Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародныя назіральнікі засталіся расчараванымі ў беларускіх выбарах


Назіральнікі АБСЭ даюць прэс-канфэрэнцыю па выніках назіраньняў за прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 года

Назіральнікі АБСЭ даюць прэс-канфэрэнцыю па выніках назіраньняў за прэзыдэнцкімі выбарамі 2015 года

Група назіральнікаў ад АБСЭ і Рады Эўропы прадставіла вынікі маніторынгу прэзыдэнцкіх выбараў.

Заяву міжнародных назіральнікаў прадставіў 12 кастрычніка ў гатэлі «Беларусь» спэцыяльны каардынатар і кіраўнік кароткатэрміновай місіі назіральнікаў АБСЭ Кент Харстэт.

Як сказаў Харстэт, назіральнікі засталіся расчараванымі шмат якімі аспэктамі прэзыдэнцкіх выбараў:

«Відавочна, Беларусь яшчэ мае прайсьці доўгі шлях да выкананьня сваіх абавязаньняў па правядзеньні дэмакратычных выбараў. Мы вітаем нядаўняе вызваленьне палітычных вязьняў і спадзяемся, што гэта пакладзе канец перасьледу такога роду. Нас добра прынялі ў Беларусі, мы змаглі працаваць назіральнікамі па ўсёй краіне, нас запрасілі менавіта ў той колькасьці, якая была неабходная для правядзеньня місіі.

Але тая надзея, якую мы атрымалі ад вызваленьня палітвязьняў і ветлівага стаўленьня да запрошаных місіяў АБСЭ і Рады Эўропы, надзея на шырокі прагрэс у сфэры выбараў, была марная, абяцаньні не былі выкананыя. У сьвятле дадзеных абяцаньняў я вельмі расчараваны тымі недахопамі, якія мы сустрэлі».

Харстэт дадаў, што асабліва расчараваны недахопамі ў ходзе падліку галасоў і вызначэньня вынікаў выбараў. Ён прызнаў, што назіральнікі АБСЭ на выбарах не маглі назіраць за працэсам падліку галасоў – гэта вельмі сур’ёзная праблема. Ён падкрэсьліў, што назіральнікі ўдзячныя за тое, што іх запрасілі без абмежаваньняў на працягласьць і склад місіі ды за ўзаемадзеяньне з ЦВК. Але гэта не прывяло да шырокіх паляпшэньняў.

«Канкрэтныя праблемы, якія трэба вырашыць, хоць гэта і ня поўны сьпіс: па-першае, сыстэма рэгістрацыі выбарцаў занадта адвольная, людзі могуць рэгістравацца на ўчастках без прававых гарантыяў; па-другое, шэраг аспэктаў ствараў няроўныя ўмовы для правядзеньня кампаніі і размыў межы паміж палітычнымі партыямі і дзяржавай. Але самае важнае, чым я быў расчараваны, – гэта недарэчнасьці ў падліку галасоў: непрымальна трымаць назіральнікаў далёка ад таго стала, дзе адбываецца падлік галасоў, калі агляд закрыты і назіральнікі ня бачаць, што адбываецца насамрэч».

Сярод праблемаў кампаніі ён таксама назваў склад выбарчых камісіяў, дзе не было прадстаўнікоў апазыцыі альбо незалежных арганізацыяў.

Харстэт сказаў і пра пазытыўныя моманты. Так, усе кандыдаты маглі праводзіць кампаніі па ўсёй краіне, маглі данесьці свае ідэі. Самі кандыдаты адзначылі свабодны доступ да дзяржаўных СМІ, які быў прадстаўлены на роўных правах і без цэнзуры.

«І кампанія, і дзень выбараў прайшлі мірна, але былі заўважаныя праблемы падчас падліку галасоў, што падрывае сумленнасьць выбараў», – заключыў Харстэт.

Рэха Дэнэмэч ад імя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы таксама зьвярнуў увагу на праблемы ў арганізацыі беларускіх выбараў, асабліва да дня галасаваньня. Ён заявіў, што трэба рэфармаваць прававую базу, каб гарантаваць сапраўды канкурэнтнае асяродзьдзе.

Джым Ўолш з Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ заўважыў, што Беларусь ня цалкам скарысталася магчымасьцю палепшыць выбарчую працэдуру. Асабліва ён зьвярнуў увагу на няроўнае для палітычных сіл «неінклюзіўнае» фармаваньне выбарчых камісіяў.

На пытаньне БелТА Джым Ўолш адказаў, што людзі маюць права на няўдзел і на байкот выбараў. Гэта стварае праблемы ў рэпрэзэнтатыўнасьці падчас выбарчай кампаніі, але, на яго погляд, людзі маюць права на байкот.

Кіраўнік доўгатэрміновай місіі назіраньня АБСЭ Жак Фор заклікаў да грунтоўнай рэформы беларускага выбарчага закону, выказаў заклапочанасьць нязьменнай прававой базай, незбалянсаванасьцю і залежнасьцю ад дзяржавы выбарчых камісіяў, а таксама заявіў, што былі заўважаныя ўжываньні адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць дзейнага прэзыдэнта, невыразныя правілы праверкі подпісаў, якія дазваляюць прымаць адвольныя рашэньні.

На пытаньне дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Аляксандра Лукашука, ці прысутнічаў хто з удзельнікаў прэсавай канфэрэнцыі на працэдуры падліку галасоў хоць на адным з участкаў, Кент Харштэт адказаў:

«Мы прысутнічалі, але сама прысутнасьць не гарантуе магчымасьці назіраць. Калі вы ня бачыце, што адбываецца, узьнікае пытаньне, што вы там робіце.

Агулам па ходу дня выбараў на ўчастках усё адбываецца добра, але калі мы падыходзім да падліку галасоў, то мы расчараваныя, у прыватнасьці, тым, што 30 працэнтаў назіральнікаў не маглі назіраць за падлікам галасоў. Я вельмі расчараваны гэтым фактам».

Джым Ўолш дадаў, што ён ня думае, што падлік галасоў адпавядаў вынікам галасаваньня, асабліва што тычыцца датэрміновага галасаваньня.

Жак Фор таксама (папярэдне папрасіўшы паўтарыць пытаньне і параіўшыся безь мікрафону зь сябрамі місіі) даў ацэнку камэнтаваньню выбараў ад імя ката Барсіка, не зарэгістраванага ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты:

«Гэта здараецца ня толькі ў Беларусі, што ёсьць людзі, гатовыя сьмяяцца з такіх падзеяў. Калі я быў студэнтам на радзіме, памятаю, былі студэнцкія групы, якія прапаноўвалі абіраць на дэкана нашага факультэту розных жывёлаў. Такое здараецца, што я магу тут зрабіць?»

У канцы прэсавай канфэрэнцыі Кент Харстэт паведаміў, што выніковая справаздача БДІПЧ АБСЭ будзе падрыхтаваная і апублікаваная праз два месяцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG