Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Кастусёў: Расчараваньні заглушылі ўсе станоўчыя ўражаньні


Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў

3 кастрычніка ў прамым эфіры тэлеканала Беларусь-1 адбыліся дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзыдэнты. Рыгор Кастусёў распавёў Свабодзе пра свае ўражаньні.

«Мае ўражаньні ад тэледэбатаў неадназначныя, падвойныя. Але расчараваньняў значна больш, чым станоўчых уражаньняў. Можна сказаць, што гэтыя расчараваньні заглушылі ўсе станоўчыя ўражаньні, і іх амаль няма.

Па-першае, беларуская мова на дэбатах амаль не гучала, а тыя некалькі словаў, якія былі прамоўленыя па-беларуску, гучалі як абраза ў стылі „а-ля Лукашэнка“, і ня больш.

Па-другое, што было яскравым адрозьненьнем дэбатаў-2010 і дэбатаў-2015 года: у 2010 годзе ўсе кандыдаты, якія прыйшлі на дэбаты, ішлі з асноўнай, адзінай пазыцыяй — пазыцыяй прабеларускай, і ва ўсіх быў адзіны супернік — дзейны на той момант кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка. А на гэтых дэбатах мы пачулі спрэчку паміж удзельнікамі, але ўсе яны выказаліся станоўча на адрас дзейнай улады, на адрас рэжыму, што мяне таксама вельмі ўразіла.

А самае непрыемнае, што я заўважыў — Гайдукевіч-малодшы выглядаў хоць крыху прабеларускім, у адрозьненьне ад Тацяны Караткевіч, на якую мы спадзяваліся вельмі шчыра, і якая цалкам не апраўдала той давер, які ёй аказвала партыя БНФ.

Пасьля Сойму БНФ аб выхадзе з кампаніі Тацяны Караткевіч, дзе бальшыня сябраў Сойму прагаласавала за гэта, у мяне ўсё ж такі заставаліся нейкія маленькія сумневы — а можа, і праўда, мы крыху пасьпяшаліся, можа, Тацяна яшчэ малады палітык, яна выправіцца і зробіць папраўкі ў сваёй праграме...

Але тое, што я пачуў сёньня, мяне яшчэ больш пераканала ў тым, што мы на Сойме прынялі правільнае рашэньне. Бо нават тыя напрацоўкі ў межах „Народнага рэфэрэндуму“, дзе было 6 пытаньняў, яна не выкарыстала.

Адным з пытаньняў была шчыльная інтэграцыя з Эўрапейскім Зьвязам. На жаль, Тацяна Караткевіч, ня маючы на гэта права, аднаасобна выкрэсьліла гэта пытаньне з агульнага ліку, і арыентуецца ў сваёй праграме на яшчэ больш шчыльнае ўзаемадзеяньне ў Эўразійскім Саюзе, і ні слова не сказала аб інтэграцыі з Эўрапейскім Зьвязам. Вось гэта мяне расчаравала больш за ўсё».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG