Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Польшчы вінаваціць расейскі бок у страце гістарычнай памяці і цынізме


Фрагмэнт помніка генэралу арміі Чарняхоўскаму, дэмантаванага ў Польшчы
Фрагмэнт помніка генэралу арміі Чарняхоўскаму, дэмантаванага ў Польшчы

МЗС Польшчы: пасьля ўваходжаньня Чырвонай Арміі на польскія землі генэрал Чарняхоўскі супольна з НКУС прымаў удзел у падступных арыштах мясцовых камандзіраў Арміі Краёвай

Міністэрства замежных спраў Польшчы рэзка скрытыкавала заявы пасла РФ у Варшаве і міністэрства абароны Расеі, якія тычацца зносу помніка генэралу Івану Чарняхоўскаму ў польскім горадзе Пяненжна.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода Аляксей Дзікавіцкі, у заяве МЗС Польшчы гаворыцца: «Асабліва недапушчальнымі і абсалютна беспадстаўнымі лічым сьцьвярджэньні аб гістарычнай амнэзіі, на якую як быццам бы хварэюць польскія ўлады, а таксама аб падрыхтоўцы глебы для адраджэньня нацызму, якія прагучалі 17 верасьня, у дзень, калі палякі адзначаюць 76-ю гадавіну нападу СССР на Польшчу. Гэты напад быў учынены на аснове тайнага пратаколу паміж уладамі двух таталітарных рэжымаў — Савецкага Саюзу і гітлераўскай Нямеччыны. Настойлівае ігнараваньне гэтага неаспрэчнага факту расейскім бокам мы лічым хранічным выпадкам гістарычнай амнэзіі і праявай крайняга цынізму».

У дакумэнце адзначаецца, што расейскі бок быў падрабязна паінфармаваны аб працэдуры ліквідацыі помніка генэралу Івану Чарняхоўскаму, якая працягваецца ўжо некалькі гадоў. Дзейная дамова паміж урадам Польшчы і Расеі пра магілы і месцы памяці ахвяр войнаў і рэпрэсій ад 22 лютага 1994 г. ня мае дачыненьня да сымбалічных помнікаў. Рашэньні ў такіх сытуацыях прымаюць у Польшчы улады на месцах.

«Не аспрэчваючы ролі генэрала Івана Чарняхоўскага ў барацьбе з III Райхам, ня варта забываць, што ён быў адказны і браў актыўны ўдзел у ліквідацыі польскага падпольля, якое змагалася за незалежнасьць — Арміі Краёвай. Пасьля ўваходжаньня Чырвонай Арміі на польскія землі генэрал Чарняхоўскі супольна з НКУС браў удзел у падступных арыштах мясцовых камандзіраў Арміі Краёвай. Частка зь іх былі таемна расстраляныя», — гаворыцца ў заяве МЗС Польшчы.

Раней амбасада Расеі ў Варшаве выступіла з заявай у сувязі са зносам помніка Івану Чарняхоўскаму, у якой прыгразіла Польшчы самымі сур’ёзнымі наступствамі.

Знос мэмарыялу генэрала Івана Чарняхоўскага пачаўся 17 верасьня ў горадзе Пяненжна на поўначы Польшчы, дзе ён памёр ад ран у 1945 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG