Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сутыкненьні паміж расейцамі і амэрыканцамі ў Сырыі будуць выключаныя — экспэрт


Finland - Andras Racz, expert on EU Foreign and Security Policy, the European Neighborhood Policy, and the Post-Soviet region, undated

Finland - Andras Racz, expert on EU Foreign and Security Policy, the European Neighborhood Policy, and the Post-Soviet region, undated

Старшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытуту міжнародных адносінаў, спэцыяліст па праграме «Ўсходняга партнэрства» і справах Расеі Андраш Рач пракамэнтаваў для Свабоды пачатак ваенных дзеяньняў Расеі ў Сырыі.

— Як вы думаеце, ці можна параўнаць вайсковую апэрацыю Расеі ў Сырыі з тым, што адбывалася ў Аўганістане? Тады СССР матываваў свае дзеяньні тым, што савецкі вайсковы кантынгент быў уведзены па просьбе ўраду Аўганістану і згодна з Дамовай аб дружбе, добрасуседзтве і супрацоўніцтве ад 5 сьнежня 1978 году.

— Я ня думаю, што паралель з Аўганістанам цяпер дарэчная. І гэтаму ёсьць некалькі прычынаў. Першая — Расея не далучаная да масіўнай ваеннай сухапутнай апэрацыі, якая праводзіцца ў Сырыі. Туды будуць накіраваныя толькі паветраныя сілы і тылавыя часткі. Але не сухапутныя войскі, ня танкі і не артылерыя. Таму нельга сказаць, што ўся расейская армія накіруецца ў Сырыю. Вядома, будуць авіяўдары, яны ўжо пачаліся, таксама расейцы будуць трэніраваць армію Асада. Але там ня будзе тысяч расейскіх вайскоўцаў, таму што геаграфічна Сырыя вельмі далёка. Таму расейскія атакі ня могуць быць масавымі. Вядома, спадару Пуціну патрэбная згода Савету Фэдэрацыі, але гэта ня значыць, што тут будзе тое самае, што ў Аўганістане.

Другая прычына — тое, што ў Аўганістан паслалі вельмі шмат салдатаў тэрміновай службы, маладых хлопцаў, якія ня мелі ніякага дачыненьня да Аўганістану. Таму Аўганістан стаў вельмі вялікай катастрофай для ўсіх савецкіх рэспублік. Яны былі туды адпраўленыя і загінулі там. Цяпер Расея будзе адпраўляць у Сырыю толькі прафэсіяналаў і кантрактнікаў.

І трэцяе адрозьненьне — тое, што змагацца супраць «Ісламскай дзяржавы» Расея будзе ў адным альянсе з ЗША, Францыяй, Саудаўскай Арабіяй і іншымі заходнімі сіламі. А ў Аўганістане маджахедаў моцна падтрымлівала Амэрыка. Таму, напрыклад, Расея страціла вельмі шмат верталётаў — маджахеды мелі вельмі мадэрновую амэрыканскую зброю супраць расейскіх верталётаў. У «Ісламскай дзяржавы» такой зброі няма.

— У 50-я гады савецкія і амэрыканскія лётчыкі супрацьстаялі падчас вайны ў Паўночнай Карэі. Ці магчымыя цяпер выпадкі, калі Расея зможа атакаваць заходніх партнэраў?

— Параўноўваць вайну ў Паўночнай Карэі з падзеямі ў Сырыі таксама складана. Паўночная Карэя мела агульную мяжу з СССР. Таму дасылаць буйныя ўзброеныя сілы ў Паўночную Карэю было нашмат лягчэй, чым цяпер у Сырыю. Што тычыцца магчымых сутыкненьняў паміж расейскімі і амэрыканскімі паветранымі сіламі ў Сырыі, то ўжо сёньня пачынаецца дыскусія пра ўсталяваньне прамых сувязяў паміж Пэнтагонам і Масквой, каб пазьбегнуць любой магчымай канфрантацыі паміж расейскімі і амэрыканскімі вайскоўцамі. Абодва бакі вельмі добра разумеюць, што любыя магчымыя канфлікты павінны быць выключаныя, у тым ліку і выпадкі, калі расейская авіяцыя нібыта выпадкова нанесла б удары па сілах, якія падтрымліваюцца заходнімі краінамі, ці наадварот. Вайсковая каардынацыя ўжо наладжаная. Таму ёсьць падстава думаць, што ніякіх сутыкненьняў паміж імі не адбудзецца.

XS
SM
MD
LG