Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Караткевіч, Улаховіч і Гайдукевіч узялі ўдзел у дэбатах на БТ


Кандыдат у прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка заяўку на ўдзел у тэлебатах не падаваў. Гайдукевіч скончыў свой выступ словамі «Жыве Беларусь!».

Кандыдат у прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка заяўку на ўдзел у тэлебатах не падаваў. Сяргей Гайдукевіч напярэдадні патлумачыў карэспандэнту Свабоды сваё рашэньне ня ўдзельнічаць у дэбатах асабіста, тым, што яму няма з кім змагацца, бо ягоны галоўны канкурэнт — Лукашэнка.

Дэбаты адбываліся ў жывым эфіры. Іх абмяркоўвалі і камэнтавалі карыстальнікі сацыяльных сетак.

11 кастрычніка нам належыць зрабіць важны выбар.

Паводле вынікай лёсаваньня, першай выпала выступаць Тацяне Караткевіч. Выступала яна па-расейску:

«11 кастрычніка нам належыць зрабіць важны выбар. Ці застацца на месца. Ці зрабіць крок і ісьці наперад. За апошні час у нас шмат чаго памянялася. Не зьмянілася толькі адно — ўлада. Яна па-ранейшаму засталася ў 90-х. Мы лічым, што ўлада перастала разьвівацца, яна ў крызысе. Лукашэнка праігнараваў гэтыя дэбаты. Значыць, ён ня хоча размаўляць з вамі і са мной. Трэба спыніць падзеньне эканомікі, забясьпечыць рост і абараніць грамадзянаў у цяжкіх сытуацыях».

Караткевіч заявіла, што трэба «зьняць удаўку з прыватнага сэктару, забясьпечыць незалежныя суды і выбарнасьць улады»:

«Вярнуць норму, калі адзін чалавек ня можа займаць пасаду прэзыдэнта ня больш двух тэрмінаў запар. Я сёньня была ў пікеце і бачыла сотні людзей, якія не задаволеныя ўладай. Яны глядзяць у будучыню з трывогай».

Мікалай Улаховіч выступаў другім. Ён таксама прамаўляў па-расейску, у сваім выступе часта згадваў Расею:

«За 20 год нямала зроблена ў краіне. Каб ісьці далей, трэба перагледзець шэраг урадавых праграм. Я за падвышэньне добрабыту нашага народу. Я далёкі ад думкі распавядаць вам байкі, калі мы ўвайшлі ў сусьветны эканамічны крызыс.
Толькі разам з Расеяй і дзякуючы ёй выйдзем зь яго».

Ён зьвярнуўся да моладзі і засьцярог ад Плошчы:

«Я пражыў добрае жыцьцё. Толькі ў адзінстве беларускага, расейскага і ўкраінскага народаў мы зможам данесьці Эўразьвязу і прыхільнікам НАТА, што гэтая тэрыторыя застаецца свабоднай. Я не хачу, каб нашыя людзі ішлі на плошчу і вырашалі там свае палітычныя пытаньні».

Улаховіч заявіў, што выступае за рынкавую эканоміку:

«Я за капіталізм. Нармальны здаровы капіталізм. Я за тое, каб мы разьвівалі стасункі ня толькі з Расеяй, а з многімі краінамі сьвету. Рады, што мая Беларусь сёньня жыве ў міры і спакоі».

Калі вы галасуеце за дзейнага прэзыдэнта, значыць, вы ня хочаце пераменаў.​

Алег Гайдукевіч заступае на дэбатах Сяргея Гайдукевіча. Ён пачаў з агітацыі прыходзіць на выбары:

«11 кастрычніка трэба прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і зрабіць свой выбар. 11 кастрычніка мы будзем вырашаць, як жыць далей. Выбар просты: калі вы галасуеце за дзейнага прэзыдэнта, значыць, вы ня хочаце пераменаў. Так за прыгожымі словамі пра мірныя перамены, хавае тую ж апазыцыю Улаховіч — прадстаўляе тую ж уладу. Альбо за партыю, якая вам ніколі ня здраджвала».

Кандыдаты мелі магчымасьць задаць пытаньне апанэнтам. Караткевіч задала пытаньне Гайдукевічу:

«Дзейны прэзыдэнт гэтыя дэбаты праігнараваў, а Сяргей Гайдукевіч яшчэ не прэзыдэнт, а ўжо праігнараваў гэтыя дэбаты. Дык чаго чакаць ад такога прэзыдэнта? Кумаўства. Уявіце, што ваш бацька перамагае, што, апроч партыі, ён вам аддасьць?»

Гайдукевіч адказаў на атаку атакай:

«Вы нічога ня ведаеце пра дзяржаўнае кіраваньне. Вы раскажыце, як працуе Савет міністраў? Вы нічога не адкажаце. А Гайдукевіч сустракаецца з жывымі людзьмі. Ніякага кумаўства ў нашай партыі няма, мяне выбралі людзі».

Караткевіч перайшла на беларускую мову і задала пытаньне Ўлаховічу пра беларускую мову:

«У маёй праграме шмат увагі надаецца разьвіцьцю беларускай культуры і мовы. вы аддалі палякам нашага выбітнага паэта Максіма Багдановіча. Як так? Ён нарадзіўся ў Менску, ёсьць помнік яму. А што яшчэ вы гатовыя аддаць зь беларускай скарбніцы? Адкуль такая непавага да беларускага?

Улаховіч адказаў, што ён, наадварот, «пашырыў межы яго дзейнасьці», і што ён супраць таго, каб адрываць беларускую культуру ад вялікай расейскай культуры.

Вядучы заклікаў напоўніць дэбаты больш канкрэтнымі рэчамі і запытаўся ўдзельнікаў дэбатаў, адкуль браць грошы на эканамічныя перамены.

Гайдукевіч: «Ня слухайце казкі палітыкаў такіх, як Тацяна Караткевіч, што яна прыйдзе да ўлады і ўсё стане добра. Пра які эканамічны рост можна казаць, калі ў суседняй краіне ідзе вайна. Але ці ўсё робіцца ў нашай краіне, каб жыцьцё нашых грамадзян было лепш. Першае — падтрымка малога і сярэдняга бізнэсу. Ужо зараз мы прапаноўваем пустыя памяшканьні аддаць бізнэсу бясплатна на тры гады. Падаткі трэба спрасьціць. Прыватызацыя ўжо патрэбная. Яна сасьпела. Ня трэба баяцца. Трэба стварыць больш ільготныя ўмовы для інвэстараў. А галоўнае — мір, парадак і спакой у краіне».

Караткевіч таксама прапанавала палепшыць умовы для прыватнага бізнэсу, вярнуцца да інвэстыцыйнага кодэксу і зрабіць індывідуальны антыкрызісны плян для кожнага прадпрыемства.

Вядучы запытаўся ўдзельнікаў дэбатаў, за якую інтэграцыю выступаюць кандыдаты — за эўраазійскую ці эўрапэйскую:

«Мы незалежная краіна. Такой мы і хочам застацца. Наша мэта — збалянсаваныя міжнародныя стасункі» — адказала Караткевіч

Нам ня трэба ў Эўропу. Мы ў Эўропе! Мы эўрапейская краіна і эўрапэйская нацыя. Мы ня будзем стаяць з працягнутай рукой у Эўропе ці ў Расеі. Мы будзем паважаць сябе».

Гайдукевіч адказаў, што інтэграцыя не павінна шкодзіць нацыянальным інтарэсам:

«Нам ня трэба інтэграцыя, якая ідзе на шкоду нацыянальным інтарэсам. Падпісалі Эўразійскі эканамічны саюз — гэта добра для нашай краіны. Там нашыя эканамічныя інтарэсы. Але мы мусім больш жорстка заваёўваць гэты рынак. Што тычыцца ЭЗ, мы мусім рабіць крокі насустрач. Першае — прыбраць санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. За што? Нам ня трэба ў Эўропу. Мы ў Эўропе! Мы эўрапейская краіна і эўрапэйская нацыя. Мы ня будзем стаяць з працягнутай рукой у Эўропе ці ў Расеі. Мы будзем паважаць сябе».

Адказваючы на пытаньне пра інтэграцыю, Улаховіч адказаў, што «Расея — даўні стратэгічны партнэр Беларусі»:

«Нам ня трэба разьмяшчаць адно ў аднаго базу. А момант падпісаньня — гэта чыста палітычны акт. Думаю, што трэба, вядома, апроч ЭЗ падтрымліваць стасункі з краінамі трэцяга сьвету. Трэба шукаць рынкі збыту далей».

Вядучы даў час кожнаму кандыдату для заключнага слова:

Караткевіч: «За час кампаніі я праехала больш за 20 тысяч кілямэтраў. Я пераканалася, што сёньня людзей, якія хочуць мірных перамен, большасьць. Толькі адзін чалавек не гатовы да мірных перамен. У нас ёсьць магчымасьць выбраць іншага кіраўніка».

Караткевіч запрасіла сваіх прыхільнікаў прыходзіць на выбары:

«11 кастрычніка ў вас будзе магчымасьць давесьці сваім голасам, што вы выбіраеце перамены. Я ведаю, што галасы могуць падлічвацца не празрыста. Важна, што ўлада пабачыць, што большасьць сёньня абірае мірныя перамены. Пасьля гэтага яна ня зможа нас падманваць з экранаў тэлевізараў. Пабачыўшы, што нас большасьць, улада будзе вымушаная пачаць гэтыя мірныя перамены».

Улаховіч зьвярнуўся да жыхароў Менску і таксама заклікаў прыходзіць на выбары:

«Вы за апошнія гады праяўлялі найменшую актыўнасьць. Прыйшла пара прыйсьці шчыльнымі шэрагамі на выбарыя ўчасткі. Тое, што я кажу сёньня па-расейску, не азначае, што я не паважаю нашую культуру і наш народ. Проста ў мяне не хапае часу, каб давесьці гэта кожнаму.

Улаховіч заклікаў ня кідацца на палітычныя лёзунгі:

«Я за тое, каб нашыя дыскусі былі не на плошчах і вуліцах, каб у нас Майдану ніколі не было. Госпад Бог даў нам такі шанец і стварыў незалежную краіну — Рэспубліку Беларусь. Моладзь, зразумейце правільна, ваш час прыйдзе, і вы станеце сапраўднымі кіраўнікамі нашай краіны. Але трэба прайсьці пэўны жыцьцёвы шлях. Рабіцеся больш рашучымі, ня бойцеся выказваць сваё меркаваньне».

Гайдукевіч выступаў апошнім. У сваім выступе паўтарыў, што Сяргей Гайдукевіч абараняе інтарэсы людзй і краіны:

«Ня слухайце тых, хто кажа, што выбары нічога не вырашаюць. Ваш голас будзе пачуты. Мы мусім паказаць, чаго мы хочам. Ня важна, калі вы прыйдзеце: 11 кастрычніка ці датэрмінова. Галоўнае — прыйсьці. Выбар просты: альбо вы галасуеце за дзейнага прэзыдэнта, альбо за апазыцыю, якая і была гэтыя 20 год, якая прыкрылася тварам маладой сымпатычнай жанчыны, якая нават ня ведае, як працуе Савет Міністраў. Альбо за чалавека, які і ёсьць цяперашняя ўлада. А трэці выбар — гэта Гайдукевіч, чалавек, які 20 год знаходзіцца на палітычнай арэне краіны, абараняе інтарэсы краіны».

Свой выступ Гайдукевіч завершыў словамі «Жыве Беларусь!».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG