Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку хацелі праслухаць праз сурвэтніцу ў «Салодкім фальварку»


Падслухоўвальная прылада з сурвэтніцы

Падслухоўвальная прылада з сурвэтніцы

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька мяркуе, што ягоныя размовы падслухоўваюць.

Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.

«Сёньня дамовіліся аб сустрэчы з Уладзімерам Някляевым і Мікалаем Статкевічам. Па тэлефоне. „На старым месцы“, без абазначэньня каардынатаў і назвы. Да сустрэчы прыйшоў за 10 хвілін. Толькі сеў, зазірнуў бармэн, і тут жа зьявілася афіцыянтка, узяла са стала сурветніцу і замяніла на іншую. Зьвярнуў увагу, што яны адрозьніваюцца. Пачаў круціць у руках, і раптам ніжняя частка пайшла па нябачнай разьбе. А там вось гэта самая падслухоўваючая прылада. Добры дзень, тав. генэрал. Так, прэзыдэнцкая кампанія ўсё яшчэ працягваецца! Неяк дзіўна паводзяць сябе апрычнікі чалавека, за якога нібыта прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў», — паведаміў Лябедзька.

«Ну што, таварышы, яшчэ раз селі ў брудную лужыну?! Колькі вы грошай высмакталі зь бюджэту, дзясяткі мільёнаў даляраў, а арганізаваць праслухоўку і то ня ў стане!». — напісаў старшыня АГП.

Анатоль Лябедзька распавёў карэспандэнту Свабоды, што яго сустрэча зь Мікалаем Статкевічам і Ўладзімерам Някляевым павінна была адбыцца ў «Салодкім фальварку» на плошчы Перамогі.

«Мы дамовіліся а 13-й гадзіне сустрэцца, выпіць гарбаты ў старым месцы. Месца па тэлефоне не называлася. Я прыйшоў раней, і мне падалося, што неяк нэрвуецца бармэн. Бачу, афіцыянтка забірае са стала і прыносіць іншы прыбор. Я згадваю цяпер, што нешта падобнае было і перад нашымі мінулымі сустрэчамі.

Пачаў круціць сурвэтніцу, і яна пайшла па разьбе круціцца, а там прыстасаваньне для праслухоўваньня. Прыйшоў Някляеў. Мы ня сталі размаўляць, і нават гарбаты ня сталі піць.

Усё гэта адбывалася ў „Салодкім фальварку“, да якога, як вядома, мае адносіны Чыж. Таму калі ёсьць пляны на сур’ёзныя сустрэчы ці размовы, то ў „Фальварак“ ня трэба заходзіць, бо ня вельмі там салодка.

Мы вельмі расчараваныя. За намі працягваюць сачыць, то бок палітычны клімат застаецца бязь зьменаў. Да таго ж дзясяткі мільёнаў перападаюць на палітычны вышук, а атрымліваецца, што там пакрысе дзярбаняць, бо гэтыя прыстасаваньні яўна састарэлі», — распавёў палітык.

Лябедзька сказаў, што верхнюю частку сурвэтніцы з прыстасаваньнем для падслухоўваньня ён забраў з сабой. Цяпер будзе рыхтавацца скарга на імя генпракурора, ці даваў той санкцыю на праслухоўваньне.

Палітык лічыць, што афіцыянты — гэта «проста ахвяры, іх устаўляюць у брудныя справы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG