Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 культавых савецкіх месцаў, якія засталіся ў Менску


Радыё Свабода склала сьпіс прыкметных сталічных месцаў, якія засталіся з савецкіх часоў. І папрасіла культуроляга Сяргея Харэўскага распавесьці, што ў іх засталося савецкага.

Пасьля розгаласу ў СМІ цукерню «Лакомка», якая працуе ў Менску з 1952 году, вырашылі быццам бы пакінуць. Улады заявілі, што абмяжуюцца рамонтам. Радыё Свабода склала сьпіс прыкметных сталічных месцаў, якія засталіся з савецкіх часоў. І папрасіла культуроляга Сяргея Харэўскага распавесьці, што ў іх засталося савецкага.

«Лакомка»

«Лакомка», зь якой уласна і пачаўся ўвесь сыр-бор, адкрылася на галоўным сталічным праспэкце ў 1952 годзе. Спачатку гэта была проста кандытарская крама № 19, а ўсім вядомая цяпер назва зьявілася пазьней. Інтэр’ер кандытэрыі быў па-савецкаму яскравым — вялізныя і цяжкія лямпы, ляпніна, росьпісы на сьценах. У 1960-я крама стала ўлюбёным месцам менскіх стылягаў. Нямала гэтаму паспрыяла і тое, што тут ці не ўпершыню ў СССР сталі падаваць разьліўную каву. Паэт і палітык Уладзімер Някляеў апавёў нам, што «Лакомка», як і шэраг іншых месцаў «менскага брадвэю», адыграла значную ролю ў ягоным жыцьці:

«Каб не было той жа „Лакомкі“, тых размоў, тых людзей, што там зьбіраліся, я мог бы быць у зусім іншым асяродку. Я ніколі не займаўся б тым, чым зараз займаюся, ня быў бы па гэты бок, які супраць».

Унівэрсам «Цэнтральны»

Хадзілі чуткі, што й «Цэнтральны» меліся зачыніць яшчэ летась. Месца з самым танным півам у цэнтры гораду і самымі смачнымі слойкамі са шпінатам перажыло ўжо не адну перапляніроўку. Нязьменнымі засталіся хіба толькі сьцены з савецкімі пано, якім так зьдзіўляюцца замежнікі.

Цэнтральная кнігарня

Менскія кнігарні былі асаблівым месцам, а працаваць там лічылася прэстыжным. Кнігі былі ў дэфіцыце, і сталыя пакупнікі задобрывалі прадавачак цукеркамі, усіх ведалі асабіста. Толькі ў такім выпадку можна было разьлічваць, што для вас прытрымаюць кнігу ці падпіску. Міма Цэнтральнай кнігарні, як узгадваюць пісьменьнікі, ніхто не праходзіў, каб не зайсьці й не паглядзець на новыя кнігі.

Недалёка ад кнігарні, як і раней, — крама «Падпісныя выданьні». Цяжка ўявіць, што тут выстройваліся чэргі яшчэ з ночы, каб падпісацца на чарговы шматтамовік.

Сярод іншых кнігарняў, што дажылі да нашага часу, — «Сьветач», «Глобус», «Акадэмкніга» й букініст «Вянок».

Цырульня «Чарадзей»

Гэтая цырульня ў цэнтры Менску пачала працаваць яшчэ ў 1951 годзе. Наведнікаў, якія чакалі сваёй чаргі, бавіла вавёрка ў коле. Сур’ёзная перабудова адбылася тут перад Алімпіядай-1980 у Маскве, пераабсталяваньнем займаліся спэцыялісты зь Нямеччыны. Тады «Цырульню № 1» і перайменавалі ў звыклы сёньня «Чарадзей».

Сярод старых цырульняў можна яшчэ адзначыць «Кумір» на рагу вуліц Чырвонаармейскай і Першамайскай ды «Яся і Яніну» на вуліцы Казлова. Апошняя хоць і страціла колішні лоск, тым ня менш існуе на сваім месцы й памятае лепшыя часы пачатку 1980-х.

Кавярня «Бярозка»

Кавярня месьціцца ў яшчэ даваенным будынку на былой Круглай плошчы. У некаторых крыніцах згадваецца, што яна пачала працу яшчэ ў 1939 годзе. У кожным разе, гэта адна з найстарэйшых менскіх кавярняў.

Папулярная яна была найперш у літаратурных колах. Побач месьцілася рэдакцыя «ЛіМа», у малым памяшканьні не было дзе прымаць аўтараў, а таму журналісты й рэдактары ішлі абмяркоўваць творы ў «Бярозку».

Крама «Каравай»

Старыя менчукі памятаюць яе яшчэ звычайнай хлебнай крамай. Супрацоўнікі «ЛіМа» бегалі зь «Бярозкі» сюды праз дарогу па сьвежую выпечку і каву, якую ў «Караваі» падаюць і сёньня, пасьля рэканструкцыі.

Крама «Акіян»

На рагу вуліцы Казлова і праспэкта Незалежнасьці — старая рыбная крама «Акіян», аздобленая ўнутры мэталічнай «луской». У адрозьненьне ад крамы «Рыба» на вуліцы Карла Маркса, «Акіян» перажыў усе зьмены рэжымаў і дагэтуль спэцыялізуецца на рыбе.

Ня выжыў, аднак, рыбны рэстаран «Брыгантына», што стаяў побач з «Акіянам».

Крама «Лянок»

Калісьці «Лянок» быў тыповай крамай, дзе менчукі набывалі тканіну. Зь цягам часу шыць сабе адзежу людзі сталі ўсё менш, а таму «Лянок» перапрафіляваўся пад краму, дзе тканіну па-ранейшаму прадаюць, але найбольш прапануюць сувэніры, вырабы зь лёну і саломкі.

Крама «Прырода»

Яшчэ адна культавая крама, да якой доўгі час ставіліся як да маленькага заапарку. Сюды прыходзілі ня толькі каб набыць корм, ачышчальнікі й фільтры для акварыюмаў, але й проста паглядзець на хамякоў, папугаяў і рыбак.

За савецкім часам гэта была адзіная крама ў Беларусі, дзе можна было купіць жывы корм для рыб — чарвякоў, матылёў ці карэтру.

Крама «1000 дробязяў»

Амаль побач з «Прыродай» — яшчэ адзін помнік савецкага гандлю, крама «1000 дробязяў». Няясна, ці пратрымаецца яна доўга, бо вядомую краму на Юбілейнай плошчы «Тэхніка ў быце», якая працавала паўстагодзьдзя, вось ужо колькі год як замяніла мэблевая крама. А па драты, пруткі, лямпачкі й батарэйкі ўжо даводзіцца хадзіць у гіпэрмаркеты.

Харэўскі: Гэта не дэсаветызацыя, а захоп нашай спадчыны

Пад «дэсаветызацыю» ўжо трапілі шмат якія культавыя месцы Менску. Зьніклі бары «Пінгвін», «Паляўнічы», «Патсдам», малочны бар.

Сяргей Харэўскі

Сяргей Харэўскі

— Гэта не дэсаветызацыя, а захоп нашай агульнай маёмасьці, страта нашага агульнага здабытку, — сказаў Свабодзе культуроляг Сяргей Харэўскі. — Прадаюцца патаемна, незразумела каму, ніхто нас ня ставіць у вядомасьць, калі гэта адбываецца. Мы ня чуем ні пра тэндэры, ні пра конкурсы.

У гэтых месцах я ня бачу ніякай савецкасьці. Савецкасьць я бачу ў помніках Леніну, Калініну, сярпах і молатах, у нашым гербе. А што савецкага ў краме «Рыба», дзе на сьценах у 1940-я былі намаляваны рыбы? Ці ў малочным бары, дзе былі прыгожыя, зробленыя зь медзі, галовы кароў?

Уладзіслаў Сыракомля яшчэ ў 1858 годзе пісаў, што ў Менску, нібы наўмысна, сьціраюцца ўсе рысы мінулага. І Менск неяк фатальна ня цэніць сваю гісторыю. У нашым выпадку не спрацоўвае тэма, што прыехалі зь вёскі й нічога ня цэняць. Няпраўда, у Менску за 70 гадоў нарадзіліся тры пакаленьні. Ужо так робяць менчукі, як на прыкладзе кавярні «Стары Менск», якая так палюбілася гараджанам. Сам зрабіў і сам перарабіў.

Хацелася б, каб гэтыя знакі неяк заставаліся. Стратэгічна мы будуем капіталізм, і нікуды ад гэтага мы не падзенемся. Многім уласьнікам найперш трэба грошы, а не атмасфэрнасьць. Але хацелася б, каб, наколькі магчыма, гэта рабілася справядліва. Каб мелі права голасу жыхары дома, каб зь імі абмяркоўвалі зьмены.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG