Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калачоў: Расея можа ўвязацца ў вайну ў Сырыі ўсур’ёз і надоўга


Канстанцін Калачоў

Канстанцін Калачоў

Расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што Ўладзімер Пуцін пачаў у Сырыі вельмі рызыкоўную гульню.

«Я думаю, што галоўная мэта Крамля — пацьвердзіць свой статус міжнароднага гульца, зь якім трэба лічыцца. Гэта спроба выйсьці з ізаляцыі, спроба зацікавіць у сабе заходніх партнэраў і спроба паказаць межы сваіх магчымасьцяў. Гэта спроба не ісьці за міжнародным парадкам дня, а фармаваць яго. Дэманстрацыя вайсковай моцы Расеі, можа, і не была б лішняй, калі не лічыць адной праблемы — ёсьць рызыка ўвязацца ў гэта ўсур’ёз і надоўга.

З улікам таго, што наша палітычнае кіраўніцтва ня цалкам уяўляе, наколькі Сырыя падобная да коўдры з абрэзкаў і наколькі складанае там супрацьстаяньне, у якім „Ісламская дзяржава“ — толькі адзін з бакоў, пазьбегнуць ахвяр сярод іншых бакоў, баюся, ня ўдасца — і гэта ня толькі мірныя жыхары, а і тыя групоўкі, якія супрацьстаяць Асаду, але ня лічацца ў сьвеце тэрарыстамі. Гэта можа ўсур’ёз пасварыць Расею зь некаторымі арабскімі краінамі. Больш за тое, ня выключана магчымасьць удараў у адказ з боку ісламістаў ужо ў Расеі. Можна меркаваць, што Расея воляй-няволяй можа ўцягнуцца ў наземныя апэрацыі, калі не наступальныя, то, ва ўсякім разе, абарончыя — калі, напрыклад, ісламісты паспрабуюць атакаваць расейскія вайсковыя базы. Так што гульня рызыкоўная, але Ўладзімер Пуцін — чалавек, які любіць рызыку, адрэналін, і якому падабаецца быць у цэнтры сусьветнай увагі. Я думаю, што цяпер ён атрымлівае ад гэтага вялікае задавальненьне», — заявіў расейскі экспэрт.

Калачоў ня згодны з вэрсіяй некаторых экспэртаў, якія лічаць, што калі Расея пераможа «Ісламскую дзяржаву», то Захад можа дараваць Крамлю Ўкраіну.

«Я думаю, што ні ЗША, ні ЭЗ ня здымуць санкцыі, тым болей што для ЗША і Эўропы праблема ня толькі і ня столькі ў „ІДІЛ“. Не будзе „ІДІЛ“ — будзе нешта іншае. Радыкальны ісламізм мае шмат абліччаў, ён разнастайны. Разграмілі адно — зьявіцца іншае. Ёсьць сур’ёзная праблема, зьвязаная з сутыкненьнямі цывілізацыяў, ёсьць сур’ёзная праблема, зьвязаная з радыкальным ісламам наагул. Можа, камусьці хацелася б вырашыць гэтую праблему чужымі рукамі. Але гэта ня значыць, што праблема будзе вырашана канчаткова.

Таму я ня думаю, што Расею тут нехта будзе заахвочваць. Тым больш што — давайце шчыра скажам: рэжым Асада з „Ісламскай дзяржавай“ ня вельмі і біўся. Рэжым Асада больш б’ецца зь іншымі сырыйскімі групоўкамі. З „Ісламскай дзяржавай“ больш курды ваююць. Так што сытуацыя там нашмат больш складаная, чым можна прачытаць у расейскіх газэтах», — кажа палітоляг.

Што тычыцца Ўкраіны, то, на думку Калачова, Крэмль мусіць зразумець, што ў адносінах з Кіевам трэба шукаць кампраміс.

«Праблема ў тым, што Расея перакананая ў тым, што Ўкраіна не самастойны гулец. Расея спрабуе вырашаць пытаньні, зьвязаныя з Украінай, праз адносіны зь вядучымі сусьветнымі гульцамі — ЗША і Эўразьвязам. Хоць трэба было б весьці дыялёг з Украінай, трэба шукаць кампраміс», — упэўнены ён.

XS
SM
MD
LG