Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарга па літаратурны «нобэль»


Нацыянальнасьць літаратуры

Францыя — краіна, пісьменьнікі якой атрымалі найбольш Нобэлеўскіх літаратурных прэмій. Зь леташняй прэміяй для Патрыка Мадыяно атрымліваецца агулам 15 штук. Другое месца трымаюць ex aequo ЗША і Вялікабрытанія (па 10 прэмій).

Што варта заўважыць пры нагодзе гэтага ранжыру? А тое, што не заўсёды прэміяваны пісьменьнік пісаў на тытульнай мове краіны, да якой яго залічылі у нобэлеўскіх статыстыках.

Фрэдэрык Містраль (ляўрэат 1904 году) пісаў на аксытанскай мове. Іван Бунін (1933) — па-расейску. Сэмюэл Бэкет (1969) — па-француску і па-ангельску. Усе трое здабылі «нобэлі» для Францыі. Іосіф Бродзкі (1987) — у нобэлеўскай камандзе ЗША. Эліяс Канэці (1981) — які нарадзіўся ў Баўгарыі і пісаў па-нямецку — значыцца як ляўрэат Вялікабрытаніі. У гэтых выпадках вырашальным было грамадзянства пісьменьніка ў час прысуджэньня прэміі, а ня мова, на якой ён пісаў.

Калі аднак вырашала грамадзянства, дык чаму Генрыка Сянкевіча залічылі ў пул нобэлеўскіх ляўрэатаў Польшчы? У 1905, калі яго прэміявалі, ён быў падданым Расейскай імпэрыі, а Польшчы як палітычнага суб’екту тады не існавала...

Існуе думка — зь якой я абсалютна не пагаджаюся — што літаратура наогул ня мае нацыянальнасьці. Маўляў, пісьменьнікаў трэба дзяліць на геніяў, добрых і графаманаў, а не на нямецкіх, італьянскіх ці вугорскіх. Па-мойму, літаратура, нават тая вяршынная, якая становіцца здабыткам сусьветнай чытацкай аўдыторыі, заўсёды грунтуецца на нацыянальным. «Дон Кіхот» Сэрвантэса, «Пыха і перадузятасьць» Остэн, «Мадам Бавары» Флябэра, «Злачынства і пакараньне» Дастаеўскага, «Будэнброкі» Мана, «Уліс» Джойса — іхная ўнівэрсальнасьць моцна заякараная якраз у нацыянальным, «сваім» для аўтараў. Кніга «Сто гадоў самоты» Маркеса не магла ўзьнікнуць ні ў Гішпаніі, ні ў ЗША, а толькі там, дзе ўзьнікла — у Калюмбіі. Можна дапусьціць, што яна магла б яшчэ ўзьнікнуць у Вэнэсуэле або Мэксыцы (гэтыя краіны спалучае з Калюмбіяй ня столькі агульная літаратурная мова, колькі агульная памяць пра каляніяльнае мінулае), але напэўна ня ў Францыі ці ў Нямеччыне... Існуе моцная повязь паміж культурай, у якой літаратура ўзьнікае, і тым, пра што і як гэтая літаратура гаворыць.

Насамрэч пераважная большасьць літаратуры на сьвеце настолькі моцна «нацыянальная», што і ня мае шанцаў стаць «унівэрсальнай». Тым ня менш — гэта літаратура важная для нацыі, якая яе спарадзіла.

Беларуская літаратура — тыповы прыклад такой «вузканацыянальнай» літаратуры. Янка Купала і Якуб Колас — пісьменьнікі важныя толькі і выключна для беларусаў. Ніхто Купалу і Коласа ня стане чытаць ні ў Польшчы, ні ў Літве, ня кажучы пра Францыю зь Нямеччынай. Але гэта ня значыць, што Купала і Колас — не-пісьменьнікі ці кепскія пісьменьнікі. Яны — «занадта нацыянальныя» пісьменьнікі.

Іншыя таксама хочуць

Што б ні сказаць пра Нобэлеўскую прэмію, то ўсё ж трэба прызнаць, што яна так ці інакш падымае нацыянальную літаратуру на «ўнівэрсальны ўзровень» у чытацкай сьвядомасьці. За нешматлікімі выключэньнямі, нобэлеўскімі ляўрэатамі станавіліся пісьменьнікі, чыю «ўнівэрсальнасьць» раней ці пазьней пацьвярджалі пераклады на іншыя мовы і выданьні ў замежжы. Гэта адна з прычынаў, чаму нацыянальныя літаратуры, якія пакуль ня маюць нобэлеўскага ляўрэата, так моцна хочуць яго займець.

Не іначай зь Беларусьсю. І справа тут ня ў тым, ці дадуць «нобэля» канкрэтна Георгію Марчуку або Уладзіміру Някляеву — справа хутчэй у тым, што калі так станецца, то дадуць яго менавіта беларускай літаратуры. Бо беларуская літаратура ўсё яшчэ патрабуе вонкавага прызнаньня, «уваходу на літаратурную мапу Эўропы», каб самасьцьвердзіцца. Ніякага такога самасьцьвярджэньня не патрабуюць літаратуры Францыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі або Італіі. А беларуская — патрабуе, як і многія іншыя літаратуры, якія да гэтай пары застаюцца ў ценю больш прабіўных літаратураў і моваў...

Хто яшчэ чакае свайго «нобэля», калі мець на ўвазе нацыянальныя літаратуры і мовы?

Пісьменьнікі нідэрляндзкай мовы ні разу не былі ўдастоеныя швэдзкімі акадэмікамі — ні галяндцы, ні флямандцы. Ня маюць нобэлеўскага ляўрэата славакі, румыны, баўгары, альбанцы і ўсе пост-югаслаўскія нацыі — славенцы, харваты, басьнійцы, македонцы і сэрбы з чарнагорцамі. (Іва Андрыч, які нарадзіўся басьнійцам і залічваў сябе да сэрбскай літаратуры — гэта хутчэй агульнаюгаслаўская літаратурная зьява, чым выключна басьнійская або сэрбская).

Ня маюць нобэлеўскіх ляўрэатаў балты (Літва, Латвія, Эстонія) і тры іншыя краіны «Міжмор’я»: Беларусь Украіна, Малдова.

З моцных літаратураў па-за Эўропай «нобэля» ніколі не атрымалі аргентынцы і бразыльцы!

Калі глянуць на Азію, дык там прэміявалі толькі японцаў (2), кітайцаў (2) і індусаў (1).

І ў самой Эўропе ёсьць краіны, якія атрымалі «нобэля» толькі раз і так даўно, што ўсе ўжо пра гэта начыста забылі. Пра Бэльгію, напрыклад (1911). Або пра Фінляндыю (1939).

Посткаляніяльны сындром

Справа з «нобэлем» для Беларусі выглядае вельмі складанай перш за ўсё таму, што рэальныя шанцы атрымаць яго ў агляднай пэрспэктыве мае толькі Сьвятлана Алексіевіч, якая піша па-расейску. І яшчэ таму, што сытуацыя зь беларускай мовай у Беларусі такая, а ня іншая.

Шмат хто лічыць, што Нобэлеўская прэмія для Сьвятланы Алексіевіч стане «апошнім цьвіком у труну» беларускамоўнай літаратуры. То бок яна стане ўскосным пацьверджаньнем аднаго «крылатага зласлоўя», паводле якога «на беларускай мове нельга выказаць нічога вялікага».

Гэта, канешне, той гістарычна-эмацыянальны кантэкст, у якім прыхільнікі літаратуры ў Беларусі ўжо некалькі гадоў запар сочаць за букмэкерскімі прагнозамі адносна «нобэля» і заўзята дыскуюць у сацсетках цягам некалькіх дзён у кастрычніку, што лічыць беларускай літаратурай, а што не.

Я час ад час і сам уступаю ў такія дыскусіі, прытрымліваючыся меркаваньня, што літаратура на расейскай мове ў Беларусі сёньня — гэта састаўная частка нацыянальнай літаратуры беларусаў.

Асноўны контраргумэнт, які чую ад сваіх апанэнтаў, можна заключыць у наступным сылягізьме: А ці ёсьць расейская літаратура на беларускай мове? Або — ці ёсьць польская літаратура на беларускай мове?

Безумоўна, няма ні польскай літаратуры па-беларуску, ні расейскай. Нельга супастаўляць рэчы ex definitione несупастаўляльныя. Гэта ж не Беларусь калянізавала (эканамічна і культурна) Польшчу і Расею, а наадварот. Сытуацыю Беларусі можна больш-менш апраўдана супаставіць толькі з сытуацыяй тых краінаў, якія былі паддадзеныя жорсткай калянізацыі. Супаставіць з Ірляндыяй, напрыклад. Або з Калюмбіяй ці Мэксыкай. Зь Нігерыяй таксама не зусім благое будзе параўнаньне.

Ірляндцам не прыходзіць у галаву, каб «аддаваць» брытанцам сваіх нобэлеўскіх ляўрэатаў — Уільяма Ейтса і Шэймаса Хіні — хоць пісалі яны па-ангельску. Габрыэля Гарсію Маркеса і Актавіё Паса ніхто не залічвае да гішпанскай літаратуры, хоць пісалі яны па-гішпанску. І Воле Шайінка таксама не належыць ангельскай літаратуры, а нігерыйскай, хоць піша ён на мове калянізатараў, а не на сваёй роднай (ёруба).

Кажучы, што Алексіевіч, калі яна атрымае Нобэлеўскую прэмію, атрымае яе і для Беларусі — я выступаю проста за новае разуменьне беларускага кантэксту.

Яшчэ іначай: пытаньне ня ў тым, як ставяцца да творчасьці Сьвятланы Алексіевіч расейцы, то бок, ці лічаць яе расейскай пісьменьніцай ці не. Пытаньне перш за ўсё ў тым, як паставімся да яе мы, беларусы. Гэта адзін з тых выпадкаў, калі можна хоць крыху палячыць свой посткаляніяльны сындром і рэальна сказаць Расеі сваё «не».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG