Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольны фанат, рэпэр, баец-добраахвотнік, ісламіст — чатыры жыцьці беларускага «Маджахеда»


Ляшук з ісламскім сьцягам

Ляшук з ісламскім сьцягам

«У гатэльным комплексе на Абухоўскай трасе пад Кіевам увечары 9 верасьня адшукалі і затрымалі найбольш небясьпечнага і жорсткага з усіх падазраваных байцоў роты „Тарнада“ — па мянушцы „Маджахед“... З надзвычайным цынізмам і дзёрзкасьцю, жорсткасьцю і бязьлітаснасьцю ён учыняў найбольш жорсткія катаваньні мясцовага насельніцтва Луганскай вобласьці, арганізоўваў і прымаў непасрэдны ўдзел у згвалтаваньні затрыманых, якіх ён разам зь іншымі падазраванымі выкрадаў з карысьлівых меркаваньняў», — менавіта так ноччу 10 верасьня на сваёй старонцы ў Facebook галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатоль Маціёс адрапартаваў аб затрыманьні 19-гадовага беларуса Данілы Ляшука. У той самы дзень Пячэрскі раённы суд Кіева прыняў рашэньне аб узяцьці падазраванага пад варту да 6 лістапада. У судовым рашэньні заазначана, што Ляшука падазраюць у злачынствах, прадугледжаных часткай 1 артыкулу 255, часткай 5 артыкулу 27, часткай 2 артыкулу 365, часткай 3 артыкулу 146, часткай 2 артыкулу 127 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны. У прыватнасьці, дасудовым расьсьледаваньнем устаноўлена, што беларус у пэрыяд ад 13 сакавіка да 2 красавіка ўдзельнічаў у выкраданьні 10 чалавек і іх катаваньні. У сваю чаргу, абарона Ляшука просіць узяць яго пад хатні арышт, настойваючы на тым, што ў пачатку 2015 году падазраваны быў паранены і ня мог быць датычны да згаданых злачынстваў. Акрамя таго, Ляшук адмаўляе сваю службу ў роце «Тарнада», заяўляючы, што быў валанцёрам і толькі дапамагаў у забесьпячэньні падразьдзяленьня.

Каб высьветліць, што ж рабіў малады беларус на ўсходзе Ўкраіны, як апынуўся там і чаму Анатоль Маціёс «ахрысьціў» яго «небясьпечным» у скандальна вядомым падразьдзяленьні «Тарнада», мы знайшлі людзей, якія былі побач зь Ляшуком на працягу некалькіх апошніх гадоў яго жыцьця. Кожны новы этап у біяграфіі беларуса адрозьніваўся іншым імем, ідэалёгіяй, а часам і горадам або краінай.

Футбольны фанат — Даніла Ляшук

У 2008 годзе ў беларускім Берасьці зьяўляецца каляфутбольная групоўка пад назвай No Comments: так званая «фірма» — аб’яднаньне футбольных фанатаў, якое падтрымлівала мясцовае «Дынама» ня толькі ў сэктарах на стадыёне, але і ў масавых бойках за яго межамі.

«Людзі дамаўляюцца на пэўны дзень, абмяркоўваюць колькасьць удзельнікаў з кожнага боку, дамаўляюцца хто ў якіх майках будзе: у чорных ці белых. Сустракаюцца, б’юцца, потым ціснуць адзін аднаму рукі. Своеасаблівы спорт, але бяз судзьдзяў. Правілаў як такіх няма, але ёсьць агульнапрынятыя нормы. Адна зь іх: ня стаўся да апанэнта так, як ня хочаш, каб ставіліся да цябе», — тлумачыць род дзейнасьці «фірмы» былы ўдзельнік групоўкі. Хлопец папрасіў не называць яго імя ў тэксьце, паколькі асьцерагаецца беларускіх праваахоўных органаў. No Comments ужо спыніў сваё існаваньне, але на відэа, якое падрыхтавалі яго ўдзельнікі да 5-годзьдзя «фірмы», добра відаць, чым менавіта займаліся берасьцейскія фаны па-за футбольным стадыёнам.


Даніла Ляшук патрапіў у «фірму» ў 2011 годзе, працягвае суразмоўца. Хлопец не ўжываў алькаголю, ня меў іншых шкодных звычак, займаўся баявымі адзінаборствамі, таму даволі хутка апынуўся сярод трох дзясяткаў фанатаў, якія ў бойках адстойвалі гонар клюбу. Баі адбываліся раз на два месяцы, часам радзей, успамінае экс-удзельнік No comments. Ляшук уцягнуўся і на працягу двух гадоў біўся за «фірму».

Ляшук у спортзалі

Ляшук у спортзалі

«Ён хацеў адрэналіну. Некаторыя кажуць, што гэта круцейшае за сэкс. Адрэналін атручвае кроў. Ён як наркотык. Чалавек, які паспрабаваў адзін раз біцца і яму гэта спадабалася — будзе працягваць. Вось, напрыклад, людзі скачуць з парашутам — на 500-м скачку ім ужо ня страшна. А калі ты выходзіш на бой, то заўсёды адбываецца выкід адрэналіну. Таму што гэта заўсёды небясьпечна. А калі яшчэ і перамагаеш, то ўвогуле крута», — распавядае пра прычыны захапленьня Ляшука берасьцейскі фанат.

Даніла, хоць і не баяўся біцца, але асаблівай жорсткасьці не выяўляў — успамінае суразмоўца. Адначасова ён адзначае іншую рысу былога таварыша па «фірме».

«Ён быў вельмі ганарыстым чалавекам. Вось гэтага ў яго не адняць. Любіў увагу многіх людзей. Любіў славу. У зносінах гэта выяўлялася. Многія татуіроўкі, якія ён сабе зрабіў — гэта ж таксама своеасаблівае прыцягненьне ўвагі».

Рэпэр — Deni Mad

Магчыма, сярод іншых была і прычына, пра якую кажа экс-удзельнік No Commets, але ў 2012 годзе Даніла Ляшук пачынае запісваць рэп. Пра гэты этап у жыцьці Ляшука добра ведае Міхал Федзюковіч. Ён родам зь Берасьця, а цяпер зьяўляецца аўтарам на сайце пра хіп-хоп культуру — vsrap.ru. Да гэтага быў адміністратарам берасьцейскай рэп-суполкі і вёў тэматычны відэаблог. Таму калі Ляшук апублікаваў свой першы кліп, зацікавіўся маладым артыстам.

У далейшым Федзюковіч неаднаразова сутыкаўся зь Ляшуком і адсочваў яго творчы шлях. Па словах аглядальніка, пачынаў Ляшук з трэкаў пра будні берасьцейскіх фанатаў. Прыкладам, у 2012 годзе ён запісвае кампазыцыю «This is No Сomments», прысьвечаную роднай «фірме».

«Не адступаць і не здавацца — стала прынцыпам жыцьця — тут трэба біцца, разьбіваючы рукі да крыві і падымаючыся з каленяў. Хлопча, прыйшоў час вялікіх пераменаў», — кажа Ляшук у сваёй песьні на фоне фанацкай лаянкі і воклічаў «давай, забі».

У далейшым Ляшук пашырае тэматыку і становіцца вядомым ня толькі ў фанацкіх колах. Запісвае новыя трэкі, выступае на сцэне. Як адзначае Федзюковіч, усе яго песьні мелі адну агульную рысу — нянавісьць.

Ён нават жанр новы для сябе прыдумаў – hate-hop. Ад ангельскага «ненавідзець». Усе яго песьні будаваліся на нянавісьці

«Ён нават жанр новы сабе прыдумаў — hate-hop. Ад ангельскага „ненавідзець“. Такі вось жанр нянавісьці ў музыцы. Ён не рабіў мілы хіп-хоп аб зносінах або пасядзелках у пад’ездах з алькаголем. Усе яго песьні будаваліся на нянавісьці. Нянавісьці да ўсяго, пачынаючы зь песень футбольных фанатаў, як яны з голымі кулакамі ідуць у бой, і заканчваючы нейкім дзікім рытуальным сатанізмам. Яны не былі нацэленыя супраць кагосьці канкрэтнага. Гэта была проста злая музыка», — тлумачыць Міхал Федзюковіч.

Ён зрабіў нешта новае ў берасьцейскім рэпе, хоць увесь час прасіў не называць сябе берасьцейскім рэпэрам, працягвае блогер.

З часам Ляшук захапляецца праварадыкальнымі ідэямі, якія заўсёды былі папулярныя ў фанацкіх колах. На яго левым біцэпсе, сярод іншых татуіровак, зьяўляецца свастыка.

Ляшук на канцэрце

Ляшук на канцэрце

22 лістапада 2014 году Ляшук выступае на вечарыне пад назвай White Side (у перакладзе з ангельскага «Белы бок» — рэд.), апісаньне якой у спэцыяльнай групе ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» канчаецца словамі: «Усім White Side, усім 88, што ў нэанацысцкіх колах ёсьць зашыфраваным прывітаньнем „Хайль Гітлер“». Па словах Федзюковіча, вечарынка, куды прыйшло каля дзьвюх соцень чалавек, у асноўным фанатаў «Дынама», запомнілася спробай мясцовых антыфашыстаў сарваць мерапрыемства. Вось як апісваюць выпадак арганізатары мерапрыемства:

«Пасьля заканчэньня канцэрту ў клюб увайшоў прадстаўнік праваахоўных органаў, папрасіў усіх хутчэй пакінуць памяшканьне, абгрунтоўваючы гэта тым, што ў дзяжурную частку паступіла тэлефанаваньне пра бомбу ў гэтым памяшканьні. Як жа добра, што званок паступіў так позна і мерапрыемства адбылося. Гэта яшчэ раз паказала, чый горад, і тое, што сцэна належыць правільным хлопцам», — гаворыцца ў паведамленьні ў групе «Вконтакте».

Гэта было яго апошняе выступленьне ў Берасьці.

Баец «Тарнада» — «Маджахед»

У роту асобага прызначэньня «Тарнада» Даніла Ляшук трапіў у канцы 2014 году. У падразьдзяленьне яму дапамог уладкавацца 18-гадовы львавянін, таксама добраахвотнік «Тарнада» з пазыўным «Клайд» (Вадзім, так клічуць хлопца, не захацеў, каб у тэксьце фігуравала яго прозьвішча.) Хлопцы сябравалі на працягу трох гадоў.

«Я пазнаёміўся зь ім у Львове на адным з ультраправых канцэртаў, які мы арганізоўвалі з маім сябрам. Запрасілі яго выступаць — ён жа рэпэр», — успамінае баец.

На пытаньне, ці падзяляў Ляшук нэанацысцкую ідэалёгію, хлопец адказвае сьцьвярджальна. «У гэтым руху музыка зьяўляецца прапагандай, данясеньнем ідэй да грамадзтва», — тлумачыць «Клайд».

«Патрыятызм, барацьба за існаваньне свайго народу, сваёй нацыі. Цяпер па ўсёй Эўропе масавы наплыў мігрантаў з Блізкага Ўсходу, з Афрыкі. І гэта забівае белых людзей. І Даніла быў супраць гэтага, многія людзі супраць», — распавядае львавянін.

Ляшук з гранатай

Ляшук з гранатай

Ці ня самым блізкім таварышам Ляшука ў «Тарнада» быў 55-гадовы Віктар Панджакідзэ. Ён — адзін зь першых байцоў батальёну «Шахтарск», які пасьля перафармавалі ў роту «Тарнада».

«Ён быў для мяне як сын», — тлумачыць узаемаадносіны зь Ляшуком Панджакідзэ. Доўгі час жылі побач у адным пакоі на базе роты ў Станіцы Луганскай. Там у абавязкі падразьдзяленьня ўваходзіла патруляваньне і зачыстка ўжо вызваленай тэрыторыі, працягвае Панджакідзэ. У 2014 годзе беларус жыў у Крыме, у Севастопалі, і быў сьведкам анэксіі паўвострава, якую ўспрыняў вельмі нэгатыўна. Гэта і стала галоўнай прычынай яго ўдзелу ў баявых дзеяньнях.

Праўда, з Крыму Даніла спачатку паехаў у Санкт-Пецярбург, дзе жыў на працягу некалькіх месяцаў да прыезду ва Ўкраіну.

З-за беларускага грамадзянства штатным супрацоўнікам падразьдзяленьня Ляшук ня быў. Як тлумачыць Панджакідзэ, гэта распаўсюджаная практыка. Сярод больш чым трох соцень байцоў, якія ваявалі ў складзе «Тарнада», афіцыйна працаўладкаванымі былі менш за палову. Але, адзначае добраахвотнік, гэта не перашкаджала Ляшуку праяўляць сябе ў баях.

«Вось вы фільм „Рэмба“ бачылі? Вось няма роўных яму. Ён заўсёды ідзе наперад. Не глядзіць, ці яго заб’юць. Ён не насіў „броніка“. Зь пятнаццаці мэтраў нажом мог забіць чалавека раней, чым той дастане пісталет. Вось Даня! Ён увесь час трэніраваўся. Ён хацеў дагнаць камбата (камандзір роты „Тарнада“ Руслан Анішчанка — рэд.), таму што ён таксама шмат ведаў і патрабаваў ад усіх, каб яны ведалі столькі ж, бо мелі прыкрываць яму сьпіну», — тлумачыць Панджакідзэ.

Ляшук з аўтаматам

Ляшук з аўтаматам

19 студзеня падчас абстрэлу Станіцы Луганскай беларус атрымаў раненьні і больш за месяц правёў у шпіталі ў Днепрапятроўску. Пасьля чаго праходзіў працяглы курс рэабілітацыі, таму, лічыць Віктар, ня мог учыняць злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць. Таксама быў узнагароджаны мэдалём «За абарону роднай дзяржавы». Праўда, варта адзначыць, што гэта недзяржаўная ўзнагарода, якую запачаткавала асобная грамадзкая арганізацыя.

Віктар Панджакідзэ быў побач з «Маджахедам» і падчас яго затрыманьня. Адбылося яно на тэрыторыі забаўляльнага комплексу «Ранча», што ў вёсцы Падгорцы пад Кіевам. Там цяпер жыве Панджакідзэ і яшчэ некалькі добраахвотнікаў. А «Маджахед» прыехаў туды з Баяркі, дзе базуецца частка байцоў «Тарнада». Па словах Віктара, ніякай «філіграннай апэратыўнай камбінацыі», пра якую даў справаздачу галоўны вайсковы пракурор, не было. Нягледзячы на тое, што Ляшук абвешчаны ў вышук, сілавікі ведалі, што ён жыве разам зь іншымі «тарнадаўцамі». Але, паколькі байцы да гэтага часу не раззброеныя, то ўлады не наважваліся яго затрымліваць. У Віктара беларус правёў тры дні, пасьля чаго нібыта зьбіраўся ехаць у Шырокіна. Аднак увечары 9 верасьня быў затрыманы.

«Прыйшлі сюды, маючы інфармацыю, што я ў трэцім дамку жыву, але напалі чамусьці на іншы. Шум-гам, я выйшаў, таму што падумаў, што, магчыма, там нейкія п’яніцы, а там „спэцура“. Я яму параіў падняцца на другі паверх, разумеючы, што могуць паспрабаваць забіць. Я выйшаў, убачыў, што там хлопцы ляжаць у крыві, іх прыкладамі білі. Шукалі аднаго, а зьбілі чамусьці іх», — успамінае добраахвотнік.

Па словах Віктара, «Маджахед» супраціву праваахоўнікам не аказваў.

«Я да гэтага часу шмат зь ім гаварыў і пераканаў яго ня браць з зоны АТО ні гранат, ні нічога. Ён мяне паслухаў. Я лічу, што правільна зрабіў, інакш бы яго проста забілі», — тлумачыць Панджакідзэ.

Аднак ня ўсе ў роце безапэляцыйна адмаўляюць віну Данілы Ляшука. Уладзімір Кабакоў служыў спачатку ў расфармаваным «Шахтарску», пасьля чаго далучыўся да новастворанай роты. У камэнтары Радыё Свабода баец распавёў, што беларус у падразьдзяленьні ўваходзіў у асобную групу байцоў, набліжаных да камандзіра Руслана Анішчанкі.

«Гэта так званая 5-ая група, камэнданцкая, якая сачыла за парадкам унутры батальёну. Ну, павінна была сачыць. Ён прайшоў пэўны псыхалягічны тэст, і Анішчанка ўзяў яго да сябе. Пятая група заўсёды лічыла сябе элітай. Мы іх называлі VIP. Нават людзі з крымінальным мінулым, якія служылі ў роце, іх так называлі. Але і ім Анішчанка часам даваў „машкой“ па сьцягне. „Машка“ — гэта вядомая пуга камбата, якой ён лупцаваў людзей за правіны», — распавядае баец.

Кабакоў тлумачыць, якімі мэтадамі група змагалася з парушальнікамі дысцыпліны:

«Калі быў нейкі парушальнік, п’яніца, яны яго вязалі, трохі прэсавалі, кідалі ў склеп. Там хлопец прачынаўся. Потым прыходзіў Анішчанка і вырашаў яго лёс».

Ляшук з байцамі роты

Ляшук з байцамі роты

Праз прывілеяваны статус групы, тлумачыць баец, узьнікалі канфлікты з шараговымі прадстаўнікамі роты.

«Без Анішчанкі яны ніколі нікога ня білі. Але напышліва сябе паводзілі. Гэта ня ўсім падабалася. Мы лічылі, што — усе добраахвотнікі і ўсе павінны мець роўныя правы. А так сябе паводзіць... Але потым мы „зьнялі зь іх карону“. „Зьняць карону“ — гэта фізычна даказаць, што яны такія самыя людзі з крыві і плоці, а ня нейкія небажыхары».

Затрыманьне «Маджахеда» Кабакоў называе бязглузьдзіцай, хоць адначасова не выключае, што ён мог ужываць сілу да палонных.

«Былі выпадкі, калі хлопцы зрываліся на палонных. Мог „Маджахед“ сарвацца на кім? Магчыма, мог. Я ня буду ні сьцьвярджаць, ні адмаўляць. Магчыма, мог паказаць, што ён круты, не баіцца крыві, ён можа чыніць гвалт. Але я ня ўпэўнены, што ён рабіў гэта наўмысна. Што, вось, была маніякальная ідэя злавіць „сэпара“ і зрабіць яму нешта дрэннае — гэта магло быць у парыве эмоцый», — мяркуе Кабакоў.

Ісламіст — Даніял Аль-Такбір

Пасьля затрыманьня Ляшука галоўны вайсковы пракурор Анатоль Маціёс публікуе фатаграфію фальшывага пасьведчаньня супрацоўніка батальёну «Тарнада», якое было канфіскаванае ў беларуса. У пасьведчаньні пазначана імя — Аль-Такбір Даніял Аляксандравіч. Акрамя таго, Маціёс адзначае, што Ляшук мусульманін і «вызнае каштоўнасьці экстрэмісцкай арганізацыі „Ісламская дзяржава“».

​Такое самае імя Ляшук узяў сабе ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». Акрамя таго, беларус публікуе свае фатаграфіі з Каранам ці перад штодзённай мусульманскай малітвай. Цяпер станоўчыя карцінкі з вайскоўцамі гітлераўскай арміі на яго старонцы разьмешчаны па суседзтве з уласнымі фатаграфіямі з АТО, дзе ён пазіруе з традыцыйным ісламскім сьцягам. Фатаграфію, дзе паказаны ён з калегамі на бронетранспартэры са сьцягам і паднятымі ўверх аўтаматамі, хлопец падпісаў так: «Кожны маджахед пасьля сьмерці трапляе ў рай, таму што ў пекле ён ужо пабываў». Беларус не адмаўляе свайго захапленьня ісламам ні ў зносінах з журналістамі, ні з «тарнадаўцамі».

«Ён маліўся кожны дзень. У яго быў свой дыванок (для малітвы — рэд.) і Каран. Ён іншых вучыў. Але ў кішэні заўсёды яшчэ насіў сьвятую Матрону (Святая Расейскай праваслаўнай царквы — рэд.). І пра людзей так казаў, што верыць толькі тым людзям, хто верыць у Бога, у Ісуса, у Алаха — абы верыў», — распавядае Віктар Панджакідзэ.

Што тычыцца «Ісламскай дзяржавы», у вызнаваньні ідэй якой беларуса абвінаваціў Анатоль Маціёс, то апытаныя байцы «Тарнада» прызнаюць, што ён сапраўды часам ухвальна адгукаўся аб дзейнасьці гэтай групоўкі, аднак лічаць, што гэта ня больш, чым проста словы.

«Ну як падзяляў... Ну, на словах ён можа і падзяляў іх ідэі. Але ці можа ён асноўныя палажэньні „Ісламскай дзяржавы“ растлумачыць — я ня ўпэўнены. Ён падтрымліваў іслам у першую чаргу. А паколькі добраахвотнікі радыкальныя ў любых падразьдзяленьнях, то яго радыкалізм знаходзіў выхад у гэтым. Як па мне, гэта больш створаны вобраз. І цяпер ён стаў яго ахвярай», — мяркуе баец «Тарнада» Сяргей Бацяшоў.

«Хлопцу 20 гадоў. Усе гэтыя яго сымбалі, якія ён сабе панабіваў, сьведчаць аб тым, што ён не маджахед, а прыхільнік нэанацысцкай ідэалёгіі, таму што ў яго там і чарапы, і свастыка, і Бог ведае што. У яго дзіўная сумесь у галаве, і ён больш піярыцца, чым робіць нейкія жудасныя ўчынкі. Я лічу, што абвінавачаньне Маціёса ня мае ніякіх падстаў пад сабой... Гэта ўсё недарэчныя паводзіны падлетка, які адгадаваў бараду», — завяршае «тарнадавец» Уладзімір Кабакоў.

XS
SM
MD
LG