Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне Макей гаворыць па-беларуску


У рамках рабочага візыту ва Ўкраіну міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей правёў сёньня ў Адэсе перамовы з кіраўніком Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Міхаілам Саакашвілі. Пра гэта паведаміў на сваім сайце МЗС Беларусі. У сустрэчы ўзялі таксама ўдзел міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін і дарадца прэзыдэнта Ўкраіны Руслан Дземчанка.

Паводле МЗС Беларусі, падчас сустрэчы «бакі абмеркавалі прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва і ролю рэгіёнаў у разьвіцьці беларуска-украінскага дыялёгу, пэрспэктывы ўзаемадзеяньня ў сфэры лягістыкі і транспарту, а таксама разгледзелі магчымасьці нарошчваньня транзыту беларускіх тавараў па тэрыторыі Ўкраіны».

​Варта нагадаць, што Міхаіл Саакашвілі — гэта палітык, які з часоў расейска-грузінскай вайны выклікае велізарнае раздражненьне Крамля. У апошнія гады свайго прэзыдэнцтва ён нярэдка выступаў адвакатам беларускіх уладаў на Захадзе. Падчас сёлетняга візыту ў Грузію Аляксандар Лукашэнка сказаў, зьвяртаючыся да прэзыдэнта Георгія Маргвелашвілі: «Я ўдзячны і былому прэзыдэнту, і вам за тое, што вы ўсюды на Захадзе нас падтрымлівалі і падтрымліваеце».

Міністар замежных справаў Украіны Павал Клімкін паведаміў у Твітэры, што гаварыў з Уладзімерам Макеем па-украінску, а той зь ім па-беларуску, і ніякіх непаразуменьняў не ўзьнікала.

Прэзыдэнт краіны Пятро Парашэнка, які сустракаўся з Уладзімерам Макеем напярэдадні, лічыць, што беларуска-украінскія адносіны перажываюць добрыя часы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG