Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У 1960-я „Лакомка“ была духоўным цэнтрам Менску»: стыляга-Някляеў пра савецкія кавярні


Не было б «Лакомки», не было б і мяне як паэта і палітыка, сьцьвярджае Ўладзімер Някляеў. Чаму менавіта там зьбіраліся стылягі ў 1960-я гады і як у цукернях і кавярнях выхоўвалася навуковая й творчая эліта БССР, Някляеў расказаў Свабодзе.

«Лакомка» — месца, дзе была першая ў БССР кава

На пазамінулым тыдні стала вядома, што цукерня «Лакомка» мае зачыніцца ўжо сёлета — з 1 кастрычніка. Пасьля рамонту там меўся адкрыцца рэстаран. Аднак розгалас у СМІ нібыта паспрыяў таму, што адну са старэйшых крамаў Менску быццам бы вырашылі захаваць.

Уладзімер Някляеў, які паступіў у тэхнікум сувязі ў Менску ў 1962 годзе, узгадвае «Лакомку» як адно з найпапулярнейшых месцаў хрушчоўскай адлігі. На ўвесь Менск тады было ўсяго некалькі кавярняў і рэстаранаў. А «Лакомка» стала ці ня першым месцам ва ўсёй БССР, дзе падавалі каву.

Уладзімер Някляеў

Уладзімер Някляеў

«Гэта першае месца, дзе шараговыя менчукі, а ня тыя, што езьдзілі за мяжу, паспыталі каву, — кажа Някляеў. — Гэта была не эспрэса-машына, а бак, зь якога апалонікам разьлівалі заварную каву».

У тым ліку і праз каву «Лакомка» стала месцам, дзе зьбіраліся менскія стылягі. Да іх адносіўся і Някляеў.

«Гэта былі людзі пратэстнага характару. Яны ў большасьці былі ня супраць савецкай улады, той ідэалёгіі, якая тады панавала, а супраць шэрасьці, якая акружала з усіх бакоў маладую душу, якой хацелася сьвятла, фарбаў».

Як ставіліся да стылягаў партыя й міліцыя, Някляеў падрабязна апісвае ў сваім рамане «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без». Напрыклад, за ягоныя першыя штаны-дудачкі, на якія ён зарабіў, разгружаючы вагоны з цэмэнтам, студэнта Някляева затрымала народная дружына. У пастарунку «дудачкі» разрэзалі да калена.

«У гэтым сэнсе як тады, так і цяпер жаліцца не было каму. Таму ідзеш зноў разгружаць вагоны».

Тут фармавалася навуковая й творчая эліта

Менскі брадвэй, па якім шпацыравалі стылягі ў 1960-я, праходзіў ад «Лакомки» да архірэйскага дому. У апошнім месьцілася кавярня, вядомая сярод гараджанаў як «Мутнае вока». Першапачаткова там зьбіраліся акторы.

Пасталеўшы, туды пачалі перабірацца й стылягі. Звычайны іхні маршрут праходзіў ад Ленінскай бібліятэкі, дзе знаёмыя дзяўчаты даставалі для іх самую новую літаратуру, да «Лакомки» ці «Мутнага вока».

Па словах Някляева, на пятачку ад Камсамольскай да Купалаўскага тэатру панавала атмасфэра, у якой фармаваліся самыя яркія прадстаўнікі музыкі, літаратуры, выяўленчага мастацтва і кіно. Былыя стылягі з «Лакомки» і «Мутнага вока» сталі выбітным дзеячамі навукі й мастацтва.

Менавіта ў гэтых кавярнях моладзь 1960-х магла весьці філязофскія дыскусіі. Някляеў кажа, што ў тым асяродзьдзі сфармаваўся й ён — як чалавек, што ўсё жыцьцё шукае адказ на пытаньні, дзеля чаго ён прыйшоў у гэты сьвет і што тут павінен рабіць.

«Я ўдзячны тым гадам і той кавярні, тым людзям, якіх там спаткаў, за тое, што ад таго часу жыву такім пытаньнем. Яно не дае мне заскарузнуць, заплесьнець, замкнуцца, — кажа Някляеў. — І не было б Уладзімера Някляева, паэта, палітыка і, зрэшты, не такога ўжо кепскага чалавека, як сам Някляеў пра сябе іншым разам думае».

Культавыя месцы зьнікаюць, бо горад акупаваны

Такім самым, ледзьве не сьвятым месцам, упэўнены ён, гэтыя кавярні сталі для соцень, калі ня тысяч людзей.

«Доўгі-доўгі час гэта быў духоўны цэнтар. У нейкім сэнсе, парушэньне такіх сакральных месцаў — гэта як парушэньне храмаў. Гэта выразае з жывога арганізму гораду самыя жывыя месцы, дзе б’ецца ток нядаўняй і даўняй гісторыі».

Пасіўнае грамадзкае й палітычнае жыцьцё за савецкім часам і сёньня Някляеў зьвязвае з адсутнасьцю добрых кавярняў. У нас і цяпер няма месцаў, дзе можна зьбірацца тым людзям, якія ў будучым маюць вызначаць лёс гэтай краіны, лічыць ён.

«Каб не было той жа „Лакомки“, тых размоў, тых людзей, што там зьбіраліся, я мог бы быць у зусім іншым асяродзьдзі. Я ніколі не займаўся б тым, чым цяпер займаюся, ня быў бы па гэты бок».

Някляеў ня супраць рамонту й абнаўленьня старых кавярняў і крамаў. Але сутнасьць культавых месцаў, ён лічыць, павінна захоўвацца.

«Гэта як сутнасьць чалавека. Месца павінна мець пах гісторыі. Кажучы „эўрапейскі горад“, мы хочам падцягнуцца да эўрапейскай гісторыі. А такія месцы — гэта акурат гісторыя. вядома, гэта ня нейкі радзівілаўскі замак, але гісторыя не апошняга ў гэтым сьвеце гораду».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG