Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хроніка бягучых падзей»: у Расеі 217 палітвязьняў


Алег Сянцоў у судзе.

Алег Сянцоў у судзе.

Выданьне «Хроніка бягучых падзей» апублікавала на днях свой чарговы сьпіс палітычных зьняволеных у Расеі, у якім пазначаны імёны 217 чалавек. У папярэднім сьпісе, апублікаваным у сакавіку, было 181 прозьвішча.

Параўноўваючы новыя дадзеныя з папярэднімі, аўтары «Хронікі» паказваюць на «значнае ўзмацненьне тэмпу рэпрэсій». З улікам асоб, выключаных са сьпісу па розных прычынах, за апошнія пяць месяцаў новымі абвінавачанымі па палітычных справах стаў 61 чалавек. Гэта паказвае, што кожны месяц у сярэднім 12 чалавек становяцца фігурантамі новых палітычных справаў, адзначае выданьне.

Аўтары Хронікі лічаць, што рост колькасці палітвязняў адбыўся, у першую чаргу, за кошт рэпрэсій супраць грамадзянаў іншых дзяржаваў. Сярод іх пазначаныя прысуджаны да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму ўкраінскі рэжысёр Алег Сянцоў, актывіст Эвромайдану Аляксандр Кастэнка, чыю справу разглядаў суд у Сімфэропалі, украінская лётчыца Надзея Саўчанка, асуджаны па абвінавачваньні ў шпіянажы грамадзянін Эстоніі Эстан Кохвэр.

Складальнікі сьпісу тлумачаць, што ў ім пазначаны асобы, якія знаходзяцца пад сьледзтвам у СІЗА або пад хатнім арыштам, якія адбываюць пакараньне ў калёніі ці ў калёніях і калёніях-паселішчах, а таксама ўмоўна асуджаныя. У пералік патрапілі апазыцыянеры, актывісты недзяржаўных арганізацый і экалягічных групаў, блогеры і людзі, якія выказвалі сваю падтрымку ўкраінскаму Эўрамайдану.

«Хроніка бягучых падзей» (Хроника текущих событий) — першы ў СССР непадцэнзурны праваабарончы інфармацыйны бюлетэнь. Распаўсюджваўся ў самвыдаце ў 1968-1983 гг . У Расеі сёлета пачалося выданьне новай «Хронікі бягучых падзей».

XS
SM
MD
LG