Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня можа быць шчырым сябрам Украіны, — кіеўскі палітоляг


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей правялі перамовы ў Кіеве. Кіеў, 12 жніўня 2015 году

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей правялі перамовы ў Кіеве. Кіеў, 12 жніўня 2015 году

Пяцідзённы візыт кіраўніка МЗС Беларусі Ўладзімера Макея ва Ўкраіну ацэньваюць экспэрты з Кіева і Менску.

«Калі ўявіць, што на выбарах 11 кастрычніка пераможа апазыцыйны кандыдат, на другі дзень у Беларусь зойдуць расейскія войскі. Кіеў выдатна разумее залежнасьць Лукашэнкі ад Крамля, нягледзячы на дыпляматычную гульню, якую краіны вядуць паміж сабой», — заявіў Свабодзе кіеўскі экспэрт Віктар Каспрук, камэнтуючы візыт міністра замежных спраў Беларусі ва Ўкраіну.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей у рамках 5-дзённага візыту ва Ўкраіну правёў 12 жніўня сустрэчу з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Па выніках сустрэчы Пятро Парашэнка адзначыў:

«Украінска-беларускія адносіны перажываюць добрыя часы, і мы цэнім дасягнуты ўзровень узаемадзеяньня паміж нашымі краінамі».

Парашэнка падзякаваў Беларусі за падтрымку сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, а таксама за перамоўную пляцоўку для Трохбаковай кантактнай групы і яе падгрупаў дзеля дээскаляцыі сытуацыі на Данбасе.

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук адзначае: такія заявы ўкраінскага лідэра ня сьведчаць пра тое, што Беларусь лічаць шчырай у палітычных заявах:

Віктар Каспрук

Віктар Каспрук

«У вялікай палітыцы ня можа быць сяброў, а могуць быць толькі інтарэсы. Украіна трапіла ў вельмі сур’ёзную і безвыходную сытуацыю, калі нават дыктатарскі рэжым, які ёсьць у Беларусі, можа працаваць на карысьць Украіны. Відавочна, што ня толькі ў Беларусі крытычна ўспрымаюць такія „братаньні“ Парашэнкі з прадстаўніком дыктатара Лукашэнкі — вялікая частка людзей ва Ўкраіне таксама разумее, што Лукашэнка ня можа быць сябрам Украіне, бо ён на 100% „завязаны“ на Расею, на яе рэсурсы».

Кіеўскі палітоляг лічыць, што ў выпадку зьмены беларускага прэзыдэнта на прадстаўніка апазыцыі Крэмль анэксуе Беларусь, як тое адбылося з Крымам:

«Калі ўявіць, што 11 кастрычніка ў Беларусі пераможа не Лукашэнка, а апазыцыйны кандыдат, на другі дзень у Беларусь зойдуць расейскія войскі. Як мы можам гаварыць пра самастойную палітыку Беларусі, калі ў вас расейскія вайсковыя базы, а сам Лукашэнка моцна залежыць ад паставак расейскага газу, нафты і грашовых крэдытаў? У Кіеве разумеюць, што маюць справу з прэзыдэнтам — марыянэткаю Расеі, з чалавекам, які ня ёсьць незалежным у сваіх дзеяньнях. Лукашэнка намагаецца імітаваць, а не рэалізоўваць нейкую незалежную палітыку адносна ня толькі Ўкраіны, але і Эўрапейскага Зьвязу. Відавочна, што Лукашэнка шукае сабе нейкі пляцдарм для адступленьня на выпадак, калі рэжым Пуціна зрынецца. Калі такое адбудзецца, то Лукашэнка таксама не ўтрымае сваю ўладу. Таму яму трэба праводзіць нейкія кулюарныя дамоўленасьці з Захадам. Тут можа прыдацца Ўкраіна, якая мае добрыя стасункі з Захадам».

У межах візыту ва Ўкраіну кіраўнік дыпляматычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей наведае Адэсу, дзе чакаецца яго сустрэча з губэрнатарам Адэскай вобласьці Міхаілам Саакашвілі. Віктар Каспрук адзначае, што гэты палітык адзначаецца жорсткай пазыцыяй што да рэжыму ў Беларусі, аднак агучваць яе ня будзе:

«Бачаньне прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і губэрнатара Адэскай вобласьці Міхаіла Саакашвілі можа супасьці што да візыту міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея, які сёньня кіруецца ў Адэсу. Чаму? Справа ў тым, што яны абодва скончылі факультэт міжнародных адносінаў Кіеўскага ўнівэрсытэту. Яны прайшлі адну школу дэмакратычных падыходаў у дыпляматыі. Таму цяпер, нават пры ўсёй сваёй рэзкасьці і відавочнасьці нэгатыўнага стаўленьня да беларускага дыктатара, Саакашвілі павязаны адной камандай з прэзыдэнтам Парашэнкам і ня будзе рабіць яўна рэзкіх заяваў, якія б ішлі ў дысананс з агульнай афіцыйнай пазыцыяй».

Беларускі палітоляг Павал Вусаў лічыць, што дыпляматычная гульня Беларусі з Украінай будзе весьціся да таго часу, пакуль з Масквы не прагучаць крытычныя заявы:

Павал Вусаў

Павал Вусаў

«Гэта гульня крывадушша. Кіеў разумее, што пазыцыя Беларусі — выключна на словах, а Менск разумее, што ў Кіеве ведаюць пра яго няшчырасьць. Лукашэнка гуляе на супярэчнасьцях паміж Расеяй і Ўкраінай, шукаючы выгады для сябе ў гэтым канфлікце. Усё гэта выключна палітычныя гульні, якія ня маюць рэальнага геапалітычнага вымярэньня. Зразумела ўсім: пакуль такая гульня востра не супярэчыць інтарэсам Масквы, Лукашэнка мае магчымасьць яе весьці, але як толькі Масква пачынае патрабаваць больш сур’ёзных крокаў ці заяваў ад Беларусі, то афіцыйны Менск такія заявы і крокі робіць. Гучала неаднакроць, што Расея застаецца галоўным хаўрусьнікам і што Ўкраіна сама вінаватая ў тым, што адбываецца на яе ўсходзе. Фактычна атрымліваецца так, што Лукашэнка кажа тое, што ад яго хоча пачуць той ці іншы бок. Ён даўно гэтаму навучыўся. Але гэта ня мае сур’ёзнага геапалітычнага вымярэньня».

На думку экспэрта, весьці дыпляматычную гульню з Украінай Беларусь мусіць дзеля пошуку новых рынкаў збыту — тут Украіна можа быць адным з найважнейшых партнэраў:

«Украіна — важны эканамічны партнэр Беларусі. Разумеючы вельмі кепскую і крызісную сытуацыю ў самой Беларусі, Менск шукае новыя рынкі для гандлю, нават не зважаючы на магчымыя крытычныя позіркі з боку Масквы. Але гэтыя дыпляматычныя гульні ніяк не ўплываюць на працэс паглыбленьня інтэграцыі Беларусі ў Расею. Я думаю, што Масква неўзабаве будзе патрабаваць ад Менску больш сур’ёзных палітычных крокаў для пашырэньня эўразійскай інтэграцыі».

XS
SM
MD
LG