Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч: Да заўтрашняга дня ніякіх камэнтароў


Свабода патэлефанавала Сьвятлане Алексіевіч з просьбай падзяліцца сваімі адчуваньнямі ў ролі фаварыткі букмэкераў на атрыманьне сёлетняй Нобэлеўскай прэміі па літаратуры.

Пісьменьніца сказала, што цяпер яна знаходзіцца па-за межамі Беларусі, і паабяцала пагаварыць з Радыё Свабода пасьля таго, як стане вядомы пераможца. «Да заўтрашняга дня нічога не камэнтую», — падкрэсьліла яна.

Сьвятлана Алексіевіч ужо трэці год запар бачыцца некаторымі букмэкерскімі канторамі на Захадзе як адзін з найбольш верагодных атрымальнікаў швэдзкай прэміі.

У прыватнасьці, у канторы Ladbrokes лідзіруе са стаўкамі 3/1, апярэджваючы Харукі Муракамі (6/1), Нгугі ва Тхіонга (6/1), Юна Фосэ (10/1), Джойс Кэрал Оўтс (10/1) і Філіпа Рота (10/1).

Японскі і кенійскі пісьменьнікі Харукі Муракамі і Нгугі Ва Тхіонга, разам са Сьвятланай Алексіевіч называліся сярод найбольш верагодных ляўрэатаў і летась, але Нобэлеўскую прэмію ў 2014 годзе атрымаў француз Патрык Мадыяно, які не лічыўся лідэрам у букмэкераў.

Сьвятлана Алексіевіч уключалася ў сьпіс намінантаў на Нобэлеўскую прэмію па літаратуры і раней: за цыкль твораў, сярод якіх «У вайны — не жаночы твар», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя сьмерцю», «Апошнія сьведкі» і «Чарнобыльская малітва».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG