля Лябедзьку сёньня хацелі праслухаць праз сурвэтніцу ў кавярні «Салодкі фальварак», што на плошчы Перамогі.

Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Сёньня дамовіліся пра сустрэчу з Уладзімерам Някляевым і Мікалаем Статкевічам. Па тэлефоне. „На старым месцы“, без абазначэньня каардынатаў і назвы. Да сустрэчы прыйшоў за 10 хвілін. Толькі сеў, зазірнуў бармэн, і тут жа зьявілася афіцыянтка, узяла са стала сурвэтніцу і замяніла на іншую. Зьвярнуў увагу, што яны адрозьніваюцца. Пачаў круціць у руках, і раптам ніжняя частка пайшла па нябачнай разьбе. А там вось гэта самая падслухоўваючая прылада. Добры дзень, тав. генэрал. Так, прэзыдэнцкая кампанія ўсё яшчэ працягваецца! Неяк дзіўна паводзяць сябе апрычнікі чалавека, за якога нібыта прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў».

Лябедзька дадаў, што верхнюю частку сурвэтніцы з прыстасаваньнем для падслухоўваньня ён забраў з сабой. Цяпер будзе рыхтавацца скарга на імя генпракурора, ці даваў той санкцыю на праслухоўваньне.

У ЗША ў 1972 годзе ў часе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі ў штабе Дэмакратычнай партыі былі затрыманыя пяць чалавек, якія займаліся мантажом апаратуры для праслухоўваньня. Штаб быў разьмешчаны ў вашынгтонскім комплексе «Ўотэргейт», і скандал, які тады распачаўся, увайшоў у гісторыю пад гэтай назвай. Праз два гады прэзыдэнту ЗША ад Рэспубліканскай партыі Рычарду Ніксану «ўотэргейцкі скандал» каштаваў датэрміновай адстаўкі — пад пагрозай імпічмэнту.

У Беларусі час ад часу ўзьнікаюць скандалы вакол праслухоўвальных прыстасаваньняў, але датычнасьць спэцслужбаў да гэтых прыладаў ніколі не была даказаная. Адпаведна, ніхто з прадстаўнікоў уладаў не панёс і ніякай адказнасьці.

Цяперашні скандал з сурвэтніцай прыкметны тым, што здарыўся не ў партыйным офісе ці ў кватэры апазыцыйнага палітыка, а ў прыватнай рэстарацыі.

Пра некаторыя прававыя аспэкты гэтай сытуацыі, а таксама пра тое, што трэба рабіць у падобным выпадку, Свабода гутарыць зь юрыстам Валянцінам Стэфановічам.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

«Безумоўна, гэта ўмяшаньне ў прыватнае жыцьцё чалавека. Што значыць — выкарыстаньне праслухоўвальнага прыстасаваньня? Гэта значыць, што праводзяцца апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы ў дачыненьні да чалавека. Для такіх мерапрыемстваў павінна быць канкрэтная падстава. Павінны быць дастатковыя падставы, якія ўказваюць на тое, што, напрыклад, рыхтуецца злачынства. Таксама можа такі захад выкарыстоўвацца, калі ўзбуджаная крымінальная справа і была санкцыя пракурора на праслухоўваньне тэлефонных размоваў, прагляд асабістай электроннай пошты. Спадары Лябедзька, Статкевіч і Някляеў не знаходзяцца пад крымінальнай справай, таму ў дачыненьні да іх такія дзеяньні недапушчальныя і незаконныя», — лічыць Стэфановіч.

На думку юрыста, Анатоль Лябедзька, які забраў з сабой верхнюю частку сурвэтніцы з прыстасаваньнем для падслухоўваньня і будзе рыхтаваць скаргу на імя генпракурора, паводзіць сябе ў такой сытуацыі правільна:

«Спадар Лябедзька мусіць зьвярнуцца ў пракуратуру і папрасіць правесьці праверку, каб высьветліць, чаму ў дачыненьні да яго адбываюцца такія дзеяньні. Пракуратура павінна дапытаць афіцыянтку, якая замяніла сурвэтніцу. Можа, гэта не дзяржаўныя органы, а нейкія трэція асобы хочуць атрымаць інфармацыю, пра што размаўляюць апазыцыянэры Лябедзька, Статкевіч і Някляеў. І гэта ў Беларусі таксама забаронена. Нельга ўмешвацца ў прыватнае жыцьцё з дапамогай праслухоўвальных прыстасаваньняў. Зрэшты, я, вядома, ня думаю, што тут маюць інтарэс нейкія трэція асобы. А вось што гэта могуць быць нашы спэцслужбы, — вельмі вялікая імавернасьць».

Несумненна, што праслухоўваньне апазыцыйных палітыкаў ці грамадзкіх дзеячаў, калі яно не зьвязана з расьсьледаваньнем нейкай крымінальнай справы, а абумоўлена палітычнымі прычынамі, — антыпраўнае нават паводле беларускага заканадаўства. Валянцін Стэфановіч дае парады на выпадак, калі нехта знайшоў «жучок» у сваёй кватэры альбо ў офісе:

Найперш, варта вывесьці прыстасаваньне са строю. А пасьля накіраваць скаргу ў пракуратуру

«Найперш, варта вывесьці прыстасаваньне са строю. А пасьля накіраваць скаргу ў пракуратуру. Ёсьць закон пра апэратыўна-вышуковую дзейнасьць — ён кажа, што для ўсталяваньня праслухоўвальнага абсталяваньня павінны быць канкрэтныя падставы. Таксама ёсьць тэхніка, якая выяўляе наяўнасьць „жучкоў“ у памяшканьні. Добра, калі ёсьць магчымасьць ёй скарыстацца. Таксама трэба падумаць пра тое, хто ўсталяваў „жучок“ — ці гэта выпадковы наведнік, ці чалавек з блізкага атачэньня».

Валянцін Стэфановіч адзначыў, што ў Беларусі было шмат выпадкаў, калі выяўляліся факты ўсталяваньня праслухоўвальных прыладаў. Здаралася гэта ня толькі з апазыцыйнымі палітыкамі, а і, напрыклад, з замежнымі дыпляматамі.

«Не адзін раз такое было. Таму малаверагодна, што кагосьці будуць прыцягваць да адказнасьці за такое. Ні ў кога няма жаданьня называць, хто ўсталяваў „жучок“. Праўда, у выпадку зь Лябедзькам усё даволі відавочна — гэта зрабіла афіцыянтка. Таму ў гэтым выпадку такую праверку правесьці значна прасьцей — ёсьць афіцыянтка, ёсьць адміністрацыя кавярні. Трэба іх апытаць, і ўсё стане ясна».

Ніякага гучнага працэсу з гэтай нагоды ня будзе, лічыць Стэфановіч:

«Беларускага ўотэргейту тут ня будзе. Лукашэнка ня раз публічна заяўляў, што „слухае апанэнтаў“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG