Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэстаўрацыю помніка Жызьнеўскаму аплаціць дзяржаўная страхавая кампанія


Падчас адкрыцьця помнік Міхасю Жызьнеўскаму, архіўнае фота
Падчас адкрыцьця помнік Міхасю Жызьнеўскаму, архіўнае фота

Прадстаўнік кампаніі «Белдзяржстрах» наведаў 12 кастрычніка магілу беларускага героя «Нябеснай Сотні» Міхася Жызьнеўскага ў вёсцы Сьцяг Працы, што пад Гомелем. Яго выклікалі бацькі Міхася, каб ацаніць шкоду, якую нанесьлі невядомыя вандалы помніку на магіле сына.

Два тыдні таму грамадзкія актывісты, якія даглядаюць пахаваньне героя ўкраінскага Майдану, выявілі пашкоджаньне. На левым баку гранітнага манумэнта пад барэльефам вострым прадметам надрапана па-расейску: «Предатель».

«Страхаўшчык дакляраваў вярнуць усе страты на рэстаўрацыю пашкоджаньня. Левую палову помніка давядзецца дэмантаваць, адвозіць на шліфоўку, а пасьля зноў вяртаць на ранейшае месца. Усё гэта абыдзецца страхавой кампаніі не ў адзін мільён рублёў, бо помнік у дзень устаноўкі мы адразу застрахавалі», — кажа маці героя Ніна Жызьнеўская.

Манумэнт з барэльефам беларуса, які загінуў у Кіеве падчас Рэвалюцыі Годнасьці, украінскім Трызубам і гістарычным беларускім гербам «Пагоня» мае форму раскрытай кнігі. Левая старонка — з чорнага граніту, а правая — з чорна-чырвонага. На ёй чатырохрадкоўе зь верша Эдуарда Акуліна:

Калі забіваюць сына —
Ня здацца сябе прымусь...
Па сэрца ў крыві Ўкраіна,
Па вочы ў сьлязах Беларусь...

На надмагільнай пліце высечаны па-беларуску словы: «Героі не паміраюць. Памяці Міхася Жызьнеўскага».

Аўтар помніка — вядомы беларускі скульптар, жывапісец, сябра мастакоўскай суполкі «Пагоня» Алесь Шатэрнік. Гомельскія грамадзкія актывісты прывезьлі помнік зь Менску і 3 ліпеня ўсталявалі на магіле Міхася Жызьнеўскага.

Як толькі стала вядома пра пашкоджаньне помніка, маці Жызьнеўскага патэлефанавала ва ўкраінскую амбасаду ў Менску. Там яе запэўнілі, што амбасада падрыхтуе ноту пратэсту на адрас гомельскіх уладаў.

Мела размову Ніна Васільеўна і з украінскімі бацькамі герояў «Нябеснай Сотні» — яны накіравалі адмысловую заяву на імя Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем абараніць ад вандалаў магілу Міхаіла Жызьнеўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG